Запрашаем на святкаванне 100-годззя грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

31 жніўня 2014 г. у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская вобл.) адбудзецца святкаванне 100-годдзя нараджэння першага беларускага грэка-каталіцкага  біскупа ў ХХ ст. Чэслава Сіповіча. На святкаванне прыбудуць апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, асістэнт апостальскага візітатара для беларусаў замежжа айца Аляксандра Надсана айцец Сяргей Стасевіч (Лондан). Ушанаваць славутага земляка ў гэты дзень у друйскай парафіі запрашаюцца ўсе жадаючыя.

Праграма святкавання:

  • 15.00 — Акафіст грэка-каталіцкага хору з Менску.
  • 15.30 — Уводнае слова пра жыццё і дзейнасць біскупа Чэслава Сіповіча прамовіць асістэнт апостальскага візітатара для беларусаў замежжа айца Аляксандра Надсана айцец Сяргей Стасевіч (Лондан).
  • 16.00 — Святая Імша у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Друі, якую ўзначаліць і прамовіць гамілію апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Урачыстае адкрыццё памятнай табліцы з бюстам біскупа Чэслава Сіповіча і асвячэнне абраза св. Язэпа, які напісала мастачка Воля Куваева.

31 жніўня з Менска на святкаванне ад станцыі метро "Усход" паедзе аўтобусная пілігрымка. Збор удзельнікаў ды праверка пашпартаў (едзем у памежную зону) - а 06:30, адпраўленне аўтобуса а 7:00. Аўтобус вяртаецца ў Менск каля 22:30.

Кошт праезду = 150.000 бел. руб. (узяць з сабою перакус на дарогу). Запісы па тэлефоне (або асабіста) у с. Вікторыі тэл. +375-29-3098602.

Не ўсе святары і вернікі змогуць у нядзелю паехаць у Друю, таму святочная Архіерэйская Літургія будзе служыцца ў Менску ў суботу 30 жніўня а 10:00 гадз. у капліцы парафіі праведнага Язэпа ў Менску (вул. Арджанікідзэ). Гэта дасць магчымасць вернікам Менска ды наваколля ўдзельнічаць у Архіерэйскай Літургіі.

Чэслаў Сіповіч (8 снежня 1914 г., в. Дзедзінцы, Браслаўскі павет — 4 кастрычніка 1981 г., Лондан) — беларускі грэка-каталіцкі святар, генерал супольнасці марыянаў, тытулярны біскуп Марыяметанскі, апостальскі візітатар беларусаў-католікаў замежжа, доктар багаслоўскіх навук (1946), адзін з беларускіх тэарэтыкаў і прапаведнікаў экуменізму; гісторык, культуролаг, пісьменнік, публіцыст і перакладчык. У перыядычным друку выступаў пад псеўданімамі Васіль Друя (В. Д-я), А. Дзедзінка (А. Дз-ка), Крывічанін і інш.

Паходзіў са шматдзетнай сялянскай сям’і беларусаў-католікаў Вінцука Сіповіча і Ядзвігі Тычкі. Адукацыю атрымліваў у пачатковай школе ў роднай Дзедзінцы (з 1921 г.), пасля ў Друі, з 1928 г. вучыўся ў Друйскай гімназіі пры кляштары айцоў марыянаў. Пасля яе заканчэння ў 1935 г. вывучаў філасофію і тэалогію ў Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя. 1 жніўня 1933 г. уступіў у навіцыят марыянаў. 9 ліпеня 1938 г. паводле загаду польскіх уладаў быў разам з іншымі марыянскімі студэнтамі выселены з друйскага кляштара і не змог працягваць навучанне ва ўніверсітэце, бо вяртацца ў Вільню яму не дазволілі польскія ўлады. Працягваў вучобу па прапанове вышэйшых духоўных уладаў марыянаў на тэалагічным факультэце Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме. Вучыўся ў Папскім Усходнім інстытуце, дзе падрыхтаваў і абараніў 19 снежня 1946 г. доктарскую дысертацыю, прысвечаную мітрапаліту Ясону Смагажэўскаму. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у Рыме 16 чэрвеня 1940 г.

Быў рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі (1947), беларускім прадстаўніком у Цэнтральным каардынацыйным камітэце дабрачынных арганізацый уцекачоў (1949-1960). Удзельнік Другога Ватыканскага Сабору (1962-1965), быў там абраны ў камісію па справах Усходніх Цэркваў. Генерал супольнасці марыянаў у Рыме (1963-1969). З 1959 г. - віцэ-старшыня, з 1965 г. - ганаровы віцэ-прэзідэнт Таварыства Яна Залатавуснага ў Лондане — брытанскай арганізацыі, створанай у 1926 г. з мэтай пашырэння ў англамоўным свеце ведаў пра ўсходняе хрысціянства.

Быў сябрам Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі, сябрам рэдкалегіі навуковага часопіса «The Journal of Byelorussian Studies». Браў актыўны ўдзел у арганізацыі і дзейнасці Англійска-беларускага таварыства. Выступаў з рэфератамі гісторыка-культуралагічнага характару на курсах беларусазнаўства.

У складзе ініцыятыўнай групы беларускіх духоўных і свецкіх дзеячаў (Пётр Татарыновіч, Леў Гарошка, Лявон Рыдлеўскі) 8 лістапада 1946 г. хадайнічаў перад Папам Піем ХІІ аб прызначэнні беларускага біскупа. Адзін з арганізатараў Беларускай школы св. Кірылы Тураўскага і інтэрната пры Лонданскім доме марыянаў (1961). Ініцыятар і заснавальнік Беларускага дома айцоў марыянаў у Лондане. У жніўні 1965 г. абраны сябрам Управы беларускага адукацыйнага і дапаможнага фонду ў ЗША. Ініцыятар адкрыцця і заснавальнік Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны і музея пры ёй (май 1971 г.). Удзельнічаў у з’ездах беларускіх каталіцкіх святароў у эміграцыі (1960, 1961, 1962, 1972, 1977, 1979 гг.).

Актыўна супрацоўнічаў з беларускімі эмігранцкімі перыядычнымі выданнямі («Беларус», «Бацькаўшчына», «Божым шляхам»). Публікаваў артыкулы рэлігійнай і культурна-грамадскай праблематыкі ў англамоўных выданнях.

Каментары: