Вячэрня на сьвята Зыходу Сьвятога Духа

- . Апублікавана ў Часаслоў

Сьвятар, узяўшы эпітрахіль і фелон, адчыняе райскія дзьверы. Дыякан кадзіць, а сьвятар стаіць перад прастолам. Пасьля каджэньня дыякан выходзіць, становіцца перад райскімі дзьвярыма: Устаньце! 

Сьвятар: Слава сьвятой і адзінасутнай, і жыватворчай, і неразьдзельнай Тройцы спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Прыйдзіце, паклонімся… (гл. далей)

Сьвятар зачыняе райскія дзьверы, скідае з сябе фелон і выходзіць у эпітрахілі перад райскімі дзьвярыма. Чытальнік пачынае чытаць уступны псалом 103. Падчас чытаньня сьвятар моліцца сьвяцільныя малітвы (гл. пасьля псалма).

Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага. 

Псалом 103

Блаславі, душа мая, Госпада: * Госпадзе, Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў!

Ты апрануўся ў хвалу і веліч, * ахутаўся сьвятлом, быццам плашчом,

расьцягнуў неба, быццам шацёр, * высокія харомы cвае пакрываеш водамі,

робіш хмары калясьніцаю сабе, * ходзіш на крылах ветру.

Ты робіш вятры пасланцамі сваімі * і слугамі сваімі – полымя агню.

Ты ўмацаваў зямлю на асновах яе: * не пахісьнецца павек вякоў.

Бездань, быццам вопратка, покрыва яе. * Воды над гарамі стануць:

ад пагрозы Тваёй яны назад пададуцца, * ад грому голасу Твайго задрыжаць.

Узыходзяць яны на горы і зыходзяць у даліны, * у месцы, якія Ты ім назначыў;

Ты ўстанавіў межы, якіх ім не перайсьці * і не вярнуцца, каб пакрыць зямлю.

Пасылаеш крыніцы ў яры: * пацякуць воды між гораў;

будуць піць з іх усе зьвяры палявыя, * аслы дзікія смагу сваю гасіць будуць.

Каля іх птушкі нябесныя будуць мець гнёзды свае: * між скалаў будзе чутны сьпеў іх.

З высокіх харомаў Тваіх навадняеш горы: * зямля напоўніцца плодам твораў Тваіх.

Ты вырошчваеш траву для жывёлы, * зельле на пажытак чалавеку, каб вырасьціць хлеб з зямлі,

і віно, што весяліць сэрца чалавека; * каб твар яго зьзяў ад алею, а хлеб хай сэрца чалавека ўмацоўвае.

Насыцяцца дрэвы нізінныя * – кедры лібанскія, што Ты іх насадзіў.

Там птушкі будуць мець гнёзды свае, * бусьлінае жыльлё ўзвысіцца над імі.

Горы высокія для дзікіх козаў, * шчыліны скалаў – сховішча для грызуноў.

Ты стварыў месяц, каб паказваў поры; * сонца ведае час захаду свайго.

Ты навёў цемру, і настала ноч, * падчас якое выходзяць усе зьвяры лясныя.

Львяняты рыкаюць, шукаючы здабычы, * просячы ў Бога спажывы сабе.

Узыдзе сонца, і яны зьбяруцца * і лягуць у логавах сваіх.

Выйдзе чалавек да справаў сваіх * і да работы сваёй да вечара.

Якія велічныя творы Твае, Госпадзе, Ты ўсё мудра стварыў! * Зямля поўная стварэньняў Тваіх.

Вось мора вялікае і прасторнае: * у ім безьліч стварэньняў, зьвяроў вялікіх і малых.

Караблі плаваюць там і вуж гэты, * якога Ты стварыў на пацеху сабе.

Усе яны чакаюць Цябе, * каб Ты даў ім спажыву ў свой час.

Ты ім дасі, і яны падбяруць; * расчыніш руку Тваю, і ўсе напоўняцца дабром.

Калі ж Ты адвернеш твар Твой ад іх, яны ўстрывожацца; * адымеш дух ад іх, і яны згібеюць, і ў пыл зноў вернуцца.

Пашлеш дух Твой, і яны ажывуць, * і Ты абновіш твар зямлі.

Няхай слава Гасподняя трывае давеку, * хай Госпад цешыцца з твораў сваіх.

Ён гляне на зямлю, і змушае яе трымцець, * дакранецца да гораў, і яны задымяць.

Праз усё жыцьцё маё буду сьпяваць Госпаду, * буду пяяць Богу майму, пакуль жыву.

Хай даспадобы будуць Яму разважаньні мае, * а я буду радавацца ў Госпадзе.

Няхай счэзнуць грэшнікі з зямлі * і няхай ня будзе больш нягоднікаў.

Блаславі, душа мая, Госпада! 

Сонца ведае час захаду свайго. * Ты навёў цемру, і настала ноч.

Якія велічныя творы Твае, Госпадзе, * Ты ўсё мудра стварыў!

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).

Сьвяцільныя малітвы 

Падчас чытаньня 103 псалму сьвятар, стоячы з непакрытай галавой перад райскімі дзьвярыма, ціха моліцца сьвяцільныя малітвы.

1. Госпадзе спагадлівы і міласьцівы, доўгацярплівы і шматміласьцівы, выслухай малітву нашую і пачуй голас маленьня нашага, дай нам знак спагады Тваёй, накіруй нас на шлях Твой, каб нам хадзіць у праўдзе Тваёй; напоўні радасьцю сэрцы нашыя, каб нам стаяць пабожна і з пакорлівасьцю перад імем Тваім сьвятым, бо Ты – вялікі і творыш цуды. Ты – Бог адзіны і няма падобнага між багамі да Цябе, Госпадзе: Ты моцны ў міласьці і добры ў моцы, здольны памагчы, суцешыць і збавіць усіх, што спадзяюцца на імя сьвятое Тваё.

Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

2. Госпадзе, у гневе Тваім не судзі нас і ў абурэньні Тваім не карай нас, але ўчыні з намі паводле міласьці Тваёй, Ты, што лечыш і ацаляеш душы нашыя. Накіруй нас да жаданага прыстанішча Твайго, прасьвятлі вочы сэрцаў нашых, каб нам пазнаць праўду Тваю; і дай нам рэшту гэтага дня і ўвесь час жыцьця нашага правесьці без граху і ў супакоі, малітвамі сьвятое Багародзіцы і ўсіх сьвятых.

Бо Твая ёсьць улада, і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

3. Госпадзе, Божа наш, успамяні нас грэшных і непатрэбных слугаў Тваіх, калі мы клічам імя сьвятое Тваё, якому пакланяемся; і не пасаром нас у спадзяваньні міласьці Тваёй, але даруй нам, Госпадзе, усё, што просім для нашага збаўленьня, і ўдастой любіць і баяцца Цябе ад усяго сэрца нашага, і чыніць ва ўсім волю Тваю.

Бо Ты – добры і чалавекалюбны Бог, і Табе ўзносім славу, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

4. Ты, якога ў несьціханых песьнях і няспынных усхваленьнях апяваюць сьвятыя сілы, напоўні вусны нашыя хвалою Тваёю, каб нам узьвялічваць імя Тваё сьвятое; і дай нам спадчыну і ўдзел з усімі, што праўдзіва баяцца Цябе і захоўваюць Твае запаветы, малітвамі сьвятое Багародзіцы і ўсіх сьвятых Тваіх.

Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

4*. (Гэтая малітва дадаецца да агульнага ліку паводле старажытнай традыцыі). Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа ўсемагутны, што ведаеш розум людскі і патрэбы нашыя нашмат лепш, чым мы толькі можам прасіць або разумець іх. Ты, чалавекалюбны Ўладару, добры ва ўсім, з вялікае спагады Тваёй удастой нас з непарасаромленым сумленьнем клікаць сьвятое імя Тваё: і ня ўвядзі нас у спакусу, але выбаў нас ад злога, і провідам Тваім учыні, каб усё было нам на карысьць.

Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

5. Госпадзе, Госпадзе, Ты ўсё трымаеш Тваёй усячыстай рукою, Ты доўгацярплівы да ўсіх нас і шкадуеш з прычыны нашай разбэшчанасьці; успомні пра спагаду Тваю і міласьць Тваю, наведай нас у дабрыні Тваёй і дай нам у рэшту гэтага дня пазьбегнуць розных падкопаў нячыстага, і захавай нашае жыцьцё ад напасьцяў, ласкаю ўсесьвятога Твайго Духа.

Міласьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з Якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

6. Божа вялікі і дзівосны, што невыказнай дабрынёю і багатым провідам кіруеш усім: Ты абдарыў нас зямнымі дабротамі і ўпэўніў нас у атрыманьні абяцанага валадарства тымі дабротамі, што нам дараваў. Ты даў нам у мінулую частку гэтага дня ўхіліцца ад усяго благога, дай і рэшту яго правесьці беззаганна перад сьвятою славаю Тваёю, славячы ў песьнях Цябе, адзінага добрага і чалавекалюбнага Бога нашага.

Бо Ты – Бог наш, і Табе ўзносім славу, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

7. Божа вялікі, найвышэйшы, адзіны, які маеш несьмяротнасьць і жывеш у недасяжным сьвятле! Ты ўсё стварэньне ў мудрасьці стварыў, аддзяліў сьвятло ад цемры, сонца ўстанавіў, каб днём кіравала, месяц і зоркі – ноччу. Ты ўдастоіў нас, грэшных, у гэтую гадзіну стаць перад Тваім абліччам з вызнаньнем і прынесьці Табе вячэрняе ўсхваленьне. Ты сам, Чалавекалюбча, учыні, каб гэтая нашая малітва ўзьнялася да Цябе, быццам кадзіла, і прымі яе як прыемную духмянасьць. Дай жа нам, каб гэты вечар і ноч, што неўзабаве настане, былі спакойнымі; апрані нас у зброю сьвятла, выбаў нас ад страху начнога і ад усялякай рэчы, што ў цемры блукае. Зрабі, каб наш сон, які Ты нам даў на ўмацаваньне ў немачах нашых, быў вольным ад усялякага д’ябальскага насланьня. Так, Уладару ўсяго, дабротаў Падаўча, дай каб мы і на ложках нашых са скрухаю ўспаміналі ўначы Імя Тваё, і прасьветленыя разважаньнем пра запаветы Твае з радаснай душой усталі, каб услаўляць Тваю дабрыню, прыносячы дабрасардэчнасьці Тваёй малітвы і просьбы за грахі нашыя і ўсіх людзей Тваіх, якіх, малітвамі сьвятой Багародзіцы, наведай у міласьці.

Бо Ты – добры і чалавекалюбны Бог, і мы Табе ўзносім славу, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Літанія супакою 

Пасьля ўступнага псалма сьвятар вяртаецца ў алтар і становіцца перад прастолам, дыякан перад райскімі дзьвярыма ўголас узносіць літанію супакою.

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душаў нашых Госпаду памолімся.

За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых Цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.

За Богам сьцеражоную краіну нашую, за ўлады і войскі яе Госпаду памолімся.

За наш народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.

За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе гарады і краіны і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.

За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых, што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.

Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, смутку і недастатку Госпаду памолімся.

Заступіся, збаў, зьмілуйся і захавай нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Успамянуўшы ўсесьвятую, усячыстую, усеблаславёную, слаўную Ўладарку нашую Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю з усімі сьвятымі, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё нашае Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе. 

Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Чытаньне Псалтыра 

У суботу вечарам, на сьвяты Багародзіцы і сьвятых, а таксама сьвяты Гасподнія (калі яны выпадаюць у нядзелю або панядзелак), сьпяваюцца наступныя выбраныя вершы з псалмаў 1-3:

Шчасьлівы муж, * што не ішоў за радай нязбожных. Алілуя, алілуя, алілуя.

Бо Госпад ведае шлях праведных, * а шлях нязбожных згіне. Алілуя, алілуя, алілуя.

Служыце Госпаду са страхам * і слаўце Яго з трапятаньнем. Алілуя, алілуя, алілуя.

Шчасьлівыя ўсе, * што на Яго спадзяюцца. Алілуя, алілуя, алілуя.

Устань, Госпадзе, * збаў мяне, Божа мой. Алілуя, алілуя, алілуя.

Ад Госпада збаўленьне * і на людзях Тваіх – блаславеньне Тваё. Алілуя, алілуя, алілуя.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Алілуя, алілуя, алілуя.

Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).

Малая літанія 

Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, най­бла­сла­вё­ную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Госпадзе, я клікаў Цябе...” 

Людзі сьпяваюць першыя два вершы псалму 140 на тон першай песьні і патрэбныя вершы іншых псалмоў, чаргуючы іх з адпаведнай колькасьцю песьняў дня або сьвята; у міжчасе дыякан кадзіць царкву. 

Псалом 140

Госпадзе, я клікаў Цябе: выслухай мяне. * Выслухай мяне, Госпадзе! * Будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе. * Выслухай мяне, Госпадзе!

Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, * быццам кадзіла, * і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх. * Выслухай мяне, Госпадзе! 

Наступныя вершы аж да “Выведзі з вязьніцы” звычайна чытаюцца:

Пастаў, Госпадзе, варту вуснам маім * і дзьверы для аховы губ маіх.

Ня дай ухіліцца сэрцу майму * да злачынных словаў

для апраўданьня ў грахах з людзьмі, якія чыняць беззаконьне, * і каб мне ня быць заадно з выбранымі іх.

Праведнік будзе па-добраму навучаць і дакараць мяне, * але алей грэшніка хай не намасьціць галавы маёй;

дый малітва мая * хай ня будзе даспадобы ім.

Судзьдзі іх былі праглынутыя каля скалы; * яны пачуюць словы мае, бо яны лагодныя.

Як глыба зямлі раздрабляецца на зямлі, * так косьці іх параскіданыя па апраметнай.

Бо да Цябе, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя вочы мае; * на Цябе спадзяюся: не адымі душы маёй.

Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, * ад пасткі тых, што чыняць беззаконьне.

Грэшнікі ўпадуць у сець сваю; * я адзін застаюся, пакуль не перайду.

Псалом 141

Голасам маім я клікаў Госпада, * голасам маім я Госпаду маліўся.

Мальбу маю вылью перад Ім, * пра гора маё Яму раскажу.

Калі дух мой зьнемагаў ува мне, * Ты і тады ведаў сьцежкі мае.

На той дарозе, па якой я ішоў, * схавалі пастку на мяне.

Глядзеў я ўправа і ўглядаўся, * і не было нікога, хто ведаў бы мяне;

надзея на ўцёкі пакінула мяне, * і ня стала нікога, хто парупіўся б аб душы маёй.

Да Цябе, Госпадзе, я ўсклікнуў і сказаў: * “Ты надзея мая, мой удзел на зямлі жывых!

Уваж малітву маю, бо я вельмі падупаў. * Вызвалі мяне ад тых, што перасьледуюць мяне, бо яны дужэйшыя за мяне. 

Калі ёсьць 10 песьняў, яны сьпяваюцца ў чаргаваньні з вершамі псалмоў, пачынаючы ад наступнага:

Выведзі з вязьніцы душу маю, * каб мне дзякаваць імю Твайму.

(Тон 1). Сьвяткуем Пяцідзесятніцу і прыйсьце Духа, і спаўненьне абяцаньня, і надзеі зьдзяйсьненьне, і тайну вялікую і пачэсную. Дык усклікнем: "Творча ўсіх Госпадзе, слава Табе!"

Праведнікі будуць чакаць мяне, * пакуль аддзячыш мне”.

 Сьвяткуем Пяцідзесятніцу і прыйсьце Духа, і спаўненьне абяцаньня, і надзеі зьдзяйсьненьне, і тайну вялікую і пачэсную. Дык усклікнем: "Творча ўсіх Госпадзе, слава Табе!"

Калі 8 песьняў – тады ад наступнага:

Пс 129. З глыбіняў клікаў я Цябе, Госпадзе: * Госпадзе, пачуй голас мой!

Рознымі мовамі надзяліў Ты, Хрысьце, сваіх вучняў, каб на іх яны прапаведавалі Цябе – Несьмяротнае Слова і Бога, які дае душам нашым багацьце зьмілаваньня.

Хай вушы Твае будуць уважлівыя * да голасу маленьня майго. 

Усё дае Дух Сьвяты, прароцтвы крынічыць, сьвятароў дасканалымі чыніць, нявучаных навучае мудрасьці, рыбакоў багасловамі робіць, і яднае ўсю царкоўную супольнасьць. Адзінасутны і роўны славаю з Айцом і Сынам Суцяшальніку, слава Табе!

Калі 6 песьняў – тады ад наступнага:

Калі беззаконьні заўважаць будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто ўстаіць? * Бо ў Цябе ачышчэньне ёсьць.

(Тон 2). Мы бачылі праўдзівае сьвятло, прынялі Духа нябеснага, знайшлі веру праўдзівую: пакланяемся неразьдзельнай Тройцы, бо Яна нас збавіла.

Дзеля імя Твайго я чакаў Цябе, Госпадзе: * душа мая чакала слова Твайго,душа мая спадзявалася на Госпада.

 Мы бачылі праўдзівае сьвятло, прынялі Духа нябеснага, знайшлі веру праўдзівую: пакланяемся неразьдзельнай Тройцы, бо Яна нас збавіла.

Ад ранішняй старожы да ночы, * ад ранішняй старожы хай спадзяецца Ізраіль на Госпада.

Праз прарокаў Ты абвясьціў нам шлях збаўленьня, і праз апосталаў зазьзяла нам, Збавіцелю, ласка Духа Твайго: Ты – Бог першы і апошні, і на вякі Ты – Бог наш.

Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго вызваленьне, * і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго.

У доме Тваім, Збавіцелю сьвету, буду ў песьнях славіць Цябе і, укленчыўшы, пакланюся Тваёй непераможнай сіле; увечары, раніцай і апоўдні, і ў кожны час буду бласлаўляць Цябе, Госпадзе.

Пс 116. Хваліце Госпада, усе народы, * слаўце Яго, усе людзі,

У доме Тваім, Госпадзе, мы верныя, укленчым душою і целам і ўсхвалім у песьнях Цябе, беспачатнага Айца, і аднолькава беспачатнага Сына, і спрадвечнага ўсесьвятога Духа, які прасьвятляе і асьвячае душы нашыя.

бо міласэрнасьць Яго ўмацавалася над намі * і праўда Гасподняя трывае давеку.

Тройцу сьвятую ў песьнях уславім, Айца і Сына разам з Духам Сьвятым, бо так прапаведавалі ўсе прарокі і апосталы разам з мучанікамі.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

(Тон 8). Прыйдзіце, людзі, паклонімся Богу ў трох асобах – Сыну з Айцом і з Духам Сьвятым. Спрадвечны Айцец родзіць спрадвечнага і раўнапасаднага Сына, і Дух Сьвяты праслаўляецца ў Айцу разам з Сынам: адна сіла, адна сутнасьць, адно Боства. Яму мы пакланяемся, кажучы: Сьвяты Божа, што ўсё творыш праз Сына Духам Сьвятым; Сьвяты Моцны, які даў нам пазнаць Айца, і праз якога Дух Сьвяты на сьвет прыйшоў; Сьвяты Несьмяротны, Духу Суцяшальніку, што ад Айца паходзіш і ў Сыне спачываеш, Тройца Сьвятая, слава Табе.

Уваход 

Падчас сьпяваньня “Слава... Цяпер...” сьвятар, апрануўшы фэлон, адкрыўшы райскія дзьверы, і дыякан з кадзілам робяць уваход. Стаўшы перад райскімі дзьвярыма:

Дыякан (кажа ціха): Госпаду памолімся.

Сьвятар (ціха): Вечарам, і раніцай, і апоўдні хвалім, бласлаўляем, дзякуем і молімся Табе, Уладару ўсіх; накіруй малітву нашую, быццам кадзіла перад Табою, і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да благіх словаў і думак; але выбаў нас ад усіх, што жадаюць злавіць душы нашыя; бо вочы нашыя, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя да Цябе і на цябе спадзяемся, дык не пасаром нас, Божа наш. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Дыякан: Блаславі, ойча, сьвяты ўваход.

Сьвятар (бласлаўляе ўваход): Блаславёны ўваход сьвятых Тваіх на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Дыякан: Амін. 

Як толькі скончыцца сьпеў, дыякан, робячы кадзілам знак крыжа, кажа ўголас:

Дыякан: Мудрасьць, устаньце!

На пачатак сьпеву ў храме запальваецца сьвятло.

Людзі: Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага, сьвятога, блаславёнага – Ісусе Хрысьце! Дайшоўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло, пяем Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога. Дастойны Ты, каб на ўсякі час чыстымі галасамі пяялі хвалу Тваю, Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Сьвятар (бласлаўляе людзей): Мір усім!

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Мудрасьць. Будзьма ўважлівыя.

Пракімен 

Чытальнік або дыякан чытае пракімен дня; людзі паўтараюць першы верш, як прысьпеў. 

У суботу вечарам (Пс 92:1,5), тон 6.

Госпад пануе, * Ён апрануўся ў красу. 

Верш 1. Апрануўся Госпад у сілу * і падперазаўся. 

Верш 2. Ён умацаваў сусьвет, * што не пахісьнецца. 

Верш 3. Дому Твайму, Госпадзе, належыць сьвятасьць, * на доўгія дні.

Пасьля пракімена - чытаньні са Сьвятога Пісаньня (парэміі). Перад кожным чытаньнем дыякан кажа: “Мудрасьць”, - і чытальнік абвяшчае назву чытаньня. Тады дыякан кажа: “Будзьма ўважлівыя”, - пасьля чаго чытальнік пачынае чытаць адпаведны ўрывак са Сьвятога Пісаньня (парэмію). Калі чытаюцца ўрыўкі са Старога Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца. Калі чытанні з Новага Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца пасьля чытаньняў.

Чытаньне кнігі Лікаў

Сказаў Госпад Майсею: Пакліч мне семдзесят мужоў спасярод старэйшых Ізраіля, якіх ты ведаеш, што яны – старэйшыя і праваднікі народу; і прывядзі іх да Шатра Сустрэчы, хай яны там стануць разам з табою. Тады Я прыйду і буду гутарыць з табою; і вазьму ад Духа, што ў табе, і дам ім, і яны разам з табою будуць насіць цяжкасьці народу, а ты сам ня будзеш болып насіць іх. Майсей сабраў семдзесят старэйшых народу і паставіў іх вакол шатра. I Госпад у хмары зышоў і гутарыў з ім. Пасьля ўзяў ад Духа, што быў у ім, і даў Яго гэтым сямідзесяці старэйшым. Як толькі спачыў на іх Дух, яны ўвайшлі ў той час у захапленьне і прарочылі. Два мужы засталіся ў стане, адзін з іх называўся Эльдад, а другі Мадад. На іх тасама зышоў Дух, бо яны былі ў ліку пакліканых, толькі не прыйшлі да шатра. I яны таксама пачалі прарочыць у стане. Прыбег юнак і сказаў Майсею: "Эльдад і Мадад увайшлі ў захапленьне прароцкае". Ісус, сын Навін, які з маладых гадоў быў на службе ў Майсея, узяў голас і сказаў: "Майсею, гаспадару мой, забарані ім!" Але Майсей адказаў: "Ці не зайздросны ты за мяне? О, каб усе ў народзе Гасподнім былі прарокамі, каб Госпад даў ім Духа свайго!" (11:16-17; 24-29)

Чытаньне кнігі прарока Яэля

Так кажа Госпад: "Радуйцеся, сыны Сыёну, цешцеся ў Богу Госпадзе вашым, бо Ён учыніў вам згодна са справядлівасьцю. Дождж асеньні і дождж веснавы Ён выліў на вас шчодра, як і раней. Гумны вашыя напоўняцца збожжам, і прэсы вашыя вінаградным сокам і аліваю. У такі спосаб Я ўзнагароджу вас за гады, калі ўсё паела шаранча, чэрві, жукі і вусені, якіх Я паслаў на вас у вялікім мностве. Тады сапраўды будзеце есьці і насыціцеся, і будзеце хваліць імя Госпада Бога вашага, які ўчыніў вам дзіўныя рэчы, і народ мой ня будзе пасаромлены давеку. У той час пазнаеце, што Я ёсьць сярод Ізраіля, і што Я – Госпад Бог ваш, а іншага няма. Мой народ ня будзе пасаромлены давеку. Пасьля гэтага вылью Духа майго на кожнае цела, і сыны і дочкі вашыя будуць прарочыць, а юнакі вашыя будуць бачыць аб'яўленьні. Нават на нявольнікаў і нявольніцаў вылью Духа майго ў тыя дні. I пакажу знакі на небе і на зямлі, кроў і агонь, і стаўпы дыму. Сонца зьменіцца ў цемру, а месяц – у кроў, калі прыйдзе дзень Гасподні, дзень вялікі і страшны. Кожны аднак, хто пакліча імя Гасподняе, будзе збаўлены". (2:23-3:5)

Чытаньне кнігі прарока Езакіеля

Так кажа Госпад: "Забяру вас спасярод народаў, зьбяру з усіх краінаў і прывяду зноў у вашу краіну. Акраплю вас чыстай вадою, каб вы ачысьціліся ад усякай нячыстасьці, і ад усіх ідалаў вашых ачышчу вас. I дам вам новае сэрца і новага духа ўдыхну ў нутры вашыя, каменныя сэрцы забяру з целаў вашых, а дам вам сэрцы цялесныя. Духа Майго хачу ўдыхнуць у вас і зрабіць, каб вы жылі паводле Маіх запаветаў, захоўвалі мае прыказаньні і чынілі згодна з імі. Тады будзеце жыць у краіне, якую Я даў айцом вашым, і будзеце маім народам, а Я буду вашым Богам". (36:24-28)

Літанія ўзмоцненага маленьня

Дыякан, стоячы перад зачыненымі райскімі дзьвярыма, узносіць літанію. Калі сьвятар служыць без дыякана, сьвятар узносіць літанію, стоячы перад прастолам. Райскія дзьверы зачыненыя.

Дыякан: Скажам усе разам ад усяе душы і ад усяе думкі нашае скажам.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).

Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя) і ўсіх у Хрысьце братоў нашых.

Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашую, за ўлады і войскі яе.

Яшчэ молімся за наш народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.

Яшчэ молімся за годных памяці заснавальнікаў гэтай сьвятой царквы і за ўсіх айцоў і братоў нашых, што раней адышлі, і якія тут і на кожным іншым месцы спачываюць.

Яшчэ молімся за дабрачынцаў гэтай сьвятой царквы, за тых, што прыносяць дары, працуюць і сьпяваюць у ёй, і за ўсіх тут прысутных людзей, якія чакаюць ад Цябе вялікае і багатае міласьці.

Сьвятар: Бо Ты – міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе ўзносім славу, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Малітва ўслаўленьня

Чытальнік: Дай, Госпадзе, у гэты вечар * захавацца нам без граху.

Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, * і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.

Хай міласьць Твая, Госпадзе, будзе на нас, * бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

Блаславёны Ты, Госпадзе: * навучы мяне пастановаў Тваіх.

Блаславёны Ты, Уладару, * дай мне зразумець пастановы Твае.

Блаславёны Ты, Сьвяты, * прасьвятлі мяне пастановамі Тваімі.

Міласьць Твая, Госпадзе, вечна трывае: * не пагардзі творамі рук Тваіх.

Табе належыцца хвала, Табе належыцца песьня, * Табе слава належыцца,

Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, * цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Літанія просьбаў

Дыякан: Дапоўнім вячэрнюю малітву нашую Госпаду.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Заступіся, збаў, зьмілуйся і захавай нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Каб увесь гэты вечар быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім.

Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Так пасьля наступных прашэньняў).

Дыякан: Анёла супакою, вернага настаўніка, ахоўніка душаў і целаў нашых у Госпада просім.

Прабачэньня і адпушчэньня грахоў і правінаў нашых у Госпада просім.

Усяго, што добрае і карыснае для душаў нашых, і супакою для сьвету ў Госпада просім.

Каб далейшы цяг жыцьця нашага ў супакоі і пакаяньні правесьці, у Госпада просім.

Хрысьціянскага канца жыцьця нашага, бязбольнага, бездакорнага, спакойнага і добрага адказу на Страшным судзе Хрыстовым просім.

Успамянуўшы ўсесьвятую, усячыстую, усеблаславёную, слаўную Ўладарку нашую Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю з усімі сьвятымі, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё нашае Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Ты – добры і чалавекалюбны Бог, і Табе ўзносім славу, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Мір усім! (Бласлаўляе людзей).

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Галовы нашыя перад Госпадам схілім.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар (ціха): Госпадзе, Божа наш, які нахіліў неба і зышоў для збаўленьня роду людскога, глянь на слугаў Тваіх і на набытак Твой; бо вось слугі Твае схілілі галовы і сагнулі шыі свае перад Табою, страшным і чалавекалюбным Судзьдзёю, чакаючы дапамогі не ад людзей, але спадзеючыся на Тваю міласьць і жадаючы Твайго збаўленьня. Дык ахоўвай іх на ўсялякі час – і ў гэты вечар, і ў ноч, што надыходзіць, – ад усялякага няпрыяцеля і ўсялякага супраціўнага дзеяньня д’ябальскага, ад думак марных і благіх успамінаў. 

(Уголас) Хай будзе ўлада валадарства Твайго, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, блаславёная і шматпраслаўленая, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. 

Ліцьця і блаславеньне хлябоў

Пасьля воклічу "Хай будзе ўлада валадарства..." людзі пачынаюць сьпяваць ліційныя песьні; адчыняюцца райскія дзьверы, сьвятар (ці сьвятары) і дыякан ідуць у прытвор; дыякан кадзіць царкву і людзей.

(Тон 2). Праз прарокаў Ты абвясьціў нам шлях збаўленьня, і праз апосталаў зазьзяла нам, Збавіцелю, ласка Духа Твайго: Ты – Бог першы і апошні, і на вякі Ты – Бог наш.

У доме Тваім, Збавіцелю сьвету, буду ў песьнях славіць Цябе і, укленчыўшы, пакланюся Тваёй непераможнай сіле; увечары, раніцай і апоўдні, і ў кожны час буду бласлаўляць Цябе, Госпадзе.

У доме Тваім, Госпадзе, мы верныя, укленчым душою і целам і ўсхвалім у песьнях Цябе, беспачатнага Айца, і аднолькава беспачатнага Сына, і спрадвечнага ўсесьвятога Духа, які прасьвятляе і асьвячае душы нашыя.

Слава... цяпер...

(Тон 8). Калі Ты, Госпадзе, паслаў Духа Твайго сабраным апосталам, тады сыны ізраільскія здумеліся, бо чулі, як тыя гаварылі рознымі мовамі, як Дух ім падказваў. Нявучаныя, яны сталіся мудрымі і прывялі народы да веры, прапаведуючы Бога. Дзеля гэтага і мы Табе пяём: "Госпадзе, што зьявіўся на зямлі і ад маны выбавіў нас, слава Табе!"

Калі скончыцца сьпеў, дыякан пачынае літанію:

Дыякан: Збаў, Божа, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой, наведай сьвет Твой міласьцю і дабротамі, узьнясі рог хрысьціянаў праваслаўных і спашлі на нас Твае багатыя міласьці малітвамі ўсячыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа; заступніцтвам пачэсных нябесных сілаў анёльскіх; пачэснага, слаўнага прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна; сьвятых, слаўных і ўсяхвальных апосталаў (альбо: сьвятога апостала і евангеліста … (імя) і іншых сьвятых, слаўных і ўсяхвальных апосталаў); між сьвятымі айцоў нашых і сусьветных вялікіх настаўнікаў і сьвятаначальнікаў Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага; між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворцы, архібіскупа Мірлікійскага; сьвятых і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі, сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага, і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; сьвятых слаўных і пераможных мучанікаў; і сьвятога (сьвятой) (імя сьвятога патрона царквы); і сьвятога (сьвятой) (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых; просім Цябе, шматміласьцівы Госпадзе, пачуй нас, грэшных, якія молімся Табе, і зьмілуйся над намі.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў).

Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя) і за ўсіх у Хрысьце братоў і сёстраў нашых; і за ўсялякую душу хрысьціянскую, прыгнечаную і сумную, што патрабуе Божае міласьці і дапамогі; за захаваньне ў бясьпечнасьці гэтага горада (гэтай вёскі) і ўсіх яго (яе) жыхароў; за мір і лад на ўсім сьвеце; за добры стан сьвятых Божых Цэркваў; за збаўленьне і дапамогу айцом і братом нашым, якія з руплівасьцю і страхам Божым служаць і працуюць; за адсутных і тых, што знаходзяцца тут; за ацаленьне зьнямоглых; за супакой, палёгку, блаславёную памяць і адпушчэньне грахоў айцоў і братоў нашых і ўсіх праваслаўных хрысьціянаў, якія раней адышлі і спачываюць тут і на кожным іншым месцы; за вызваленьне зьняволеных; за братоў нашых на службе; і за ўсіх, што служылі і служаць у гэтай сьвятой царкве. Скажам усе разам:

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў).

Дыякан: Яшчэ молімся за богам сьцеражоны народ наш, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою нашае краіны, каб добры і міласэрны Бог захаваў яе свабоднай і ў супакоі; даў умацавацца ў нашым народзе духу справядлівасьці, згоды, братняй любові і шчырай пабожнасьці, каб ён, прасьветлены ласкаю, разам з іншымі народамі сьвету заўсёды славіў і выхваляў Ягонае пачэснае і велічнае імя. Скажам усе разам:

ЛюдзіГоспадзе, зьмілуйся. (3 разы)

Дыякан: Яшчэ молімся, каб гэтаму гораду (або гэтай вёсцы) і гэтай сьвятой царкве, і ўсялякаму гораду і краіне захавацца ад голаду, пошасьці, землятрусу, паводкі, агню, мяча, нападу ворагаў і братабойчай вайны; і каб добры і чалавекалюбны Бог наш быў міласьцівы і спагадлівы да нас, адхіліў ад нас усялякі гнеў, што нам пагражае, вызваліў нас ад пагражаючай нам справядлівай кары Сваёй і зьмілаваўся над намі.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (3 разы).

Дыякан: Яшчэ молімся, каб Госпад Бог пачуў голас маленьня нас, грэшных, і зьмілаваўся над намі.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (3 разы).

Сьвятар: Пачуй нас, Божа, Збавіцелю наш, надзея ўсіх канцоў зямлі, і тых, што далёка на моры, будзь спагадлівы, Уладару, да грахоў нашых, і зьмілуйся над намі. Бо Ты – міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе ўзносім славу, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Мір усім! (Бласлаўляе людзей).

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Галовы нашыя перад Госпадам схілім.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Уладару шматміласьцівы, Госпадзе Ісусе Хрысьце Божа наш, малітвамі ўсячыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і заўсёды Дзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа; заступніцтвам сьвятых нябесных сілаў анёльскіх; пачэснага, слаўнага прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна; сьвятых, слаўных і ўсяхвальных апосталаў (альбо: сьвятога апостала і евангеліста … (імя) і іншых сьвятых, слаўных і ўсяхвальных апосталаў); між сьвятымі айцоў нашых і сусьветных вялікіх настаўнікаў і сьвятаначальнікаў Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага; між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворцы, архібіскупа Мірлікійскага; сьвятых і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі, сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага, і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; і сьвятога (сьвятой) (імя сьвятога патрона царквы); і сьвятога (сьвятой) (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых – учыні прыемнай Табе малітву нашую, даруй нам адпушчэньне правінаў нашых, пакрый нас покрывам крылаў Тваіх, адгані ад нас усялякага ворага і супраціўніка, уціхамір нашае жыцьцё, Госпадзе, зьмілуйся над намі і над усім сьветам Тваім, і збаў душы нашыя, бо Ты – Добры і Чалавекалюбца.

Людзі: Амін. 

І сьпяваюць вершапесьні. У гэты час усе клірыкі пераходзяць у сярэдзіну храма. 

Вершапесьні  

(Тон 6). Народы, Госпадзе, не зразумелі сілы Ўсесьвятога Духа, які спачыў на Тваіх апосталах, і прынялі іхнюю здольнасьць гаварыць рознымі мовамі за пахмельле. Мы ж, умацаваныя імі, няспынна клічам: "Духа Твайго Сьвятога не адымі ад нас, молімся Табе, Чалавекалюбча!"

Верш: Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры маім.

Дух Твой Сьвяты, Госпадзе, прыйшоў і напоўніў апосталаў Тваіх, і навучыў іх гаварыць рознымі мовамі. Для няверных гэты цуд выдаўся пахмельлем, а для верных ён стаўся крыніцай збаўленьня. Дык і нас зрабі годнымі Ягонага прасьвятленьня, молімся Табе, Чалавекалюбча.

Верш: Не адкінь мяне ад аблічча Твайго, і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.

Уладару Нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча! Прыйдзі і пасяліся ў нас і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашыя.

Слава... цяпер...

(Тон 8). Некалі, у адказ на дзёрзкі намер будовы вежы, Госпад зьмяшаў мовы. Цяпер у разнастайнасьці моваў Ён даў пазнаць славу сваю. Тады Бог асудзіў нязбожных за грэх, а цяпер прасьвятліў рыбакоў Духам. Тады шматмоўе было пакараньнем, а цяпер сугучнасьць моваў была адноўленая для збаўленьня душ нашых.

І адразу песьня Сімяона Богапрыемцы:

Людзі: Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго. (Лк 2:29-32).

Чытальнік: Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. 

І сьпяваюць адпушчальныя трапары.

(Тон 8). Блаславёны Ты, Хрысьце Божа наш, што рыбакоў напоўніў мудрасьцю, паслаўшы ім Духа Сьвятога, і праз іх улавіў увесь сусьвет. Чалавекалюбча, слава Табе. (Тройчы)

У гэты час дыякан тройчы кадзіць вакол стала пасярод царквы, на якім прыгатаваныя да асьвячэньня пяць хлябоў, пшаніца і дзьве пасудзіны з віном і алеем, і ў канцы – сьвятара. Сьвятар, узяўшы адзін хлеб, робіць ім знак крыжа над іншымі хлябамі і голасна гаворыць наступную малітву. Калі ж кажа «Сам блаславі...», праваю рукою ўказвае на прыгатаваныя хлябы, пшаніцу, віно і алей.

Дыякан (стаўшы перад сталом, уголас): Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Госпадзе Ісусе Хрысьце Божа наш, які блаславіў пяць хлябоў і пяць тысяч насыціў, Сам блаславі і гэтыя хлябы, пшаніцу, віно, і алей, і памнож іх у горадзе гэтым (або: вёсцы гэтай) і ва ўсім сьвеце Тваім; і ўсіх верных, якія спажываюць іх, асьвяці. Бо Ты, Хрысьце Божа наш, Той, хто бласлаўляе і асьвячае ўсё, і Табе ўзносім славу, разам з беспачатным Тваім Айцом і з Усесьвятым, добрым і жыватворчым Тваім Духам цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Хай будзе імя Гасподняе блаславёнае цяпер і давеку. (Тройчы).

Людзі сьпяваюць (альбо чытае чытальнік) Псалом 33:2-11:

Увесь час бласлаўляць буду Госпада: * хвала Яго заўжды на вуснах маіх.

Госпадам будзе хваліцца душа мая: * хай пачуюць лагодныя і ўзрадуюцца.

Узьвялічвайце Госпада са мною, * і будзем разам узносіць імя Яго.

Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне, * і ад усіх бедаў выратаваў мяне.

Прыступіце да Яго і прасьвятліцеся, * і твары вашыя ня будуць пасаромленыя.

Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад пачуў яго, * і ад усіх бедаў выбавіў яго.

Анёл Гасподні стане вакол тых, што баяцца Яго, * і выратуе іх.

Пакаштуйце і ўбачыце, што Госпад добры: * шчасьлівы чалавек, які на Яго спадзяецца.

Бойцеся Госпада, усе сьвятыя Яго, * бо тыя, што Яго баяцца, ня церпяць нястачы.

Багатыя зьбяднелі і згаладаліся, * а тыя, што шукаюць Госпада, ня будуць пазбаўленыя ніякага дабра.

Сьвятар: Блаславеньне Гасподняе хай будзе на вас, ласкаю Яго і чалавекалюбствам на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. (Бласлаўляе людзей).

Людзі: Амін. 

Калі служыцца ўсяночнае чуваньне, тады тут можна пачынаць ютрань (ад шасьці псалмоў). Калі не, тады:

Дыякан: Мудрасьць!

Людзі: Блаславі!

Сьвятар: Блаславёны Існы – Хрыстос Бог наш – на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. Умацуй, Божа, сьвятую правую веру і ўсіх праваслаўных хрысьціянаў на вякі вякоў.

Сьвятар: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.

Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея нашая, слава Табе.

Людзі: Слава... цяпер... Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы). Блаславі.

Сьвятар: робіць водпуст.

 Водпуст. Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які ў выглядзе вогненных языкоў паслаў з неба Ўсесьвятога Духа на сьвятых сваіх вучняў і апосталаў, малітвамі найчыстае свае Маці, сьвятых, слаўных і ўсяхвальных апосталаў, і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Людзі: Амін.

Каментары: