Блаславёная Мар'яна Бярнацкая

- . Апублікавана ў Святыя

13 чэрвеня 1999 года Папа Ян Павел ІІ у ліку 108 новамучанікаў ІІ Сусветнай вайны абвясціў блаславёнай Мар’яну Бярнацкую. “Мы адзначаем перамогу тых, хто ў нашым стагоддзі аддаў жыццё для Хрыста. Аддаў зямное жыццё, каб атрымаць яго навечна ў Божай славе. Таму мы слушна імкнёмся за іх прыкладам верна крочыць за Ісусам”, – гаварыў Святы Айцец у гаміліі падчас беатыфікацыйнай урачыстасці.

Мар’яна з роду Чакала нарадзілася ў 1888 годзе ў Сапоцкінскім краі каля Гродна, у мястэчку Ліпск (цяпер — Польшча), у сям’і ўніятаў, прымусова запісаных у праваслаўе, якія на справе захоўвалі каталіцкую веру. Ліпск належаў да былога ўніяцкага Аўгустоўскага дэканата, які ахопліваў таксама паўночную частку сённяшняга Гродзенскага раёна і ўваходзіў у склад Холмскай уніяцкай епархіі. Епархія праіснавала да 1875 года, і гэта адзіны рэгіён сённяшняй Беларусі, у якім уніяцкія парафіі не былі знішчаныя пасля гэтак званага Полацкага “сабору” 1839 года. Вядома, што ў Ліпску ўніяты, зачыніўшыся ў царкве, доўгі час не пускалі царскіх чыноўнікаў і праваслаўнага святара, якім удалося забраць святыню толькі з дапамогай казацкіх нагаек.

У 1905 годзе, пасля выдання царскага ўказу пра верацярпімасць, у 17-гадовым узросце Мар’яна разам са сваімі бацькамі перайшла ў каталіцтва лацінскага абраду. Ва ўзросце 20-ці гадоў выйшла замуж за Людвіка Бярнацкага. Пара мела шасцёра дзяцей, чацвёра з якіх памерлі адразу пасля нараджэння. У 1929 годзе, пасля смерці мужа, жанчына пасялілася ў свайго сына Станіслава, які праз 10 гадоў ажаніўся з Ганнай Шымчык. З той пары Мар’яна дзяліла сваю штодзённасць з маладым сужэнствам, праяўляючы да яго асаблівы клопат, мацярынскую любоў і зычлівасць.

Жыццё блаславёнай было напоўнена верай, любоўю, малітвай, працай і цярпеннем. Шмат часу яна прысвячала Богу. Выключнай пашанай ахінала Маці Божую, рэгулярна ўдзельнічала ў марыйных набажэнствах. Не разлучалася з ружанцам. Ён займаў асаблівае месца ў жыцці жанчыны: быў для блаславёнай крыніцай, якая развівала любоў да Бога і бліжняга.

Самае вялікае выпрабаванне для сям’і Бярнацкіх адбылося на мяжы чэрвеня і ліпеня 1943 года падчас масавых арыштаў жыхароў Ліпска і ваколіц, што было помстай гітлераўцаў за забіццё партызанамі нямецкага салдата. У спісе асуджаных аказаўся таксама сын Мар’яны і яго жонка Ганна. Калі жанчына пачула загад нямецкага салдата, упала яму ў ногі і маліла, каб той выратаваў яе цяжарную нявестку: “Пане, а куды ж яна пойдзе? Пакіньце, я пайду за яе”. Салдат згадзіўся. Яшчэ амаль два тыдні яна правяла ў вязніцы ў Гродне і, як адзначаюць тыя, хто выжыў, увесь час заставалася спакойнай і шчыра малілася, была ўзорам веры і моцнага духу для іншых вязняў (сярод якіх было і 6 ксяндзоў). Мар’яну Бярнацкую разам з сынам і іншых 48 жыхароў Ліпска расстралялі 13 ліпеня 1943 года за 10 кіламетраў ад Гродна каля Навумавічаў на старых фартах часоў I Сусветнай вайны. Усяго падчас расстрэлаў каля Навумавічаў былі забітыя каля двухсот чалавек.

Прыклад жыцця блаславёнай Мар’яны Бярнацкай – гэта ўзор духоўнага жыцця звычайнай вясковай жанчыны, якая ў цяжкі час ваеннага ліхалецця аказалася гатовай адкрыта вызнаць сваю веру, засведчыць сваю любоў да Бога і бліжняга і якая за гэтае вызнанне не пабаялася аддаць сваё жыццё. Яна з’яўляецца для нас прыкладам і заахвочваннем да мужнага вызнання Хрыста і ў нашыя часы.

Ганна Бярнацкая, выратаваная сваёй свякрухай, на месцы памяці мучанікаў II Сусветнай вайныСтаніслаў Бятко, праўнук блаславёнай Мар’яны, згадвае, што калі быў малым хлопцам, яго бабуля Ганна Бярнацкая і цёця Леакадзія Чаркоўская часта расказвалі пра яе. “Гэта была простая, ціхая, пакорная і працавітая жанчына, адданая сваім блізкім. Бог і родны дом былі для яе цэлым сусветам”.

Нельга адназначна ўстанавіць межы самаахвярнасці, таму што яны былі б розныя для кожнага чалавека ў залежнасці ад таго, колькі б яму было гадоў, у які час жыў і якім бы было яго сацыяльнае становішча. Некаторыя людзі здольныя на вельмі вялікія самаахвяраванні, іншыя – зусім нячулыя на справы бліжняга, нават, самых блізкіх сабе людзей.

Самаахвяраванне можа мець розныя формы. Для нас, хрысціянаў, важнае значэнне набыла асоба Ісуса Хрыста, які сваёй паставай і мучаніцкай смерцю на крыжы паказаў, на што гатовая любоў, каб збавіць чалавецтва ад граху і смерці. Ён паказаў прыклад вялікай Божай міласэрнасці і Яго бязмежнай любові да ўсіх людзей. У гісторыі Царквы многіх вернікаў пераследавалі за веру, некаторыя з іх вымушаны былі заплаціць за прыналежнасць да Царквы найвышэйшую цану: ахвяраваць сваё ўласнае жыццё.

Пілігрымка гродзенскай грэка-каталіцкай парафіі да месца памяці мучанікаў.Цяжка прадбачыць, калі ўзнікне такая сітуацыя, калі чалавек павінен будзе прыняць вельмі складанае для сябе, часам апошняе ў сваім часовым жыцці рашэнне: ці павінен ахвяраваць сваё жыццё за іншую асобу, ці адмовіцца ад такой ахвяры. Блаславёная Мар’яна Бярнацкая ахвяравала сваё жыццё за нявестку і ненароджанага ўнука. Напэўна, яна сказала сама сабе: “Так. Жыццё, якое расцвітае, вартае таго, каб за яго загінуць”. А калі хто-небудзь дабравольна прыносіць у ахвяру сваё жыццё, гэта сведчыць, што чалавек любіць сваіх бліжніх так, як навучаў Збавіцель. Гэта Ён, заклікаючы нас наследаваць Яго, дае сілы на такія ахвяры. Гатоўнасць ахвяраваць сябе за жыццё іншага чалавека абуджае ў нас заўжды павагу і захапленне, таму што патрабуе вялікай адвагі і называецца гераізмам. Сутнасць такога роду самаахвяравання добра ілюструюць словы з Евангелля паводле св. Яна: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто аддае жыццё сваё за сваіх сяброў” (Ян 15, 13).

Каментары: