Беларуская Грэка-Каталіцкая (Уніяцкая) Царква

- . Апублікавана ў Царква

spiritЦарква Хрыстовая, ажыўленая Святым Духам, прагне, каб чалавек быў вызвалены і адноўлены на ўзор свайго Госпада і Збаўцы Ісуса Хрыста. Добрая навіна аб Уваскрасенні і перамозе над грахом дае надзею людскому роду вось ужо дзве тысячы год. Увесь гэты час Царква Хрыстовая не перастае абвяшчаць яе ўсім людзям згодна з найглыбейшай патрэбай уласнай паўсюднасці, а таксама згодна волі свайго Заснавальніка (Mк. 16, 15). Даванне такога сведчання Царква Хрыстовая абапірае на падкрэсленні годнасці чалавечай асобы. 

У Ісусе Хрысце Бог палюбіў чалавека ўва ўсёй яго паўнаце. Гэтая любоў абдымае не толькі кажнага асабіста, але і супольнасці сям’і, народу, дзяржавы. Таму Царква, збіраючы вернікаў, у іх і праз іх закарэньваецца ў жыцці канкрэтнага народу праз дастасаванне да мясцовай культуры.

Беларуская Грэка-Каталіцкая (Уніяцкая) Царква адраджаецца напрыканцы ХХ ст. як Царква з вялікай гісторыяй, якая бярэ пачатак ад з’яўленьня на тэрыторыі старажытнага Полацкага княства першых місіянераў з Візантыі і закладання першых епархій, праз часы росквіту Вялікага Княства Літоўскага аж да Берасцейскай уніі 1596 г., якая з’яднала падзеленую на той час Царкву візантыйскай і лацінскай традыцыі ў адно цела з вызнаннем аўтарытэту наступніка апостала Пятра — рымскага біскупа, ды вызнаннем адзінай веры пры захаванні ўласных традыцый, абраду і царкоўнага календара. Спадкаеміцай гэтай жа ўніі з’яўляецца таксама Украінская Грэка-Каталіцкая Царква, бо на той час як беларускія, так і ўкраінскія епархіі ўвыходзілі ў адну Кіеўскую мітраполію, цэнтр якой, між іншым, знаходзіўся ў Вільні, а пазней у Наваградку. Назва „ўніяцкая”, атрыманая ў той час, азначае злучаная, з’яднаная.

Берасцейская унія

18 (8) кастрычніка 1596 г., у Берасці ў катэдральнай царкве св. Мікалая на Сінодзе біскупаў Кіеўскай мітраполіі адбылася знакавая для гісторыі ўсёй Усходняй Еўропы падзея – Кіеўскім мітрапалітам і біскупамі ў прысутнасці вядомых багасловаў і ярархаў – афіцыйных прадстаўнікоў Рыма-Каталіцкай Царквы ў Рэчы Паспалітай і Папы Рымскага, прадстаўнікоў караля і свецкай улады быў падпісаны акт Берасцейскай царкоўнай уніі.

Сінод біскупаў Кіеўскай мітраполіі, які праходзіў з дазволу каралеўскай улады ў Берасці з 16 па 20 кастрычніка (6-10 паводле старога юліянскага календара) 1596 г. абвясціў пра АДНАЎЛЕННЕ ЕДНАСЦІ Кіеўскай мітраполіі з Біскупам Рыму і Паўсюднай Царквой. Саборную грамату з актам царкоўнай уніі падпісалі і замацавалі сваімі пячаткамі мітрапаліт Кіеўскі Міхаіл Рагоза, біскуп Уладзімерскі і Берасцейскі Іпаці Пацей, біскуп Луцкі і Астрожскі Кірыла Тарлецкі, які да таго ж выступаў пад тытулам патрыяршага экзарха, архібіскуп Полацкі Герман Загорскі, біскуп Холмскі і Белзскі Дыянісі Збіруйскі, менаваны біскуп Пінскі і Тураўскі кобрынскі архімандрыт Ёна Гогаль, а таксама тры архімандрыты – прадстаўнікі манастыроў: Паісі Анікевіч-Сахоўскі з Менскага манастыра, Гедэон Бральніцкі з Лаўрышаўскага манастыра і архімандрыт Браслаўскага і Гарадзенскага манастыроў Клімент (Багдан) Годкінскі.

unia19 (9) кастрычніка біскупы, што не былі ў Рыме ў Папы, склалі прысягу і ў царкве св. Мікалая перад народам была зачытана падпісаная напярэдадні грамата аб еднасці Кіеўскай мітраполіі з Апостальскім Пасадам у Рыме. Два біскупы Кіеўскай мітраполіі – львоўскі і перамышальскі, – якія раней выказвалі прыхільнасць да Уніі, адмовіліся гэта рабіць.

