Свята богапасвячанага жыцця
Дзень богапасвячанага жыцця адзначаецца штогод у Каталіцкай Царкве 2 лютага, на свята Сустрэчы Госпада нашага Ісуса Хрыста. У 2015 г. святкаванне супадае з правядзеннем Года богапасвячанага жыцця, які пачаўся 30 лістапада 2014 г.
“Пакліканне да манаства - найвялікшая ласка, якую Бог пасля хрышчэння душы можа даць” (Св. Альфонс Лігуоры).
Пакліканне да манаства... Для таго, каб лепш зразумець гэтую рэальнасць ў жыцці Царквы, спачатку звернемся да яе першавытокаў, да таго, што выклікала яе да жыцця. Корань хрысціянскага манаства знаходзіцца найперш ў асобе самога Ісуса Хрыста. Яго словы і прыклад, вымогі і настойлівы заклік сталі асноваю жыцця першых хрысціянскіх абшчынаў, дзе “ўсе вернікі былі разам і ўсё ў іх было супольнае: і прадавалі дастаткі свае і ўсякую маёмасць, і надзялялі ўсіх, гледзячы па патрэбе кожнага; і кожны дзень аднадушна заставаліся ў храме і, ламаючы па дамах хлеб, прымалі страву ў радасці і ў шчырасці сэрца, праслаўляючы Бога і маючы любоў усяго народу. А Госпад штодня дадаваў Царкве тых, хто ратаваўся” (Дз. 2, 44-47). Такою была супольнасць хрысціянаў у апостальскія часы.
Але з далейшым развіццём Царквы, у прыватнасці з прыняццем эдыкта візантыйскага імператара Канстантына, хрысціянства стала масавым папулярным рухам з адпаведнымі наступствамі. Паступовае зніжэнне маральнасці і сапраўднай пабожнасці сярод хрысціянскай супольнасці балюча ўражвала аскетаў. Кантраст паміж іх жыццём і жыццём хрысціянаў увогуле рабіўся ўсё больш прыкметным. У гэтых умовах і народжваецца манаскі рух, які падкрэслівае несумяшчальнасць паміж хрысціянінам і светам, пратэстуе супраць секулярызацыі хрысціянства, імкнецца павярнуцца да пачатковага ладу жыцця хрысціянскай абшчыны, у цэнтры якога быў прыклад Ісуса Хрыста.
Аналагічная сітуацыя захавалася да нашага часу. У апостальскім пасланні св. Яна Паўла ІІ “Vita consecrata” чытаем: “Неабходна вызнаць аб’ектыўную вышэйшасць богапасвячанага жыцця, якое адлюстроўвае спосаб жыцця самога Хрыста. Менавіта таму ў ім найбольш аб’яўляюцца евангельскія каштоўнасці і найбольш дасканала здзяйсняецца мэта Царквы – асвячэнне чалавецтва. Богапасвячанае жыццё абвяшчае і ў пэўны спосаб апярэджвае жыцьцё будучага веку, калі прыйдзе паўната Валадарства Нябеснага, якое ўжо цяпер прысутнае ў асобных яго пладах і таямніцы” (VC 32).
Тое, што вызначае жыццёвы выбар манахаў, гэта – любоў да Хрыста. Яны за св. апосталам Паўлам упэўнена могуць паўтарыць: “Ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні Пачаткі, ні Сілы, ні сённяшняе, ні будучае, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не можа адлучыць нас ад любові Божай у Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым” (Рым. 8, 38-39). Найгалоўнейшы сэнс і змест паклікання да манаства – гэта пазнанне Божай любові да нас і адказ на Ягоную любоў. Манахі праз любоў да Бога робяць сваё жыццё падобным да жыцця Хрыста, “гэта тыя, якія ідуць следам за Ягнём, куды б Яно ні пайшло” (Адкр. 14, 4). Праз любоў яны ўпадобніваюцца Хрысту, менавіта таму ў царкоўнаславянскай мове для азначэння манахаў існуе слова “преподобный” – упадобнены да Хрыста.
Падабенства – гэта штодзённая праца, якая пастаянна падмацоўваецца Божай ласкай і якая скіравана на тое, каб “адлюстраваць у сабе спосаб жыцця, які прыняў Сын Божы, калі прыйшоў у свет. Зберагаючы дзявоцтва, богапасвячаная асоба засвойвае чысціню Хрыстовай любові і вызнае Яго перад светам як адзінароднага Сына, адзінага з Айцом; успадкоўваючы ўбоства, вызнае Сына, Які ўсё атрымлівае ад Айца і з любові ўсё Яму аддае; ахвяруючы ўласную волю, робіцца саўдзельнікам таямніцы Яго сыноўняга послуху, вызнаючы Хрыста ўмілаваным і любячым, як Таго, Хто шчаслівы аддаць Сябе цалкам волі Айца” (VC 16). Праз перайманне Хрыста Бог асвячае тых, каго паклікаў за Сабой, і пабуджае іх працягваць Гасподнюю місію. Руплівасць дзеля ўстанаўлення Божага Валадарства і збаўлення братоў і сёстраў – найлепшы доказ сапраўднага самаахвяравання ў жыцці манахаў. Коратка сутнасць манаскага паклікання можна выразіць у наступных словах: “Манах – гэта чалавек, які шукае Бога. Манах – гэта чалавек, які ідзе за Богам. Манах – гэта чалавек, які жыве ў Богу. Манах – чалавек, якім жыве Бог” (ігумен Грыгорый Планчак, студыт).
І на заканчэнне яшчэ раз звернемся да “Vita consecrata”: “Хрыстос пастаянна кліча да Сябе новых вучняў, мужчын і жанчын, каб праз спасланне Святога Духа ўліць у іх сэрцы Сваю боскую любоў, Свой спосаб любіць, і такім чынам заахвоціць іх да служэння іншым у пакорлівым самаахвяраванні без аніякіх асабістых інтарэсаў. Да захопленага святлом Перамянення Пятра, які ўсклікае: “Госпадзе, добра нам тут быць” (Мц. 17, 4), звернуты заклік вярнуцца да шляхоў свету, каб працягваць служэнне Валадарству Божаму: “Зыдзі, Пётр! Ты жадаў адпачываць на гары, але зыдзі і прапаведуй Божае Слова, настаўляй у час і не ў час; дакарай, заахвочвай і дадавай адвагі з цярплівасцю і ўменнем павучаць, якія маеш. Працуй жа без жалю да сябе, нават у цярпеннях і пакутах, каб чысцінёю і прыгажосцю добрых учынкаў ты дасягнуў у любові тое, што сімвалізуюць белыя рызы Хрыстовыя” (VC 75). Гэтыя словы, звернутыя да аднаго з апосталаў, адносяцца таксама да ўсіх, хто цалкам прысвяціў сваё жыццё Госпаду.
Усесвятая Тройца, найблаславёная і крыніца ўсялякага блаславення! Блаславі сваіх сыноў і дачок, якіх Ты паклікала, каб праслаўлялі веліч Тваёй любові, міласэрнай дабрыні і красы. Дзякуй Табе за дар богапасвячанага жыцця, якое з вераю шукае Цябе і, выконваючы сваю сусветную місію, заклікае ўсіх набліжацца да Цябе. (VC 111)
Каментары: