“Шлях крыжа ў моцы Духа”: велікапосныя рэкалекцыі

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

Велікапосныя рэкалекцыі “Шлях крыжа ў моцы Духа” прайшлі 11-12 красавіка 2014 г. на парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску. Правёў іх а. Андрэй Абламейка, протапрэсвітар Заходнага дэканату БГКЦ імя блаславёнага Мікалая Чарнецкага і душпастыр івацэвіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай. Падчас рэкалекцый вернікі мелі магчымасць пакланіцца і памаліцца перад рэліквіяй Крыжа Гасподняга.

У трох рэкалекцыйных навуках а. Андрэй прапанаваў задумацца над сутнасцю людскага быцця ў свеце і нашага падабенства да Бога. Нагадаўшы даўні хрысціянскі погляд, што, ствараючы чалавека, Бог меў перад сабою вобраз Свайго ўцелаўлёнага Сына, а. Андрэй падкрэсліў, што нашае падабенства Богу павінна выражацца ў наследаванні Ісуса Хрыста. Гэтае наследаванне мы здабываем тады, калі "бярэм свой крыж" і ідзем за Ім, выконваючы Божую волю ў сваім жыцці.

Прыкладам такой праведнасці перад Богам з'яўляецца асоба старазапаветнага Язэпа, сына Якуба. Ён, трапляючы ў непрыемнасці, але застаючыся верным Богу, заўсёды дасягаў лепшага ад таго, што страчваў. Такая ёсць доля чалавека, які шукае Божай волі і Яго справядлівасці. Але разам з тым, звярнуў увагу а. Андрэй, трэба памятаць і пра прыклад праведнага Ёва, які, падобна да Язэпа, таксама быў мілы ў вачах Бога, але прайшоў цяжкае выпрабаванне пакутамі, каб засведчыць, што яго вернасць Богу трымаецца не на тых дабротах, які Бог дае яму, але на шчырай скіраванасці волі і розуму да Госпада. 

Каментары: