Свята Божай Міласэрнасці ў Маладзечне
У Нядзелю Тамаша 11 красавіка 2021 г. у Паўсюднай Царкве адзначалася свята Божай Міласэрнасці. Грэка-каталіцкая парафія ў Маладзечне традыцыйна святкавала парафіяльнае свята Хрыста Чалавекалюбца.
У парафіяльным храме на вул. Віленскай служыў Святую Літургію ды прамовіў казанне а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст. Узначальваў Службу а. Аляксей Філіпенка, які рэгулярна нясе душпастырскае служэнне ў Маладзечне.
У сітуацыі пандэміі колькасць удзельнікаў свята была абмежаваная, не адбылася традыцыйная пілігрымка вернікаў Цэнтральнага грэка-каталіцкага дэканата. Таму шлях святкавання Нядзелі Божай Міласэрнасці ў Цэнтральным дэканаце меў некалькі этапаў.
У суботу ўвечары 10 красавіка ў менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа а. Зміцер Чарнель, CSsR правёў духоўную сустрэчу на тэму “Правакацыя Божай Міласэрнасці”. Раніцай у нядзелю 11 красавіка айцец прамовіў казанне ў менскай грэка-каталіцкай парафіі Святога Духа (у ніжнім храме касцёла свв. Сымона і Алены).
Вернікі з розных мясцінаў Беларусі, якія не маглі фізічна ўдзельнічаць у свяце Хрыста Чалавекалюбца ў Маладзечне, стварылі духоўную Платформу Міласэрнасці і малітвай абнялі ўсю Беларусь. Гэта малітва працягвалася і на працягу наступных дзён. Хрысту Чалавекалюбцу былі прынесеныя малітвы:
-за Богам сцеражоную краіну нашу Беларусь,
-за хрысціянскія Цэрквы ў Беларусі ды іхняе служэнне беларускаму грамадству,
-за рыма-каталіцкія дыяцэзіі, якія адзначаюць 30 год стварэння,
-за праваслаўнага архібіскупа Гродзенскага Арцемія,
-за вернікаў Царквы “Новае жыццё”, што засталіся без храму,
-за церпячых, асуджаных, зняволеных і за іхнія сем’і,
-за хворых, асабліва ў выніку пандэміі,
-за лекараў, медпрацаўнікаў.
Духоўная сетка малітвы адкрытая да таго, каб да яе далучыцца. Грэка-каталіцкія вернікі традыцыйна ў гэты перыяд моляцца Хрысту Чалавекалюбцу словамі Акафіста Імю Ісусаваму (аўтарства Францішка Скарыны).
Каментары: