Другі тур рэкалекцый для моладзі “Верны шлях: Компас”

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

Другі тур рэкалекцый для моладзі “Верны шлях: Компас” прайшоў у душпастырскім цэнтры грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску 29 чэрвеня 2013 г. Удзел у ім узялі хлопцы і дзяўчаты з розных гарадоў Беларусі, а таксама Украіны.

На першай сустрэчы, якая адбылася вясною ў Баранавічах, удзельнікі пазнаёміліся са своеасаблівым “компасам” да Валадарства Нябеснага, куды накіраваны шлях кожнага чалавека. Гэтым компасам ёсць Божае Адкрыццё, якое мы знаходзім у Святой Традыцыі і Святым Пісанні. Але нават маючы компас, чалавек не захаваны ад памылкі пайсці не ў тым напрамку. Неабходна правільна карыстацца ім, разумець яго і, зрэшты, проста бачыць яго.

Тэмы духоўных навукаў другой сустрэчы, якія праводзіў а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст, раскрывалі сэнс святых таінстваў і малітвы Царквы, якія пакліканыя дапамаць верным распазнаваць Божую волю і скіроўваць іх на правільную дарогу. У святых таінствах Сам Хрыстос дзейнічае ў Царкве, спасылаючы на людзей збавенную ласку. Праз таінствы хросту і мірапамазання чалавек становіцца дзіцём Божым і пачынае свой рух у напрамку да Валадарства шчасця і любові, у Еўхарыстыі Хрыстос яднаецца з намі, творачы супольнасць і надзяляючы верных Сваім жыццём, у споведзі чалавек вызнае свае памылкі і просіць у Бога дапамогі ў вяртанні на шлях, з якога збочыў.

Царква, якая ёсць у гэтым свеце вобразам нябеснай грамады, выступае прыкладам адносінаў чалавека са сваім Стваральнікам. Гэтыя адносіны найперш выражаюцца праз размову, якую мы называем малітвай. Апостал даручае вернікам: “Маліцеся няспынна” (1 Тэс. 5, 17). Гэты заклік не магчыма выканаць аднаму чалавеку, але супольнасці – магчыма. Менавіта таму вялікае значэнне мае ўдзел у царкоўных богаслужэннях – малітве Царквы. Царква моліцца няспынна, кожную хвіліну. Ад колькасці гэтай малітвы залежыць колькасць Божай ласкі ў свеце: “Ня маеце, бо ня просіце” (Як. 4, 2).

Пераходзячы ад тэорыі да практыкі, моладзь завершыла дзень рэкалекцыяў удзелам у Вялікай Вячэрні з Ліццёй у гонар свята Маці Божай Нястомнай Дапамогі. 

Каментары: