Асвячэнне іконаў
Асвячэнне іконаў Ісуса Хрыста і Багародзіцы адбылося 14 жніўня 2016 г. у грэка-каталіцкай капліцы Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску. Іконы напісала менская мастачка Таццяна Уласевіч.
Таксама было асвячанае напрастольнае Евангелле на беларускай мове. Святую Літургію з гэтай нагоды ўзначаліў апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Разам з ім саслужылі айцы-рэдэмптарысты Зміцер Чарнель і Андрэй Хацко, дыяканскае служэнне выконваў дыякан Алесь Хахлоў. Пасля Літургіі архімандрыт Сяргей прадставіў парафіянам выданне “Псалтыра” ў перакладзе а. Аляксандра Надсана.
На свята Успення Найсвятой Багародзіцы 15 жніўня 2016 г. адбылося асвячэнне іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі, паменшанай копіяй арыгінала, што захоўваецца ў царкве св. Альфонса ў Рыме. Дадзеную ікону парафія атрымала ў падарунак ад айца-рэдэмптарыста Яўгена Карпеля з Варшаўскай правінцыі.
У гэты ж дзень парафія развіталася з а. Зміцерам, які служыў тут ад студзеня 2013 г. Са жніўня 2016 г. ён атрымаў новае прызначэнне да манастыра св. Герарда ў г. п. Гняздзічаў Жыдачаўскага р-на Львоўскай вобл. (Україна), дзе будзе выконваць абавязкі прэфекта кандыдатаў, адказнага за фармацыю хлопцаў, што пачынаюць свой шлях у богапасвячаным стане.
Каментары: