Даравальная нядзеля
10 лютага 2013 г. беларускія грэка-каталікі святкавалі Даравальную нядзелю - апошнюю нядзелю перад пачаткам Вялікага посту. Па даўняй традыцыі ў гэты дзень усе просяць прабачэння адзін у аднаго, каб увайсці ў час вялікай Чатырохдзясятніцы са спакойным сумленнем і душэўным мірам.
На парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску з гэтай нагоды таксама адбыўся чын прабачэння. Пасля Святой Літургіі айцец Антоній Нікалаеў, рэдэмптарыст, звярнуўся да вернікаў словамі з Павячэр'я: "Блаславіце, браты і сёстры, і прабачце мне, грэшнаму, усё, чым я зграшыў сёння і праз усё маё жыццё словам, учынкам і думкаю і ўсімі маімі пачуццямі". Адказаўшы свайму душпастыру ўзаемнасцю, усе прысутныя абняліся паміж сабою ў знак прымірэння і прабачэння.
Працягам святкавання стала "Масленіца" - сімвалічны уваход у Вялікі пост. Па народнаму звычаю на стол падаюцца бліны з творагам, варэнне і іншыя немясныя стравы. Асаблівасцю праграмы быў выступ саліста фальклорнага гурта "Вурай" Сержука Гаюна, які парадаваў прысутных сваім спевам і грою на гітары і дудцы. На заканчэнне святкавання найбольш заўзятыя закруціліся ў народных танцах.
Каментары: