Мудрасць - цнота экалогіі жыцця

- . Апублікавана ў Публікацыі

Мудрасць - гэта перш за ўсё характарыстыка,  якая належыць Богу Творцы (Ер. 10, 12;  51, 15)  і з'яўляецца асновай ўсёй рэчаіснасці, аднак, чалавек таксама мае частку ў Божай мудрасці, паколькі створаны на Божы вобраз і падабенства.

Мудрасць - гэта фундаментальная здольнасць чалавека да пазнання пэўнай рэчы і ўсяго існага ў кантэксце створанай Богам рэчаіснасці. Дзякуючы Божаму дару мудрасці чалавек спазнае ўсё як стварэнне Божае, якое існуе ў пастаяннай сувязі і накіраванасці да Творцы.

Мудрасць робіць наш розум здольным пазнаваць у розных сітуацыях наша сапраўднае дабро і выбіраць неабходныя для яго дасягненя сродкі (гл. Катэхізіс Каталіцкай Царквы,  № 1806).

Згодна Святога Пісання - мудрым з'яўляецца той чалавек, які ходзіць Божымі шляхамі і выконвае Яго запаведзі. У Новым Запавеце мудрасць атаясамліваецца з Ісусам Хрыстом - з Сынам і Словам Бога Айца. Калі чалавек злучаецца з Хрыстом, ён становіцца датычным да мудрасці Божай і набліжаецца да Бога.

Праўдзівая мудрасць заключаецца ў тым, што чалавек засноўвае сваё жыццё на падмурку праўдзівай веры ў адзінага ў Найсвяцейшай Тройцы Бога; надзеі на Валадарства, якое ўжо дадзена кожнаму чалавеку, але, адначасова, з'яўляецца пакліканнем усяго нашага жыцця і задачай, якую мы павінны рэалізаваць кожны момант, а таксама на творчай і зыходзячай любові Бога, якой чалавек жыве і дзеліцца са сваімі блізкімі і ўсім стварэнням.

Мудрым з'яўляецца той чалавек, які развівае і рэалізуе ў сваім паўсядзённым жыцці Боскі патэнцыял і дары, атрыманыя ад Творцы, ідучы дарогай дабрадзейнага жыцця. Дзякуючы мудрасці, стаюць магчымымі іншыя кардынальныя маральныя прынцыпы. Айцы Царквы назвалі гэтую цноту кіраўніком (auriga virtutum) іншых цнотаў, паколькі менавіта яна паказвае ім належную норму і меру (гл. Катэхізіс Каталіцкай Царквы, № 1806).

Мудрасць дазваляе свабодзе выбару трансфармавацца ў сапраўдную свабоду, якая выбірае дабро і пазбягае зла. Мудры чалавек пазбягае граху, жыве з Богам і па-божаму. Мудрасць дазваляе і запавядае адкрыцца на Божую Праўду, сведчыць пра яе і абараняць. Праўдзівая мудрасць адкідае дыстанцыяванне ад Бога. Чужым ёй ёсць любая крывадушнасць, праявы гонару і наогул кожнае зло і грэх.

Дзе не хапае мудрасці - пачынаюцца праблемы ў асабістым і грамадскім жыцці. Гэтак сама і ахова прыроды мае тады дрэнныя перспектывы. Чаму? Таму што гэтая маральная кардынальная цнота:

- актывуе наш розум і ставіць яго на службу распазнання сапраўднага шчасця і асноўнай мэты жыцця.

- дапамагае зразумець сваю боскую прыроду (гл. Быц. 1, 26-27) і экалагічнае пакліканне (Быц 2, 15). Гэта пакліканне - быць верным Богу наглядчыкам стварэння, а не бяздумным эксплуататарам і разбуральнікам.

- дазваляе распазнаць заканамернасці і ўзаемазалежнасці, якія пануюць у Божым стварэнні (законы прыроды).

- дапамагае ўсвядоміць сябе інтэгральнай часткай адзінага жывога арганізма Божага стварэння.

- схіляе да ідэнтыфікацыі і збору экалагічна важнай інфармацыі.

- дазваляе не толькі канстатаваць наяўнасць канкрэтных экалагічных праблем, але і дапамагае даследаваць пытанне іх крыніц і шляхоў пераадолення.

- вядзе да ўсведамлення, што сучасны экалагічны крызіс выкліканы найперш крызісам экалогіі чалавека, крызісам яго адносінаў з Богам, крызісам духоўнасці і маральных каштоўнасцяў, спажывецкай і геданістычнай ментальнасцю і інш., што дазваляе пачаць належнае экалагічнае лячэнне планеты.

- робіць здольным да прыняцця аб'ектыўна правільных і экалагічна адказных рашэнняў, у якіх аб'ядноўваецца жаданне дабра стварэнню і веды, як гэта дабро можа быць рэалізавана ў нашым паўсядзённым жыцці.

На жаль, мы ў асноўным не задумваемся над сваім паўсядзённым уздзеяннем на навакольнае асяроддзе і наконт зваротнага ўплыву экалагічных наступстваў на наша здароўе і жыццё. У гэтым кантэксце экалагічная мудрасць патрабуе спыніцца і задумацца над негатыўнымі экалагічнымі наступствамі свайго жыцця і дзейнасці, а таксама задумацца, як можна іх паменшыць і пачаць больш натуральны і дружалюбны да навакольнага асяроддзя лад жыцця.

Мудрасць падахвочвае да своеасаблівага экалагічнага звароту,  які можа быць асабліва эфектыўным у сферы зберажэння электрычнасці, зніжэння расходу цяпла, памяншэння спажывання вады, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і многіх іншых добрых учынкаў у адносінах да Божага стварэння. Усё гэта не толькі спрыяе памяншэнню негатыўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, але, як правіла, з'яўляецца таксама істотным фінансавым зберажэннем і станоўча ўплывае на самаадчуванне і стан здароўя.

Цнота мудрасці заключаецца ў пастаянных намаганнях нашага розуму і волі, накіраваных на зразуменне канчатковай Мэты, да якой мы ідзем праз розныя вымярэнні нашага жыцця і дзейнасці: сям'ю, кола сяброў, парафіяльную супольнасць, працу, грамадства і Божае стварэнне - прыроду.

Мудрасць дазваляе ўсвядоміць і рэалізаваць сваё агульначалавечае і хрысціянскае пакліканне, у тым ліку яго экалагічнае вымярэнне, якое заключаецца перш за ўсё ў тым, каб жыць па-божаму і быць пасярэднікамі Божай мудрасці і Яго міласэрнай і жыватворнай любові да сваіх бліжніх і ўсяго стварэння.

Д-р Уладзімір Шарамета

Бюро УГКЦ з пытанняў экалогіі

catholicnews.org.ua

Каментары: