Папа Францішак: інтэрпрэтацыя святых тэкстаў павінна адпавядаць Традыцыі Царквы

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

На інтэрпрэтацыю Святога Пісання звярнуў увагу Папа Францішак падчас сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскай біблійнай камісіі на тэму «Натхненне і праўда ў Бібліі». Пасяджэнне праходзіла ў Ватыкане з 8 па 12 красавіка 2013 г.

Паводле Святога Айца, гэтая тэма важная як у кантэксце ўсёй Царквы, так і асобнага верніка, бо на Божым слове заснаваны хрысціянскае жыццё і місія, яно з’яўляецца душой тэалогіі і адначасова натхненнем для ўсяго хрысціянскага існавання. Святое Пісанне, як адзначыў Папа, з’яўляецца пісьмовым сведчаннем аб Божым Слове, якое «папярэднічае Бібліі і пераўзыходзіць яе», і, «каб зразумець яго правільна, патрэбна пастаянная прысутнасць Святога Духа, які навучыць усёй праўдзе». 

Пантыфік падкрэсліў моцную сувязь, якая існуе паміж Традыцыяй і Святым Пісаннем, і якую трэба ўлічваць падчас біблійных даследаванняў і адносіцца да яе з уважлівасцю. Гэта дапаможа пазбегнуць неадпаведнасці тлумачэнняў з верай Царквы. «Інтэрпрэтацыя святых тэкстаў не можа быць выключна індывідуальным навуковым намаганнем; яна павінна параўноўвацца, уключацца і адпавядаць жывой Традыцыі Царквы», — сказаў Папа, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.

Святы Айцец нагадаў, што тэксты, натхнёныя Богам, былі давераны супольнасці вернікаў, Царкве Хрыстовай, каб падпітваць веру і жыццё любові. Павага да гэтай глыбокай прыроды Святога Пісання абумоўлівае правільнасць і эфектыўнасць біблійнай герменеўтыкі. Адначасова Папа падкрэсліў, што незадавальняючай з’яўляецца «любая суб’ектыўная ці проста абмежаваная аналізам інтэрпрэтацыя, няздольная ўпітаць у сябе глабальны сэнс, які на працягу стагоддзяў напаўняў Традыцыю ўсяго народа Божага».

catholic.by

Каментары: