Акафіст святамучаніку Мікалаю Чарнецкаму

- . Апублікавана ў Акафісты

Кандак 1

Непераможнага Уладара вызнаўца і свяціцель, * дзівосны цудатворца, ойча наш Мікалаю, * хвалебныя спевы ўзносім табе з любоўю і верай як малельніку і заступніку нашаму, * а ты, маючы мужнасць перад Госпадам, * ад усіх бед і напасцяў малітвамі тваімі вызвалі нас, якія спяваем табе:

Радуйся, сьвятамучаніку Мікалаю, Хрыстовы падзвіжніку!

Ікас 1

Анёльскае жыццё пражыў ты ў свеце, свяціцелю Мікалаю, праведнасцю, міласэрнасцю, чысцінёй і пакорай Бога праслаўляючы, за веру Хрыстовую ад багаборцаў цяжка пацярпеў ты, цяпер жа, стоячы перад пасадам Гасподнім, не пераставай маліцца за нас, якія спяваем табе:

Радуйся, Найсвяцейшай Тройцы верны служыцелю,

Радуйся, Гасподняю ласкаю ўпрыгожаны,

Радуйся, пастыру добры статку духоўнага,

Радуйся, упрыгожаны чыстаю вераю,

Радуйся, бо з дзяцінства ўсім сэрцам палюбіў ты Госпада,

Радуйся, бо з юнацтва ты вырашыў аддана служыць Яму,

Радуйся, бо прынёс ты сябе ў ахвяру цэлапальную,

Радуйся, бо людзей прасвятліў ты жыццём сваім,

Радуйся, непахісны слупе пабожнасці,

Радуйся, руплівы захавальніку веры Хрыстовай,

Радуйся, у радасці твайго Бога і Госпада,

Радуйся і маліся, каб усе мы былі збаўленыя,

Радуйся, святамучаніку Мікалаю, Хрыстовы падзвіжніку!

Кандак 2

Убачыўшы чыстую прыгажосць душы тваёй, ойча Мікалаю, скіраваў Творца думкі твае на пошук адзінага, што патрэбна, ты ж, заклік Божы прыняўшы ў чыстае сэрца, яшчэ з юных гадоў заўсёды спяваў Яму: Алілуя.

Ікас 2

Таямніцы незразумелыя спасцігнуць жадаючы, з юнацтва душу ты напаўняў салодкай стравай пісанняў Божых; каб разуменне паглыбіць, на вучобу да Рыму паехаў ты, і, старанна навучаючыся там, стаў ты верным выканаўцам запаведзяў Хрыстовых, таму мы, бласлаўляючы цябе, спяваем:

Радуйся, таямніцаў, у Законе Божым схаваных, даследчыку мудры,

Радуйся, бо ўсе парывы душы тваёй скіраваў ты да Бога,

Радуйся, вучню добры Хрыста Настаўніка,

Радуйся, бо ў любові Божай умацаваў ты сэрца сваё,

Радуйся, бо адкінуў ты ўсе спакусы маладосьці,

Радуйся, бо з юнацтва пазнаў ты солад страху Божага;

Радуйся, бо ў сэрцы нястомна насіў ты Хрыста Госпада,

Радуйся, бо твае вочы былі адкрытыя на ўсё нябеснае,

Радуйся, у навучанні старанны,

Радуйся, у працы нястомны,

Радуйся, вобразе цярплівасці,

Радуйся, прыкладзе руплівасці,

Радуйся, святамучаніку Мікалаю, Хрыстовы падзвіжніку!

Кандак 3

Сіла Усявышняга ацяніла цябе, блаславёны ойча Мікалаю, калі, вярнуўшыся ненадоўга на Радзіму сваю, атрымаў ты святарскія свячанні і, ласкай акрылены, вярнуўся ты ў сталіцу святога Пятра, удзячна спяваючы Богу: Алілуя.

Ікас 3

Маючы вусны, мудрасці Божай поўныя, ойча Мікалаю, словам і прыкладам навучаў ты будучых пастыраў статку Хрыстовага і адначасова быў ты для іх духоўным айцом і правадніком на дарозе святасці, настаўляючы іх быць непахіснымі ў веры праўдзівай, таму мы табе разам з імі спяваем:

Радуйся, наш мудры настаўніку,

Радуйся, красою Духа Святога аздоблены,

Радуйся, вучыцелю пабожнасці,

Радуйся, свяцільнік багаслоўя светлы,

Радуйся, наш ойча духоўны ціхмяны,

Радуйся, бо цярпліва прымаеш ты ўсе нашыя немачы,

Радуйся, бо ты вучыш нас змагацца са спакусамі,

Радуйся, бо на дарогу пакаяння ты нас скіроўваеш,

Радуйся, бо перамагаць у Хрысце навучаеш ты нас,

Радуйся, бо ты вучыш за ўсё Богу дзякаваць,

Радуйся, бо ніву сэрцаў нашых любоўю ты ўзорваеш,

Радуйся, бо прынясе яна ўраджай стакротны,

Радуйся, святамучаніку Мікалаю, Хрыстовы падзвіжніку!

Кандак 4

Убачыўшы буру спакусаў, якая бушуе ў моры жыцця, запрагнуў ты, ойча Мікалаю, жыцця манаскага, таму падаўся ты ў супольнасць дабравеснікаў шчодрага адкуплення, каб там навучыцца жыцця супольнага і разам з братамі спяваць Богу: Алілуя.

Ікас 4

Пачуўшы, што зямля Валыні прагне Божага Слова, па волі Царквы Хрыстовай спяшаўся ты, ойча Мікалаю, дабравесціць народу збаўленне ў Госпадзе; там заснаваў ты манастыр і царкву, там працаваў ты на славу Божую, руплівасцю сваёй для Бога душы здабываў ты, таму мы табе за гэта спяваем:

Радуйся, пахвала светлая жыцця манаскага,

Радуйся, спадкаемца старажытных славутых падзвіжнікаў,

Радуйся, упрыгожаны лагоднасцю,

Радуйся, пакораю ўвенчаны,

Радуйся, годны служыцелю Хрыстовых таінстваў,

Радуйся, духмянае кадзіла малітвы,

Радуйся, ахоўніку традыцый апостальскіх,

Радуйся, абаронца чысціні бацькаўскай веры,

Радуйся, нястомны працаўніку на ніве Хрыстовай,

Радуйся, рупліўча ў вінаградніку Божым,

Радуйся, бо ўсе цябе з любоўю ўшаноўваюць,

Радуйся, бо ты дарогу да Валадарства Нябеснага паказваеш,

Радуйся, святамучаніку Мікалаю, Хрыстовы падзвіжніку!

Кандак 5

Пуцяводнай зоркай з'явіўся ты, блаславёны ойча Мікалаю, для тых, хто прагне перайсці ад грахоўнай цемры да Сонца Праўды, выразна паказваючы ім шлях збаўлення і вучачы дастойна спяваць Госпаду: Алілуя.

Ікас 5

Калі яўнаю стала руплівая праца твая на ніве Гасподняй, іераманаша Мікалаю, ты быў удастоены біскупскіх свячанняў, і ўжо як архіпастыр працягваў ты засяваць слова Божае ў сэрцах людзей, таму мы спяваем табе:

Радуйся, дастойны пахвалы свяціцелю Мікалаю,

Радуйся, архіярэю і добры настаўніку,

Радуйся, паствы валынскай і палескай свяціла найсвятлейшае,

Радуйся, Евангелля Хрыстовага дабравесніку,

Радуйся, бо вера Хрыстова табою ўмацоўваецца,

Радуйся, бо ты сваім жыццём вучыш слухацца адзінага Госпада,

Радуйся, бо ты сэрцы верных прасвятляеш,

Радуйся, бо Хрыстос Адкупіцель у табе праслаўляецца,

Радуйся, рупліўча вялікі пабожнасці,

Радуйся, каштоўны каменю зямлі нашай,

Радуйся, перад пасадам Усявышняга,

Радуйся і маліся, каб грахі нашы былі нам прабачаныя,

Радуйся, святамучаніку Мікалаю, Хрыстовы падзвіжніку!

Кандак 6

Выконваючы высокі абавязак біскупскі, ты заклікаў усіх да пакаяння, ойча Мікалаю, усіх у пабожнасці і веры ўмацоўваў ты і навучаў з любоўю спяваць Хрысту: Алілуя.

Ікас 6

Прасвятліў ты святлом Хрыстовым зямлю валынскую і палескую, свяціцелю Мікалаю, пакорай, ціхмянасцю і бескарыслівасцю да вялікага свяціцеля і цудатворцы Мікалая з Мір Лікійскіх стаўшы падобным, усім дапамагчы жадаючы, усіх прытуліць і суцешыць, таму мы табе спяваем:

Радуйся, годны паслядоўніку свяціцеля Мірлікійскага,

Радуйся, настаўніку на шляху збаўлення,

Радуйся, суцяшэнне знявераных,

Радуйся, выпраўленне ўсіх грэшнікаў,

Радуйся, дапамога бездапаможным,

Радуйся, сіротаў заступніку,

Радуйся, удоваў міласэрны карміцелю,

Радуйся, прытулку пакрыўджаных і пераследаваных,

Радуйся, глыбіня пакорнай мудрасці,

Радуйся, вышыня багаслоўя,

Радуйся, цудоўная сіла малітвы,

Радуйся, вобраз светлы лагоднасці,

Радуйся, святамучаніку Мікалаю, Хрыстовы падзвіжніку!

Кандак 7

Жадаючы знішчыць веру Хрыстовую і Царкву святую, вораг чалавечага роду прывёў уладу бязбожную на землі нашыя, і пераследваць пачалі пастыраў Хрыстовага статку, каб не вучылі людзей спяваць Богу: Алілуя.

Ікас 7

Новымі багаборцамі гнаны, прыбыў ты ў горад Лева, блаславёны ойча, у манастырскай абіцелі пасяліўся ты, каб пакорліва прасіць у Бога абароны для Бацькаўшчыны ад ворагаў бачных і нябачных, мы ж табе спяваем:

Радуйся, блаславёны ойча Мікалаю,

Радуйся, статку Хрыстовага ад драпежных ваўкоў добрая абарона,

Радуйся, гарачы да Бога малельніку,

Радуйся, вялікіх свяціцеляў годны спадкаемца,

Радуйся, зорка, што праз цемру ззяе,

Радуйся, бо статку свайго ў часы лютыя не пакінуў ты,

Радуйся, бо ты заўсёды ўзносіў свой розум да Госпада,

Радуйся, бо ты па-над усё палюбіў славу нябесную,

Радуйся, бо ты заўсёды вучыў людзей жыцця дабрадзейнага,

Радуйся, бо ты праводзіў душы да Госпада,

Радуйся, сёння ў райскіх абіцелях,

Радуйся і маліся за нас Уладару Нябеснаму,

Радуйся, святамучаніку Мікалаю, Хрыстовы падзвіжніку!

Кандак 8

Таямніцаў божых пазнанне атрымаўшы, стаў ты, слаўны Мікалаю, мудрым настаўнікам для будучых пастыраў Царквы Хрыстовай. Сваімі павучэннямі праводзіў ты іх на глыбіні багаслоўя, каб вера Гасподніх служыцеляў была непахіснай і каб яны з разуменнем спявалі Богу: Алілуя.

Ікас 8

Увесь на зямлі быў ты, але прабываў па-над светам, Мікалаю ўсяхвальны, заўсёды хадзіў перад Богам, ва ўсім ты Госпада слухаў, таму, бачачы ў табе чалавека нябеснага, спяваем табе:

Радуйся, ойча Мікалаю, патайніку рэчаў невымоўных,

Радуйся, мудры вучыцелю хрысціянскай дасканаласці,

Радуйся, добры настаўніку ў барацьбе духоўнай,

Радуйся, верны правадніку на шляху да Госпада,

Радуйся, скарбніца, поўная дабрадзейнасцяў,

Радуйся, каштоўнае ўпрыгожанне Царквы Хрыстовай,

Радуйся, лесвіца, якая вядзе да вяршыняў жыцця духоўнага,

Радуйся, суразмоўца анёлаў,

Радуйся, бо ты сабраў, нібы пярліны, мудрасць кніжную,

Радуйся, бо адкрываеш вучням сваім скарбы мудрасці Божай,

Радуйся, бо ты найлепшым чынам навучаеш прыкладам жыцця свайго,

Радуйся, бо ты паказваеш нам прыгажосць і веліч чалавека, з Творцам злучанага,

Радуйся, святамучаніку Мікалаю, Хрыстовы падзвіжніку!

Кандак 9

Усе сілы зла паўсталі супраць Хрыстовай Царквы, святыя храмы бязбожнікі апаганілі, люд верны разам з пастырамі катавалі ў турмах і высылках. Але не змаглі адолець моц нябесную, якая дзейнічала ў немачы слугаў Божых, якія пасярод гора і пакутаў не пераставалі спяваць Богу: Алілуя.

Ікас 9

Прамоўцы красамоўныя распавесці няздольныя, якія мукі ты выцерпеў за Хрыста, Мікалаю, зняволенне і допыты, пабоі і абразы зносіў ты пакорліва, узброіўшыся ласкаю Духа Святога; перад уладарамі і мучыцелямі адважна сведчыў ты пра Дабравесце Хрыстовае, жадаючы ўсіх прывесці да пазнання Ісціны, таму мы спяваем табе:

Радуйся, Мікалаю, слаўны Хрыстовы свяціцелю,

Радуйся, бо ты цярпеў за Госпада,

Радуйся, бо за веру Хрыстовую ты быў зняволены,

Радуйся, бо за праўду святую з цябе здзекаваліся,

Радуйся, бо ты знёс жахлівыя допыты,

Радуйся, бо прымаў ты пабоі і здзекі лютыя,

Радуйся, бо катаванні мужна перанёс ты,

Радуйся, бо ты захаваў чысціню сэрца свайго,

Радуйся, ганьба лукавага ворага,

Радуйся, слава Хрыста Госпада,

Радуйся, вянцом перамогі ўвянчаны,

Радуйся, да ліку святых залічаны,

Радуйся, святамучаніку Мікалаю, Хрыстовы падзвіжніку!

Кандак 10

Жадаючы збавіць шматлікіх вязняў, ойча Мікалаю, міласэрны Госпад даў ім цябе, бо ты заўсёды знаходзіў для іх слова суцяшэння і заспакаення, сам цяжка пакутуючы, навучаў ты ўсіх спяваць Богу: Алілуя.

Ікас 10

Абаронай і падтрымкай для ўсіх пакрыўджаных і зняволеных быў ты, свяціцелю Хрыстовы Мікалаю, цемру турмы святлом сваёй веры асвятляў ты, з людзьмі знядоленымі супольна цярпеў ты, вучачы ўсіх пакутаваць з Госпадам, таму мы спяваем табе:

Радуйся, ойча Мікалаю, наш дружа і суцяшальніку,

Радуйся, бо ўсе прыходзяць да цябе ў адчаі,

Радуйся, бо ты паказваеш прыклад, як цярпець і маліцца,

Радуйся, бо любоў Хрыстовую паказваеш ты,

Радуйся, бо ты вучыш нас баяцца адзінага Бога,

Радуйся, бо ты прадстаўляеш нам вобраз нявіннасці,

Радуйся, бо заўсёды даеш параду багамудрую,

Радуйся, бо сэрцы нашыя непахіснай верай прасвятляеш,

Радуйся, бо на цябе гледзячы, мы знаходзім надзею,

Радуйся, бо ў табе мы пазнаем вобраз Збавіцеля,

Радуйся, бо мы ўсе цябе шануем і любім,

Радуйся, бо за цябе мы малітвы падзячныя пасылаем Богу,

Радуйся, святамучаніку Мікалаю, Хрыстовы падзвіжніку!

Кандак 11

Спяваючы хвалебную песню Усявышняму, ты вярнуўся з выгнання ў старажытны Львоў, Мікалаю блаславёны, цяжка хворы, пакутамі лютымі знясілены, да апошняга ўздыху нёс ты цяжкі крыж архіпастыра пераследаванай Царквы, спяваючы Богу: Алілуя.

Ікас 11

Добрай барацьбой ты змагаўся, святамучаніку Мікалаю, прынёсшы Богу ахвяру шчырую са свайго жыцця, светла і свята адышоў ты ў вечнасць, наш пастыру добры, у дні, калі Царква рыхтавалася да сузірання Святога Крыжа, каб годна сустрэць святое Уваскрасенне Гасподняе, ты да Дому Айца адыйшоў, і тварам у твар убачыў Хрыста Збавіцеля, і вянец перамогі прыняў ты ад Яго, мы ж спяваем табе:

Радуйся, Мікалаю, слаўны Божы ўгодніку,

Радуйся, бо ты пераможна пераплыў мора жыццёвае,

Радуйся, верны служыцелю Хрыстовы да ўздыху апошняга,

Радуйся, бо ўсё жыццё з любоўю служыў ты людзям і Богу,

Радуйся, бо слаўны канец твой напоўнены святасцю,

Радуйся, бо з Хрыстом Богам назаўсёды ты злучаны,

Радуйся, спадкаемца Валадарства Нябеснага,

Радуйся, вянцом славы ўвенчаны,

Радуйся, бо ты і сёння горача за нас молішся,

Радуйся, бо і сёння ты за нас заступаешся,

Радуйся, суразмоўца анёлаў,

Радуйся, сужыцель сілаў нябесных,

Радуйся, святамучаніку Мікалаю, Хрыстовы падзвіжніку!

Кандак 12

Ты атрымаў ласку рабіць цуды, блаславёны Мікалаю, за багацце любові тваёй да Хрыста Госпада, Які паказаў цябе як крыніцу ацаленняў, якая шчодра аздараўляе немачы душэўныя і цялесныя ўсім, хто прыходзіць да цябе з верай і спявае Богу: Алілуя.

Ікас 12

Апяваючы тваё слаўнае жыццё, блаславёны свяціцелю, мы ўзносім хвалу Трыадзінаму Богу, які падараваў нам цябе, добрага пастыра і шчырага заступніка, мы ж табе спяваем:

Радуйся, Мікалаю, слаўны архіярэю Гасподні,

Радуйся, слуга Усявышняга анёлам роўны,

Радуйся, у райскіх абіцелях праслаўлены,

Радуйся, Богам дадзены пакроў, якім вернікі пакрываюцца,

Радуйся, цудатворца дзівосны,

Радуйся, літасцівы лекару немачных,

Радуйся, ахова ад стрэлаў ворага лютага,

Радуйся, усіх у веры ўмацаванне,

Радуйся, настаўніку пакаяння шчырага,

Радуйся, ганьба лукавага,

Радуйся, краса свяціцеляў і сунаследніку пакутнікаў,

Радуйся, вянцом неўвядальным увенчаны,

Радуйся, святамучаніку Мікалаю, Хрыстовы падзвіжніку!

Кандак 13

О свяціцелю слаўны, ойча Мікалаю - дзівосны цудатворча! Прымі гэтае маленне наша і збаў нас ад усялякіх няшчасцяў, і захавай ад ворагаў бачных і нябачных і ад вечных мукаў вызвалі тых, хто пяе Богу: Алілуя.

МАЛІТВА

О вялікі ўгодніку Божы, слаўны цудатворча, блаславёны ойча Мікалаю! Ты малітвай трывалай, моцнай верай і ахвярнай любоўю ды чысцінёй сэрца яшчэ на зямлі ўчыніў сваю душу годным прыстанішчам Найсвяцейшай Тройцы; цяжкія мукі ад багаборцаў мужна выцерпеў ты і вянца нябеснай славы ўдастоіўся, ды ад нас духам сваёй любові не адступіў ты, і святыя свае мошчы, як посуд, поўны ласкі, пакінуў ты нам! Таму, маючы вялікую адвагу перад Усеміласцівым Уладаром, маліся за збаўленне душаў нашых, што з любоўю і даверам прыбягаем да Цябе, магутны наш заступніку і апякуне Хрыстовай Царквы! Выпрасі нам ва ўсяшчодрага Бога дар, які кожны з нас для дабра патрабуе, дзяржавы нашай умацаванне, свету ўціхаміранне, ад голаду і згубы вызваленне, ад уварвання чужынцаў абарону, засмучаным - суцяшэнне, хворым - аздараўленне, упалым - з упадку ўздыманне, заблукалым - на шлях ісціны і збаўлення вяртанне, падзвіжнікам - вытрымкі, дабрадзеям - у добрых справах поспех і блаславенне, дзецям і моладзі - у ласцы ўзрастанне, сіротам і ўдовам - заступніцтва, тым, хто адыходзіць з гэтага жыцця часовага - скону спакойнага, а тым, што адышлі - са святымі спачын, а ўсім нам на шляху збаўлення будзь правадніком нястомным у захаванні веры беззаганнай і завядзі нас да незгасальнага святла вечнага жыцця, каб мы яго ўдастоіліся малітвамі тваімі ды разам з табою праслаўлялі і ўзвялічвалі дзівоснага ў святых сваіх Бога - Айца і Сына, і Святога Духа цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Пераклад з украінскай мовы.

Каментары: