Адбылася юбілейная ХХ пілігрымка ў Полацк
“Будзьце мужнымі! Адвагі!” - гэтыя словы, якія святы Папа Ян Павел ІІ накіраваў 7 студзеня 2005 г. да беларускіх грэка-католікаў, сталі дэвізам пілігрымкі з Віцебска ў Полацк у гэтым годзе.
У шлях пілігрымкі выйшла амаль 50 асобаў рознага ўзросту, улічваючы малую групу “велапілігрымкі”, якую на роварах узначальваюць а. Антон Нікалаеў (рэдэмптарыст) ды а. Пахом Кавалёў (студыт) з Менску.
Пілігрымка пачалася ў сераду раніцай, 9 ліпеня 2014 г., Малебнам у грэка-каталіцкім храме ў Віцебску. Малітва, якую ўзначалілі а. Андрэй Буйніч з Ліды ды а. Зміцер Чарнель (рэдэмптарыст) з Менску, працягвалася на вуліцах Віцебска.
Вуліцамі Віцебска да першага прыпынку пры крыжах, што стаяць на выездзе з Віцебска, суправаджаў пілігрымаў апостальскі візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей Гаек. Там жа ён перадаў удзельнікам ХХ грэка-каталіцкай пілігрымкі пажаданні ды блаславенне апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдзія Гуджароцці.
Традыцыйны шлях з Віцебска - месца мучаніцтва святамучаніка Язафата да ягонай Полацкай катэдры - месца мучаніцкай смерці Полацкіх пакутнікаў - манахаў базылянаў (+1705) - пілігрымы прайiлі за 4 дні: з серады да суботы. 100-кіламетровы шлях пілігрымкі праходзіў праз Шуміліна, Обаль, Гараны, Струнне.
У суботу, 12 ліпеня 2014 г., пілігрымы традыцыйна затрымаліся на малітву ў Струнні, каля памятнага крыжа, пастаўленага на падмурках разбуранай рэзідэнцыі ўніяцкіх мітрапалітаў. Там была адслужаная паніхіда за памерлых біскупаў, святароў ды вернікаў Грэка-Каталіцкай Царквы на беларускіх землях на працягу ўсёй гісторыі. Дэвіз ХХ пілігрымкі “Будзьце мужнымі! Адвагі!” гучаў там асабліва вымоўна.
“Подзвіг веры, надзеі ды любові нашых бацькоў у веры – гэта заклік да усіх сённяшніх вернікаў. Тут лепш разумеем нашае заданне, што спадчыну веры трэба з радаснай надзеяй адважна працягваць на шляху штодзённага жыцця,” – сказаў адзін з пілігрымаў.
Далей пілігрымы традыцыйна затрымаліся на малітву ля сценаў полацкай Сафіі – гістарычнага храму дарагога сэрцу кожнага беларускага хрысціяніна. Прагучала малітва за супакой на ўсім свеце, добры стан святых Божых цэркваў і з’яднанне ўсіх, за Богам сцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ. Мэтай пілігрымкі стаў грэка-каталіцкі храм св. Параскевы Полацкай, дзе быў адслужаны падзячны малебен.
У нядзелю, 13 ліпеня 2014 г., ля грэка-каліцкага храму св. Параскевы Полацкай прайшлі ўрачыстасці завяршэння ХХ грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск – Полацк. На ўрачыстасцях завяршэння ХХ пілігрымкі “Віцебск – Полацк 2014” грэка-католікі ўзгадалі памяць вялікіх іерархаў блаславёнага Мікалая Чарнецкага ды ўладыка Чэслава Сіповіча. Акрамя сотні пілігрымаў, якія шлях Віцебск – Полацк прайшлі пешшу, у нядзелю раніцай даехалі на свята групы вернікаў з Мінска, Барановічаў, Івацэвічаў.
Святочную ютрань ў храме св. Параскевы Полацкай узначаліў а. Андрэй Буйніч. Боская Літургія была адслужаная на плошчы каля храму, які не змог змясціць усіх вернікаў. Літургію ўзначаліў апостальскі візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей Гаек у саслужэнні святароў, якія прадстаўлялі ўсе тры грэка-каталіцкія протапрэзбітараты (дэканаты) – усходні, цэнтральны і заходні.
Архімандрыт Сяргей яшчэ раз працытаваў накіраваныя да пілігрымаў словы апостальскага нунцыя ўладыкі Клаўдзія Гуджароцці: “Жадаю вам мужнасці і адвагі на шляху пілігрымкі ды на шляху вашага жыцця!” Архімандрыт Сяргей падкрэсліў, што мужнасць і адвага патрэбныя нам не толькі на шляху чатырох дзён пілігрымкі. Яны патрэбныя нам на шляху ўсяго нашага жыцця, нармальнага хрысціянскага жыцця. А нармальнае хрысціянскае жыццё гэта жыццё паводле нормы, якой ёсць Евангелле Ісуса Хрыста.
“Сёння патрэбная нам адвага жыць паводле поўнага Евангелля ды не паддавацца спакусам капрызна выбіраць з Евангеллья толькі тое, што нам падабаецца. Вялікія іерархі нашай Царквы, якіх узгадваем у гэтым годзе – блаславёны святамучанік уладыка Мікалай Чарнецкі ды ўладыка Чэслаў Сіповіч, 100-гадовы юбілей нараджэння якога адзначаем у гэтым годзе, застаюцца для нас светлымі прыкладамі мужнасці і адважнага сведчання Евангелля,” – сказаў архімандрыт.
Каментары: