Гарадзенская парафія вітае свайго сына

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

У Нядзелю Тамаша 7 красавіка 2013 г. у гарадзенскай парафіі Маці Божай Фацімскай адбылася прыміцыйная Літургія новавысвечанага грэка-каталіцкага святара. Яшчэ на самым пачатку а. Андрэй Крот, настаяцель парафіі, прывітаўшы ўсіх, хто прыйшоў на нядзельную Службу ў капліцу каля касцёла Найсвяцейшага Адкупіцеля, прадставіў а. Зміцера Чарняля, рэдэмптарыст, які паходзіць з гэтай парафіі. Хаця прадстаўленне было не вельмі патрэбным, бо амаль кожны з прысутных ведаў а. Зміцера асабіста. Тут сабраліся сталыя парафіяне, хто памятае яго яшчэ з часоў, калі ён наведваў набажэнствы, якія праводзіў а. Віктар Данілаў.

Апроч парафіянаў на Літургіі прысутнічалі ягоная хросная, выкладчыкі, аднакурснікі і калегі а. Зміцера з гістарычнага факультэту Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Айцец прывітаў іх перад казаннем, падзякаваў усім за прысутнасць і выказаў асабістую салідарнасць з былым выкладчыкам гістфаку прафесарам Вячаславам Шведам у сувязі з сітуацыяй, якая склалася вакол кнігі "Гродназнаўства". Ён дадаў, што, дзякуючы шуму вакол “апальнай” кнігі, нашмат больш людзей, у тым ліку і ён сам, вырашылі пазнаёміцца з ёй на ўласныя вочы. Дарэчы, асобнік гэтай кнігі яму прэзентавалі суаўтары і настаўнікі а. Зміцера прафесары Вячаслаў Швед і Cвятлана Марозава ўжо пасля Святой Літургіі падчас агульнай сустрэчы з гарбатай і печывам.

У сваім казанні а. Зміцер падкрэсліў, што Бог і Ягоная Царква заўсёды бачыць і ўстае на бок справядлівасці і праўды. Нават калі мы ў штодзённым жыцці не заўважаем справядлівасці, Божага Валадарства, то не павінны адчайвацца. Мы мусім жыць надзеяй, бо Госпад перамог гэты свет. Трэба памятаць, што Ісус Хрыстос быў не проста філосафам, мысліцелем, маралістам, які прынёс людзям нейкую новую навуку ці ідэалогію. Ён даў гэтаму свету праўду, якую той шукаў стагоддзямі. І толькі гэтая праўда здольная змяніць свет, змяніць усіх нас, наш народ, бо, як пісаў Рыгор Барадулін у сваім вершы: “Беларусь адродзіцца вераю”.

"Калі мы, беларусы, навернемся да Бога, Ён не пакіне Свой народ, Сваіх людзей. Таму сёння, у Нядзелю Тамаша, апостала, які сумняваўся ў веры, ёсць добрая нагода нам усім умацавацца ў веры, навярнуцца да Бога і разам ісці, будаваць нашае жыццё: асабістае, дзяржаўнае, грамадскае", - сказаў а. Зміцер. Ён, згодна са Святым Айцом Францішкам, заклікаў мужна несці і сведчыць сваю веру ў гэтым свеце, трымацца веры, Хрыста і Ягонай Царквы.

Прыміцыйная Літургія а. Зміцера Чарняля завершылася супольнай гарбатай у памяшканні кляштару рэдэмптарыстаў - Кангрэгацыі, да якой належыць і айцец. Падчас агульнага пачастунку панавала цёплая сяброўская атмасфера, дзе кожны пачуваў сябе як дома. Разыходзіліся ўсе з радасным спакойным сэрцам, напоўненым надзеяй і любоўю. Дзякуй а. Зміцеру за ягонае служэнне!

Вольга Крапоціна

Каментары: