Памёр а. Аляксандр Надсан
![](/images/naviny/2015/nadsan11_120808.jpg)
У Лондане на 89-м годзе жыцця адышоў да Госпада мітрафорны протаярэй айцец Аляксандар Надсан.
«Сёння Бог забраў да сябе нашага айца Аляксандра. Гэта здарылася а 22.20 [15 красавіка 2015 г.] у шпіталі Барнэта (Лондан), куды ён быў узяты на лячэнне ў гэты панядзелак у выніку развіцця хваробы нырак. З восені мінулага году айцец цяжка хварэў. Яму было 88 гадоў. Вечная памяць», — паведаміў у сваім фэйсбуку лонданскі святар Сяргей Стасевіч.
17 КРАСАВІКА а 18.30 у капліцы грэка-каталіцкага Цэнтра св. Язэпа па вул. Арджанікідзе д. 6 будзе адслужана Паніхіда за супакой душы спачылага а. Аляксандра НАДСАНА.
***
Аляксандр Надсан нар. 8 жніўня 1926 г. у в. Гарадзея (сёння Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.), грэка-каталіцкі святар, апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы.
У 1946 г. прыбыў у Вялікабрытанію. Увосень 1953 г. паехаў вучыцца ў Грэцкую калегію ў Рыме. 23 лістапада 1958 г. атрымаў свячэнні святара ўсходняга абраду.
У ліпені 1959 г. вярнуўся ў Вялікабрытанію. Працаваў выкладчыкам матэматыкі ў Нотынгеме і ажыццяўляў душпастырскую дзейнасць у Цэнтральнай і Паўночнай Англіі. Ад 1961 г. стаў адным з кіраўнікоў беларускай школы імя Кірылы Тураўскага ў Лондане.
Ад 1971 г. кіраваў Беларускай бібліятэкай-музеем імя Ф. Скарыны. У 1981 г. стаў на чале Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. 30 чэрвеня 1986 г. быў прызначаны на пасаду апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў у замежжы.
Стваральнік і кіраўнік Камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі. Аўтар шэрагу перакладаў літургічных тэкстаў на беларускую мову, публікацыяў з гісторыі беларускай царквы і культуры. Ганаровы доктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
Каментары: