Святы Дух – рухавік евангелізацыі

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

Папа Францішак працягнуў свае разважанні над “Сімвалам веры”. Падчас агульнай аўдыенцыі 22 траўня 2013 г. на плошчы св. Пятра Пантыфік нагадаў, што ў яго тэксце, адразу пасля вызнання веры ў Святога Духа, ёсць словы: “Веру ў адзіную, святую, паўсюдную і апостальскую Царкву”. “Існуе глыбокая сувязь паміж гэтымі двума рэальнасцямі веры: гэта Святы Дух дае жыццё Царкве і кіруе яго крокамі. Без пастаяннай прысутнасці і дзейнасці Святога Духа Царква не зможа жыць і рэалізоўваць заданне, якое ўваскрослы Ісус даверыў ёй: ісці і навучаць усе народы”, - сказаў Папа. Святы Айцец падкрэсліў, што абавязак евангелізацыі ляжыць на ўсіх членах Царквы. “Кожны павінен евангелізаваць, перш за ўсё сваім жыццём!” - сказаў ён і нагадаў словы Папы Паўла VI пра тое, што “евангелізацыя гэта ласка і пакліканне Царквы, яе самая глыбокая ідэнтычнасць”. Францішак адзначыў фундаментальную ролю Святога Духа, які мабілізуе да абвяшчэння Евангелля.

“Для таго, каб евангелізаваць, неабходна яшчэ раз адкрыцца на дзейнасць Святога Духа, не баючыся таго, аб чым ён папросіць і куды павядзе. Будзем жа давяраць Яму! Ён нас зробіць здольнымі жыць і сведчыць аб нашай веры, асвеціць сэрцы тых, каго сустрэнем”, - сказаў Папа. Пантыфік нагадаў, што Святы Дух, сыходзячы на апосталаў, дазволіў ім выйсці з памяшканняў, у якіх яны закрыліся ад страху, дазволіў ім выйсці па-за сябе, перамяніў іх у прапаведнікаў і сведкаў “вялікіх спраў Божых”.

Францішак звярнуў увагу на некаторыя “эфекты” дзейнасці Святога Духа, першым з якіх з’яўляецца адзінства, камунія. Папа нагадаў, што паводле біблійнага апавядання падзелы паміж людзьмі былі вынікам “пыхі і ганарлівасці чалавека, які хацеў пабудаваць без Бога, сваімі ўласнымі сіламі, “горад і вежу, вяршыня якой датыкае неба”. 

“У Пяцідзесятніцу гэтыя падзелы былі пераадолены. Няма больш пыхі ў адносінах да Бога, закрытасці ў адносінах да іншых, але ёсць адкрытасць на Бога, гатоўнасць выйсці, каб абвяшчаць Яго Слова: новая мова любові, якую Святы Дух вылівае ў нашы сэрцы; мова, якую ўсе могуць зразумець, і якая, калі прымаецца, можа знайсці выраз у любым месцы і любой культуры”, - сказаў Папа. Святы Айцец заклікаў кожнага запытаць сябе: ці спрыяе ён адзінству сваёй супольнасці або, наадварот, дзеліць яе праз плёткі, крытыку і зайздрасць?

Другім плёнам Зыходу Святога Духа на апосталаў з’яўляецца, паводле Францішка, адвага ў абвяшчэнні Евангельскай Навіны усім, “са шчырасцю і гучным голасам”.

“І гэта адбываецца таксама сёння ў Царкве і ў кожным з нас: дзякуючы полымю Пяцідзесятніцы, дзейнасці Святога Духа пастаянна вызваляецца новая місійная энергія, адкрываюцца новыя шляхі для абвяшчэння паслання збаўлення, новая адвага для евангелізацыі. Не будзем жа ніколі закрывацца на гэту дзейнасць. Будзем жыць Евангеллем з пакорай і мужнасцю! Будзем сведчыць аб навіне, надзеі, радасці, якія Пан уносіць у наша жыццё. Адчуем у нас салодкую і суцяшаючую радасць евангелізацыі”, - заклікаў Папа. 

Яшчэ адным элементам, на які звярнуў увагу Францішак, з’яўляецца малітва “аб полымі Святога Духа”. “Толькі верныя і інтэнсіўныя адносіны з Богам дазваляюць выйсці з уласнай закрытасці і шчыра абвячшаць Евангелле. Без малітвы наша дзейнасць становіцца пустой, а прапаведванне не мае душы, не натхняецца Духам”, - адзначыў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі.

 radiovaticana.va

Каментары: