Разам да смерці!
У суботу 13 красавіка 2013 г. на парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі сямейная пара Юрыя і Ганны прынялі таінства шлюбу. Як і многія іншыя беларусы, гэта сям’я ў свой час была пазбаўленая магчымасці пазнаць праўду пра Бога, а разам з тым – Ягонага блаславення.
Няма сумневу, што менавіта праз няведання Бога і Яго праўды ў нашай краіне сям’я знаходзіцца ў вялікім крызісе. Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь, у студзені-лютым 2013 года на 1 тыс. шлюбаў прыпадала 535 разводаў, а каля 20% дзяцей у сённяшняй Беларусі нараджаюцца па-за шлюбам.
Ласка, уласцівая таінству шлюбу, пакліканая ўдасканальваць любоў паміж мужам і жонкай і ўмацоўваць іх непарыўнае адзінства. Пры дапамозе гэтай ласкі яны «дапамагаюць адзін аднаму асвячаць сябе праз сумеснае жыццё, а таксама праз прыняцце і выхаванне дзяцей» (ККЦ 1641). “Дзе вазьму я сілы апісаць здавальняючым чынам шчасце шлюбу, якое дае Царква, умацоўвае Эўхарыстычная ахвяра, укладвае блаславенне, анёлы абвяшчаюць, Айцец Нябесны ўцвярджае?” – пісаў сотні гадоў назад хрысціянскі апалагет Тэртуліян.
Сапраўды, без глыбокага разумення сутнасці сям’і, без жадання аддацца ў любові на ўсё жыццё іншаму чалавеку не толькі ў радасці, але і ў горы, і, нарэшце, без Божага блаславення сям’я не мае шанцаў на шчаслівае існаванне.
Таму сёння вітаем хрысціянскі шлюб Юрыя і Ганны і жадаем ім еднасці і любові да самай смерці, а таксама сілы і Божай ласкі ў пераадольванні жыццёвых цяжкасцяў.
Няхай іх усвядомленае рашэнне паслужыць прыкладам для тысячаў іншых беларусаў, якія, ствараючы сям’ю, ігнаруюць хрысціянскае таінства шлюбу або прымаюць яго толькі як прыгожы абрад па традыцыі.
Каментары: