Велікапосныя рэкалекцыі
Айцы-рэдэмптарысты правялі вялікапосныя рэкалекцыі на беларускіх парафіях. 22-24 сакавіка 2013 г. а. Зміцер Чарнель наведаў лідскую парафію св. Язафата, а 25-26 сакавіка ў гарадзенскай парафіі Маці Божай Фацімскай духоўныя навукі праводзіў а. Антон Нікалаеў.
У Лідзе а. Зміцер прапанаваў вернікам звярнуць увагу на постаць св. Яна Лесвічніка, памяці якога прысвечана 4-я Нядзеля Вялікага Посту. Святы, вядомы сваім творам “Лесвіца”, прапануе хрысціянам своеасаблівую тэхналогію барацьбы з грахоўнымі схільнасцямі і ўзыходжання на неба праз дасягененне цнотаў. Пакаянне, якое заключаецца ў змене свайго спосабу мыслення і стаўлення да сябе і свету, з’яўляецца пачаткам гэтага шляху, і менавіта таму час Вялікага Посту гэта зручная нагода прыглядзецца да свайго жыцця.
Шчасце і вечнасць – гэта рэчы, якіх прагне кожны чалавек. І толькі адзін шлях вядзе туды – узняцца з граху да цноты, з Божай ласкай.
25-26 сакавіка 2013 г. адбыліся велікапосныя рэкалекцыі на грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гародні, якія праводзіў а. Антоній Нікалаеў. Іх тэмай была “Споведзь і духоўнае кіраўніцтва ў жыцці хрысьціяніна”. Пачатак рэкалекцый супаў са святам Дабравешчання, таму сабралася больш вернікаў, не гледзячы на тое, што гэта быў працоўны дзень.
На другі дзень рэкалекцыяў а. Антоній на запрашэнне параха а. Андрэя Крата ўзяў удзел у тренінгу арганізацыйнага развіцця, шмат інфармацыі з якога можна выкарыстоўваць у душпастырстве. А. Антоній атрымаў таксама цудоўную магчымасць пабачыцца са сваімі субратамі - рэдэмптарыстамі лацінскага абраду, пажыць у іх і дапамагчы ў важным святарскім служэнні Таінства Споведзі ў велікапосны перыяд.
Каментары: