Калядныя святкаванні
Блізкасць Бога да чалавека гэта вялікая праўда, якую нам адкрывае свята Нараджэння Хрыстовага. Бог прыйшоў у свет людзей як чалавек, каб увайсці ва ўсе нашыя турботы і клопаты і дапамагчы нам вызваліць сваё жыццё ад іх. 25 снежня разам з мільёнамі хрысціянаў свету гэтую падзею святкуюць і беларускія грэка-каталікі. Парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску ў гэты дзень таксама адзначае год душпастырскай працы на парафіі беларускіх айцоў-рэдэмптарыстаў, якія на Раство 2012 г. урачыста распачалі тут сваё служэнне. З гэтай нагоды парафіяльную супольнасць наведаў протаігумен Львоўскай правінцыі Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў а. Ігар Каліснык.
Пасля Вячэрні з Літургіяй у Навячэр’е свята 24 снежня парафіяне разам са сваімі душпастырамі сабраліся на святы вечар. Айцец Ігар як пачэсны госць і настаяцель душпастыраў парафіі падзяліўся з кожным каляднай прасфорай з мёдам. Святы вечар прайшоў за супольнай трапезай, братэрскімі размовамі і спевам калядак.
У дзень свята Святую Літургію на парафіі ўзначаліў апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Звярнуўшыся да прысутных з духоўным словам, кіраўнік Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы паведаміў таксама, што гэтаю Службаю мы распачынам год святкавання 130-годдзя нараджэння блаславёнага святамучаніка Мікалая Чарнецкага, украінскага рэдэмптарыста, які ў часе Неауніі быў апостальскім візітатарам для грэка-каталікоў на беларускіх землях. Пра постаць блаславёнага, вельмі ўшаноўваемага ва Украіне і практычна невядомага ў Беларусі, прысутным расказаў а. Ігар. Святочныя мерапрыемствы завершыў творчы выступ моладзі.
Каментары: