Парафія поўніцца новымі вернікамі
Царква Хрыстовая папоўнілася новым членам. Да ліку дзяцей Божых праз хрост і мірапамазанне 11 чэрвеня 2013 г. далучылася дзяўчынка Дамініка. Таінствы на парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску ёй удзяліў а. Антон Нікалаеў, рэдэмптарыст.
Веруючыя бацькі жадаюць выхаваць у веры і сваіх дзяцей. І гэта натуральна, што хрысціяне хочуць бачыць хрысціянамі і сваіх нашчадкаў. Хрост сына ці дачкі - гэта абяцанне перад Богам выхаваць дзіця веруючым і верным, абяцанне таго, што бацька і маці зробяць усё неабходнае, каб дзіця, ўзрастаючы фізічна, узрастала таксама і духоўна.
У свой час святы Рыгор Багаслоў папракнуў маці-хрысціянку, якая баялася хрысціць сваё дзіця з-за свайго малаверства, маўляў, а раптам вырасце нявартым звання хрысціяніна: "У цябе ёсць дзіця? Не давай часу, каб павялічвалася пашкоджанне. Няхай асвячана будзе з дзіцячых гадоў, ад маленства прысвечанае Духу. Ганна і да нараджэння абяцала Самуіла Богу, і пасля нараджэння неўзабаве прысвяціла і выхавала для святарскай рызы, не баючыся чалавечай немачы, але веруючы ў Бога".
Першыя хрысціяне часта прымалі хрышчэнне сем'ямі. Ды і апосталы, як пра гэта сведчыць Святое Пісанне, хрысцілі цэлыя сямействы. Так мы чытаем аб хрышчэнні дома Лідзіі, дома Карнілія сотніка, дома Стэфана, але нідзе не сказана аб выключэнні з гэтага хросту дзяцей!
І сыходзіць ласка Ўсясвятога Духа на новаахрышчаную рабу Божую, і адкрываецца на Небе, у сферы Духа, яшчэ адзін "асабісты рахунак", на якім чакаюць "шчаслівую ўладальніцу" бязмежныя духоўныя скарбы. Дай Бог, каб стаўшы паўнагадовай, свядомай верніцай, не збілася яна са шляху да гэтага скарбу, і, ведзеная Духам Божым, увайшла ў шырока адкрытыя Дзверы, адважна прыступаючы да трону ласкі. Як і сказана: "Хадзем жа тады з даверам да пасада ласкі, каб атрымаць міласэрнасць і знайсці ласку на спрыяльную дапамогу" (Гбр. 4, 16).
Каментары: