Блаславёная Мар'яна Бярнацкая

13 чэрвеня 1999 года Папа Ян Павел ІІ у ліку 108 новамучанікаў ІІ Сусветнай вайны абвясціў блаславёнай Мар’яну Бярнацкую. “Мы адзначаем перамогу тых, хто ў нашым стагоддзі аддаў жыццё для Хрыста. Аддаў зямное жыццё, каб атрымаць яго навечна ў Божай славе. Таму мы слушна імкнёмся за іх прыкладам верна крочыць за Ісусам”, – гаварыў Святы Айцец у гаміліі падчас беатыфікацыйнай урачыстасці.
Мар’яна з роду Чакала нарадзілася ў 1888 годзе ў Сапоцкінскім краі каля Гродна, у мястэчку Ліпск (цяпер — Польшча), у сям’і ўніятаў, прымусова запісаных у праваслаўе, якія на справе захоўвалі каталіцкую веру. Ліпск належаў да былога ўніяцкага Аўгустоўскага дэканата, які ахопліваў таксама паўночную частку сённяшняга Гродзенскага раёна і ўваходзіў у склад Холмскай уніяцкай епархіі. Епархія праіснавала да 1875 года, і гэта адзіны рэгіён сённяшняй Беларусі, у якім уніяцкія парафіі не былі знішчаныя пасля гэтак званага Полацкага “сабору” 1839 года. Вядома, што ў Ліпску ўніяты, зачыніўшыся ў царкве, доўгі час не пускалі царскіх чыноўнікаў і праваслаўнага святара, якім удалося забраць святыню толькі з дапамогай казацкіх нагаек.