У нядзелю, 20 кастрычніка (10 кастрычніка паводле старога календара) 1596 г. адбылася ўрачыстая Служба Божая ў катэдральнай царкве св. Мікалая з удзелам лацінскіх біскупаў і святароў, пасля якой урачыстая працэсія ўладык і духавенства абодвух абрадаў прайшла у касцёл Узвышэння Святога Крыжа, дзе адбыўся падзячны малебен.

Фактычна ўрачыстае абвяшчэнне Уніі ў Берасці адбывалася тры дні 18-20 (8-10) кастрычніка, а сам акт Берасцейскай уніі падпісаны 18 (8) кастрычніка 1596 г. Паінфармаваны пра ўрачыстае абвяшчэнне Уніі кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III сваім універсалам ад 15 снежня 1596 г. зацвердзіў правамоцнасць усіх рашэнняў Сінода біскупаў у Берасці 16—20 кастрычніка 1596 г. і заклікаў усіх праваслаўных вернікаў дзяржавы да паслушэнства сваім біскупам, а М. Капысцінскага і Г. Балабана, якія не падпісалі Унію, каб не прызнавалі больш сваімі пастырамі. Афіцыйна праваслаўная Царква ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай надоўга перастала існаваць.

Падпісанне ўладыкамі Кіеўскай мітраполіі акту царкоўнай уніі і царкоўны сабор у Берасці 18-20 кастрычніка 1596 г. – гэта аднаўленне былой еднасці Царквы Хрыстовай, якая была ў апостальскія часы да трагічнага царкоўнага падзелу ў 1054 г. (на нашых землях ён наступіў дэ-факта нашмат пазней). Гэта дзень АДНАЎЛЕННЯ ў Кіеўскай мітраполіі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай ранейшага стану Царквы – стану еднасці гэтай памеснай Царквы з Рымскай Царквой. Безумоўна, гэта было найперш рашэнне ярархіі, якая клапацілася пра захаванне і будучыню сваёй Усходняй Царквы ў Рэчы Паспалітай у тагачаснай складанай геапалітычнай і царкоўнай сітуацыі. Прымаючы сваё пастырскае рашэнне, ярархі Кіеўскай мітраполіі апелявалі да Хрыстовага запавету «каб усе былі адно», а таксама да неаднаразовых спробаў і памкненняў аднавіць згоду і еднасць хрысціянаў, якія мелі месца на нашых землях у мінулыя часы.

Не ўсе япархіі, манастыры і цэрквы Кіеўскай мітраполіі аднавілі еднасць з Рымам і Паўсюднай Царквой на царкоўным саборы ў Берасці ў 1596 годзе, а толькі пераважна тыя, што ахоплівалі беларускія землі. Дзве япархіі – Львоўская і Перамышальская, уладыкі якіх на пачатку падтрымлівалі ўнійныя захады, але на саборы ў Берасці адмовіліся браць у ім удзел, далучыліся да Уніі на стагоддзе пазней. З цягам часу асобныя манастыры і цэрквы далучаліся да Уніі. Як адзначаюць даследчыкі Уніі, у канцы XVIII ст. у ВКЛ на беларускіх землях уніятамі былі 3/4 насельніцтва, а ў сельскай мясцовасьці – да 85%. Уніяцкая Царква адыграла важную ролю ў фармаванні беларускага народу і ў стварэнні і захаваньні яго культурнай спадчыны.

charch-of-saint-Nikolai

pratulinКалі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Беларусь апынулася ў складзе Расійскай імперыі, адразу пачаліся захады, скіраваныя да ліквідацыі Ўніяцкай Царквы. Літоўскі біскуп Іосіф Сямашка ў 1839 годзе давёў да яе скасавання і далучэння да Расійскай Праваслаўнай Царквы на так званым полацкім „сінодзе”. Тады пачаўся крыжовы шлях нашай Царквы. Сотні мучанікаў і вызнаўцаў, якія заплацілі сваім жыццём за вернасць царкоўнаму адзінству, тысячы спаленых уніяцкіх кніжак, службоўнікаў і беларускіх першадрукаў, пра якія піша сам Сямашка ў сваіх дзённіках — найлепшыя таму сведчанні. Але Царква не знікла. Яна ўваскрасала ў кажную спрыяльную пару.

Першае яе адраджэнне адбывалася на Заходняй Беларусі, якая апынулася ў складзе Польшчы, у 1920-х гадах як так званая неаунія. З 17 веранся 1939 г. з прыходам савецкай улады НКВД пачаў раз’юшаныя рэпрэсіі святароў. На пачатак 1941 году засталося толькі 3 парафіі. 17 верасня 1940 г. мітрапаліт Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Андрэй Шаптыцкі сілаю спецыяльных паўнамоцтваў, нададзеных яму Папам Піем Х у 1908 годзе, утварыў Экзархат для беларусаў-каталікоў візантыйскага абраду з цэнтрам у Менску і менаваў першым экзархам айца Антонія Неманцэвіча. Гэтае рашэнне і намінацыю а. А. Неманцэвіча пацвердзіў прэфэкт Кангрэгацыі для Ўсходніх Цэркваў кард. Тысэрана ў сваім лісце ад 22 снежня 1941 г. Айцец-экзарх А. Неманцэвіч загінуў мучаніцкай смерцю падчас акупацыі Менску фашыстымі ў 1942 годзе.

Пасля ІІ сусветнай вайны Грэка-Каталіцкая Царква не існавала афіцыйна, але існавала ў сэрцах і думках людзей. Душпастырскую службу ў падполлі выконвалі ўкраінскія святары. З 1976 г. сістэматычную апостальскую працу ў Беларусі падпольна праводзіў былы вязень сталінскіх лагераў айцец Віктар Данілаў, высвечаны на святара ў 1976 г. у Львове мітрапалітам Уладзімерам Старнюком. Цэнтрам дзейнасці айца Данілава была Гародня.

matuseviczПачынаючы з 1989 г. — ва ўмовах пэўнай лібералізацыі грамадскага і рэлігійнага жыцця — групы студэнцкай моладзі і беларускай інтэлігенцыі, зацікаўленыя ідэяй уніі, пачалі адраджэнне БГКЦ. Першая пасля вайны грэка-каталіцкая парафія ў Менску была ўтвораная ў верасні 1990 г. Знакавай асобай у працэсе адраджэння стаў а. Ян Матусевіч, родам з в. Коменка Менскай вобласці. Яго сям'я – беларуская, праваслаўная з уніяцкімі каранямі. У 1974-1979 г. а. Ян служыў як праваслаўны святар у Смаленску, а потым у мясцовасці Маркава каля Маладзечна. У 1979 г. далучыўся да Каталіцкай Царквы. На працягу наступных адзінаццаці гадоў быў пробашчам у Барунах (1979-1990). З 1988 году пачынае адпраўляць па-беларуску, і Баруны становяцца месцам паломніцтваў інтэлігенцыі з усёй Беларусі. Маладыя людзі, якія не былі ахрышчаныя ў дзяцінстве, жадаюць прыняць хрост менавіта ў айца Яна Матусевіча, і менавіта тады, з 1988 па 1990 г., у Барунах адбываюцца хросты ва ўсходнім абрадзе.

12 лістапада 1989 году ўніяцкая моладзь і інтэлігенцыя прысутнічаюць на свяце св. Язафата ў Барунах. Хоць службу а. Ян адпраўляў у лацінскім абрадзе, можна лічыць гэтую падзею першай акцыяй уніятаў Менску. Ад 1990 г. а. Ян стаў пробашчам першай грэка-каталіцкай парафіі ў Менску. Ён асвяціў крыж у Курапатах, пастаўлены на месцы масавых расстрэлаў НКВД. Стаў адным з сузаснавальнікаў Біблейскага Таварыства Рэспублікі Беларусь. Памёр пасля цяжкай хваробы 2 верасня 1998 г. ў Менску.

Рух за адраджэнне Уніяцкай Царквы ўзмацніўся ў 1990 годзе, пасля візіту ў Менск апостальскага візітатара для беларусаў замежжа мітрафорнага протаярэя Аляксандра Надсана. Дзень 11 сакавіка 1990 году, калі а. Аляксандр Надсан адслужыў у Менску Боскую Літургію па-беларуску, можа быць прызнаны за дату аднаўлення адкрытага літургічнага жыцця грэка-каталіцкіх парафіяў у Беларусі.

Гэтак запачаткавалася цяперашняе адраджэнне нашай Царквы, якая да канца падзяліла пакутніцкі лёс свайго народу і паўстае з небыцця, каб зноў стаць сумленнем, душою нацыі. Вядома, на гэта спатрэбіцца шмат малітвы, часу, высілку і ахвярнасці многіх.

БГКЦ як Памесная Царква 

Часта можна сустрэцца з няслушнымі ўяўленнямі пра БГКЦ як пра частку Рыма-Каталіцкага Касцёла, якая адрозніваецца толькі абрадам, або з думкаю, што БГКЦ з’яўляецца пэўным сярэднім шляхам паміж праваслаўем і каталіцтвам, пад якім разумеецца Рыма-Каталіцкі Касцёл. Такія ўяўленні цалкам няслушныя і супярэчаць навучанню Каталіцкай Царквы.

ІІ Ватыканскі сабор (1962-1965) між іншым акрэслівае Каталіцкую Царкву як супольнасць памесных цэркваў, згуртаваных між сабой, якія знаходзяцца ў еднасці з біскупам Рыму і пад ягоным провадам. Каталіцкая Царква прысутнічае ў кажнай паасобнай Царкве гэтай супольнасці. Трэба падкрэсьліць, што слова "супольнасць" азначае не нейкую федэрацыю Цэркваў, але адзіны жывы арганізм, члены якога спалучаныя адзін з адным, жывуць моцаю Святога Духу і чэрпаюць сілу з адной крыніцы Святой Еўхарыстыі. Паўсюдная Царква ёсць чымсьці значна большым, чым проста сумаю членаў. Усе цэрквы, якія знаходзяцца ў гэтай еднасці, называюцца каталіцкімі цэрквамі. Каталіцкая Царква адна і адзіная існуе ў многасці памесных цэркваў, якія захоўваюць свае асаблівасці. На сёння існуе 21 усходняя каталіцкая царква і адна заходняя, якою ёсць Рыма-Каталіцкі Касцёл. Усе яны маюць аднолькавую годнасцю, роўныя правы і абавязкі.

БГКЦ ад моманту заключэння Берасцейскай уніі ёсць адной з памесных цэркваў, якія разам твораць адзіную Каталіцкую Царкву. "Гэтая аўтаномія Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў не бярэ пачатку ад нейкіх прывілеяў, наданых ёй Рымскаю Царквой, а выплывае з самога права, якім гэтыя цэрквы надзеленыя з апостальскіх часоў".

БГКЦ як Царква свайго права (Ecclesia sui iuris) 

БГКЦ з’яўляецца Царквою свайго права (sui iuris). Акрэсленне "Царква свайго права" азначае аўтаномнасць. Царкоўнае права падае наступнае яе вызначэнне: Царквою свайго права з’яўляецца "супольнасць хрысціянаў, аб’яднаная іерархіяй паводле нормаў права, якую найвышэйшая царкоўная ўлада выразна або моўчкі вызнае як сваё права (...)". Цэрквы свайго права падзяляюцца на патрыяршыя, вярхоўнаарцыбіскупскія, мітрапалічыя, біскупскія і іншыя.

На сённяшні дзень існуе 22 Царквы свайго права: 21 усходняя каталіцкая царква і адна заходняя, якой ёсць Рыма-Каталіцкі Касцёл. БГКЦ і УГКЦ знаходзяцца сярод 13 цэркваў свайго права, якія выводзяцца з візантыйскай традыцыі. УГКЦ з’яўляецца найбольшай сярод усіх усходніх каталіцкіх цэркваў. Яна налічвае ў адной толькі Ўкраіне ад 5 да 5,5 мілёнаў вернікаў. На чале УГКЦ стаіць вярхоўны арцыбіскуп, які, з увагі на тытул, у сваіх правах роўны патрыярху.

Archim GajekБГКЦ на сённяшні дзень не мае сваёй іерархічнай структуры. Аднак пэўная асаблівая сітуацыя існуе ў сувязі з заснаваннем мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім экзархатам для беларусаў грэка-каталікоў. Пасля смерці экзарха А. Немацэвіча Апостальская Сталіца, а менавіта Кангрэгацыя для ўсходніх цэркваў, ніколі не выдала дакументу, які скасаваў бы вышэйзгаданы экзархат. Такім чынам, экзархат існуе, але застаецца вакантным да сённяшняга дня. Адсутнасць іерархіі выклікана не бракам зацікаўлення гэтай справай з боку царкоўных уладаў, але аб’ектыўным станам нашае Царквы. У гэтай сітуацыі ўласным іерархам для вернікаў Царквы свайго права з’яўляецца той, каго прызначыў Апостальскі Пасад. Юрысдыкцыю для нашай Царквы мае Кангрэгацыя для Ўсходніх Цэркваў. Ад яе імя грэка-каталікамі на Беларусі апякуецца візітатар "ad nutum Sanctae Sedis" архім. Сяргей Гаек. Апостальскім візітатарам для беларусаў грэка-каталікоў на дыяспары з’яўляецца мітрафорны протаярэй а. Аляксандар Надсан.

БГКЦ не ёсць шматлікаю, але гэта не бянтэжыць яе вернікаў. Царква пачынае прарастаць з насення, каторым ёсць Слова Божае. Гэтае насенне заўжды прарастае ў душы таго, хто цалкам даверыцца волі Божай, а такіх людзей на Беларусі ніколі не бракавала, прыкладам чаго ёсць нашыя вялікія сьвятыя: Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Язафат Кунцэвіч.

БГКЦ як Царква візантыйска-беларускага абраду 

БГКЦ належыць да Цэркваў візантыйскай традыцыі або абраду, які на беларускай культурнай глебе набыў адметныя нацыянальныя рысы.

IMG 4929Абрад гэта „літургічная, багаслоўская, духоўная і дысцыплінарная спадчына — розная ў залежнасці ад культуры і гістарычных абставінаў народаў — якая выяўляецца ў спосабе практыкавання веры, уласцівым для кожнай Царквы свайго права”.

Коранем нашага абраду з’яўляецца візантыйская традыцыя. З Візантыі хрысціянства прыйшло на нашыя землі і прынесла з сабою асвету, багаслоўскую думку, візантыйскую Літургію і манаскую духоўнасць. Апрача беларускай ды ўкраінскай цэркваў да візантыйскага абраду належаць таксама харвацкая, грэка-мельхіцкая, грэка-элінская, вугорская, італа-албанская, румынская ды славацкая цэрквы. Іхняя гісторыя звязаная з іншымі царкоўнымі уніямі.

Пра адметны візантыйска-беларускі абрад можна гаварыць, дзякуючы перакладу грэцкіх літургічных тэкстаў на беларускую мову, які здзейсніў а. А. Надсан. Гэты пераклад Апостальская Сталіца зацвердзіла ў 1994 г. Немагчыма пераацаніць вартасць гэтага перакладу для адраджэння БГКЦ. Мае ён таксама немалую літаратурную вартасць.

Калі разглядаць іншыя аспэкты абраду: духоўнасць, багаслоўскую думку, партыкулярнае права, то гэтыя прадметы яшчэ чакаюць на ўласных багасловаў, знаўцаў царкоўнага права і гісторыі.

БГКЦ — перспектывы на будучыню 

БГКЦ выглядае сёння вельмі сціпла. Але гэта не падстава для роспачы ці сядзення, склаўшы рукі. Наадварот, такая сітуацыя яшчэ больш нас мабілізуе і забавязвае. Мы глядзім у будучыню. Развіццё Царквы будзе залежаць перш за ўсё ад асабістага навяртання і ўсведамлення сваёй адказнасці за яе лёс і лёс свайго народу.

З вялікай надзеяй Царква чакае на маладых святароў, якія пачнуць апостальскае служэнне. Тады Царква зможа аднавіць свой вобраз, сваю ментальнасьць, пазбыцца комплексаў: страху, апатыі, цынізму, адсутнасці жадання працаваць, жадання ўсё атрымоўваць задарма.

БГКЦ адкрытая на кантакты з нашымі братамі грэка-каталікамі Ўкраіны. Мы асабліва ўдзячныя ім за разуменне нашых патрэбаў у часе, калі Грэка-Каталіцкая Царква на Ўкраіне толькі выходзіла з падполля і сама перажывала цяжкі час. З пачаткам адраджэння нашай Царквы ўкраінскія святары служылі першыя Святыя Літургіі, катэхізавалі і хрысцілі вернікаў, прапаведвалі Слова Божае ў Полацку, Віцебску, Менску. На Ўкраіне атрымоўваюць адукацыю нашы кандыдаты на святароў. Ужо традыцыйнымі сталі пілігрымкі нашых вернікаў да святыняў Гошава, Зарваніцы, Унева, Крэхава.

З вялікім спадзяваннем БГКЦ чакае на аднаўленне ўласнай іерархічнай структуры. Тады будзе спаўняцца на нашай зямлі воля Госпада Ісуса Хрыста: „Каб усе былі адно”.

Каментары: