Хрыстос хрысціўся ў Ярдане
6 студзеня 2013 г. грэка-каталіцкая парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску адсвяткавала свята Хрышчэння Гасподняга.
Увечары 5 студзеня а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст, адслужыў святочную Вячэрню, пасля якой адбылося Вялікае Вадасвяцце. У сваім слове да вернікаў айцец нагадаўшто гэтае свята з'яўляецца адным з найстарэйшых у царкве і называецца таксама Богаяўленнем - паколькі ўпершыню ў гісторыі людству адкрыліся тры Божыя Асобы. Урачыстасць прадоўжылася святою вячэраю для парафіі. Радасць свята з вернікамі раздзяліў таксама дэкан Цэнтральна-Заходняга дэканату імя блаславёнага Мікалая Чарнецкага БГКЦ а. Яўген Усошын.
Святую Літургію ў дзень свята ўзначаліў а. Антон Нікалаеў, рэдэмптарыст. У казанні ён звярнуў увагу на словы малітвы на асвячэння вады, што цудоўна перадаюць веліч падзеі, якую мы ўзгадваем у гэты дзень: "Сёння настаў для нас час святочны, і хоры святых збіраюцца разам з намі, анёлы і людзі супольна святкуюць. Сёння ласка Духа святога ў выглядзе голуба зышла на ваду. Сёння незаходнае сонца заззяла і свет прасьвятліўся промнямі Гасподняга святла. Сёння месяц асвятляе свет яснымі промнямі. Сёння ясныя зоркі ззяннем сваім сусвет упрыгожваюць. Сёньня хмары з нябёсаў росяць дождж праўды на людзей. Сёння Няствораны дабравольна прымае ўскладанне рук ад стварэння. Сёння прарок і прадвеснік, падышоўшы да Уладара, стаіць і ўвесь дрыжыць, бо бачыць спагаду Божую да нас. Сёння воды Ярдану ператвараюцца ў лекі для людзей прыйсцем Гасподнім. Сёння ўсё стварэнне поіцца тайнымі струменямі. Сёння грахі людзкія абмываюцца Ярданскімі водамі. Сёння рай адчыняецца людзям і сонца праведнасці ззяе для ўсіх нас".
Каментары: