"Блаславёныя тыя, хто слухае Слова Божае і выконвае яго" (Лк. 11, 28)
З 21 да 23 снежня 2012 г. на менскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі адбыліся рекалекцыі перад святам Нараджэння Хрыстовага. Праводзіў іх а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст.
Асноўная ўвага падчас духоўных навукаў была прысвечаная гісторыі збаўлення людства – ад часоў Адама і Евы да звяршэння нашага Збаўлення Ісусам Хрыстом. Айцец Зміцер падкрэсліў, што прычына адпадзення людства ад Бога, а разам з тым ад вечнасці і шчасця, стаў сумнеў у святасці Божай волі і Божага закону, у выніку чаго людзі адвярнуліся ад Божай волі і пачалі шукаць сваю волю.
Аднак Бог у сваёй любові да нас не пакінуў свае стварэнні і Сам пачаў шлях павяртання людзей туды, адкуль мы адпалі. Паказаўшы шляхі, якія не вядуць назад у Валадарства Бога – шлях знішчэння зла ў сусветным патопе і аб’яўлення маральнага закону абранаму народу, - Бог сам прыйшоў у свет, каб паказаць людзям дарогу, якая вядзе да Яго, праўду, якую трэба прыняць, і жыццё, якім трэба жыць.
23 снежня а. Зміцер таксама адслужыў сваю прыміцыйную Літургію і ўдзяліў блаславенне ўсім вернікам.
Каментары: