Сьвятар, апрануўшы епітрахіль і стаўшы перад райскімі дзьвярыма, пачынае:
Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін. Слава табе, Божа наш, слава Табе.
Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.
Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства і сіла, і слава Айца і Сына, і Сьвятога Духа цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін. Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.
Псалом 103
Блаславі, душа мая, Госпада:* Госпадзе Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў.
Ты апрануўся ў веліч і красу,* Ты ахутаўся сьвятлом, быццам плашчом.
Ты расьцягнуў неба, быццам шацёр,* хорамы Твае над водамі паставіў.
Ты робіш з хмараў калясьніцу сабе,* ходзіш на крылах ветру.
Ты чыніш вятры пасланцамі Тваімі * і слугамі Тваімі – полымя агню.
Ты ўмацаваў зямлю на асновах яе:* не пахісьнецца павек вякоў.
Безданьню, быццам вопраткаю, пакрыў Ты яе:* воды над гарамі сталі.
Ад пагрозы Тваёй яны ўзад падаліся,* ад грому голасу Твайго задрыжэлі.
Горы ўзьняліся, даліны зышлі ў месцы,* якія Ты ім назначыў.
Ты ўстанавіў межы, якіх ім не перайсьці,* каб не пакрыць зноў зямлю.
Ты пасылаеш крыніцы ў рэкі,* што плывуць у далінах між гораў.
З іх п’юць усе зьвяры польныя,* аслы дзікія ў іх смагу сваю гасяць.
Каля іх птушкі нябесныя жывуць:* між скалаў чутны сьпеў іх.
З хорамаў Тваіх навадняеш горы:* зямля поўніцца плодам твораў Тваіх.
Ты вырошчваеш траву для жывёлы,* зельле на пажытак чалавеку, каб ён мог здабыць сабе ежу з зямлі:
Віно, што весяліць сэрца чалавека; аліву, што робіць твар сьветлым;* хлеб, што сэрца чалавека ўмацоўвае.
Дрэвы нізінныя маюць удосталь соку * – кедры лібанскія, што іх насадзіў.
Там птушкі маюць гнёзды свае,* бусьлінае жыльлё ўзвышаецца над імі.
Горы высокія для дзікіх козаў,* шчыліны скалаў – сховішча для грызуноў.
Ты стварыў месяц, каб паказваў поры;* сонца знае час захаду свайго.
Пасылаеш цемру і надыходзіць ноч,* падчас якое выходзяць усе зьвяры лясныя.
Львяняты рыкаюць, шукаючы здабычы,* просячы ў Бога спажывы сабе.
Як толькі сонца ўзыдзе, яны хаваюцца * і кладуцца ў логавах сваіх.
Выходзіць чалавек да справаў сваіх * і да работы сваёй да вечара.
Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе!* Ты ўсё мудра стварыў: зямля поўная стварэньняў Тваіх.
Вось мора вялікае і прасторнае:* у ім рухаецца безьліч стварэньняў, зьвяроў вялікіх і малых.
Караблі плаваюць па ім, і кіт агромністы там,* якога Ты стварыў на пацеху сабе.
Усе яны чакаюць ад Цябе,* каб Ты даў ім спажыву ў свой час.
Ты ім даеш, і яны падбіраюць,* расчыняеш руку Тваю, і яны поўняцца ўсякім дабром.
Калі ж Ты адвяртаеш твар Твой ад іх, яны трывожацца;* адымаеш дух ад іх, і яны гібеюць, і ў пыл зноў вяртаюцца.
Пасылаеш Духа Твайго, і яны ажываюць,* і Ты абнаўляеш твар зямлі.
Няхай слава Гасподняя трывае давеку,* хай Госпад цешыцца з твораў сваіх.
Ён гляне на зямлю, і яна дрыжыць,* дакранецца да гораў, і яны дымяцца.
Праз усё жыцьцё маё буду хваліць Госпада,* буду ў песьнях славіць Бога майго, пакуль буду жыць.
Няхай прыемнай Яму будзе песьня мая:* я радуюся ў Госпадзе.
Няхай счэзнуць грэшнікі з зямлі * і няхай ня будзе больш нягоднікаў.
Блаславі, душа мая, Госпада.
Сонца знае час захаду свайго;* Ты пасылаеш цемру і надыходзіць ноч.
Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе:* Ты ўсё мудра стварыў.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).
Сьвяцільныя малітвы (чытае сьвятар)
Падчас чытаньня 103 псалму сьвятар, стоячы з непакрытай галавой перад райскімі дзьвярыма, ціха моліцца сьвяцільныя малітвы.
1. Госпадзе шчодры і міласэрны, доўгацярплівы і багаты на ласку, уваж малітву нашу і пачуй голас маленьня нашага, пакажы нам знак спагадлівасьці Тваёй, накіруй нас на шлях Твой, каб мы маглі хадзіць у праўдзе Тваёй; напоўні радасьцю сэрцы нашы, каб нам баяцца імя Твайго сьвятога, бо Ты вялікі і творыш цуды. Ты – Бог адзіны і няма падобнага між багамі да Цябе, Госпадзе: Ты сільны ў дабрыні і добры ў моцы, здольны памагчы, суцешыць і збавіць тых, што спадзяюцца на імя сьвятое Тваё. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
2. Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі нас і ў гневе Тваім не карай нас, але ўчыні з намі згодна з Тваёй міласэрнасьцю, Лекару і Збавіцелю душ нашых. Накіруй нас да жаданага прыстанішча Твайго, прасьвятлі вочы нашы, каб нам пазнаць праўду Тваю; і дай нам рэшту гэтага дня і ўсе дні жыцьця нашага правесьці без граху і ў супакоі, малітвамі Багародзіцы і ўсіх сьвятых. Бо Твая ёсьць дзяржава, і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
3. Госпадзе Божа мой, будзь памятлівы нас грэшных і непатрэбных слугаў Тваіх, што клічуць імя сьвятое Тваё; і не пасаром нас у спадзяваньні Тваёй міласэрнасьці, але дай нам, Госпадзе, усё, што просім для нашага збаўленьня, і зрабі нас дастойнымі любіць і баяцца Цябе ад усяго сэрца нашага, і чыніць ува ўсім волю Тваю. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
4. Ты, якога ў несьціханых песьнях і нястомных усхваленьнях славяць сьвятыя сілы, напоўні сэрцы нашы хвалою Тваёю, каб нам аддаваць пашану імю Твайму сьвятому; і дай нам у спадчыне ўдзел з усімі, што пакланяюцца Табе ў праўдзе і захоўваюць Твае прыказаньні. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
4*. (Гэтая малітва дадаецца да агульнага ліку паводле старажытнай традыцыі). Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа ўсемагутны, што ведаеш розум людскі і патрэбы нашыя нашмат лепш, чым мы толькі можам прасіць або разумець іх. Ты, чалавекалюбны Ўладару, добры ва ўсім, з вялікае спагады Тваёй удастой нас з непарасаромленым сумленьнем клікаць сьвятое імя Тваё: і ня ўвядзі нас у спакусу, але выбаў нас ад злога, і провідам Тваім учыні, каб усё было нам на карысьць. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
5. Госпадзе, Госпадзе, Ты ўсё трымаеш Тваёй усячыстай рукою, Ты доўгацярплівы да нас і сумуеш з прычыны нашае нягоднасьці; памятай пра міласьць і ласку Тваю, наведай нас у дабрыні Тваёй і дай нам правесьці рэшту гэтага дня свабоднымі ад розных падкопаў нячыстага і, сілаю ўсесьвятога Твайго Духа, захавай наша жыцьцё ад усякіх напасьцяў. Міласэрнасьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
6. Божа вялікі і дзіўны, што невыказнай дабрынёю і багатым провідам Тваім кіруеш усім: Ты абдарыў нас зямнымі дабротамі і ў Тваёй дабрыні ўпэўніў нас у атрыманьні абяцанага валадарства. Зьбярогшы нас у сёньняшні дзень ад усяго благога, дай і рэшту яго правесьці беззаганна перад сьвятою славаю Тваёю і ўзьвялічваць Цябе, адзінага добрага і чалавекалюбнага Бога нашага. Бо Ты Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
7. Божа вялікі, усявышні, адзіны несьмяротны, што жывеш у недасяжным сьвятле! Ты ўсё, што існуе, мудра стварыў, аддзяліў сьвятло ад цемры, сонца ўстанавіў, каб днём кіравала, месяц і зоркі – ноччу. Ты ўдастоіў нас, грэшных, у гэтую хвіліну стаць перад Тваім абліччам і прыносіць Табе вячэрняе ўсхваленьне. Учыні, чалавекалюбны Ўладару, каб гэтая наша малітва ўзьнялася да Цябе, быццам кадзіла, і прымі яе як адмысловую духмянасьць. Дай, каб гэты вечар і ноч, што неўзабаве настане, былі мірнымі; апрані нас у зброю сьвятла, захавай нас ад страху начнога і ад усякай пагрозы, што крыецца ў цемры. Зрабі, каб наш сон, які Ты нам даў на адпачынак дзеля слабасьці нашай, быў вольным ад д’ябальскіх спакусаў. Так, Уладару, Падаўча ўсяго добрага, дай, каб мы і ўночы, лежачы на ложах нашых, з любоўю ўспаміналі Імя сьвятое Тваё; і, прасьветленыя ўспамінам запаветаў Тваіх, з радаснай душой усталі, каб славіць Тваю дабрыню, ахвяруючы міласэрнасьці Тваёй малітвы і просьбы за нашы правіны і за ўсіх людзей Тваіх, якіх, малітвамі Багародзіцы, наведай у спагадлівасьці Тваёй. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Екценьня супакою
Пасьля ўступнага псалма сьвятар вяртаецца ў алтар і становіцца перад прастолам, дыякан перад райскімі дзьвярыма ўголас узносіць екценьню супакою.
Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).
Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душаў нашых Госпаду памолімся.
– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых Цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.
– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.
– За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.
– За ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою нашае краіны, за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.
– За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе вёскі, гарады і краіны і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.
– За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.
– За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых, што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.
– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку Госпаду памолімся.
– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Чытаньне Псалтыра
У суботу вечарам, на сьвяты Багародзіцы і сьвятых, а таксама сьвяты Гасподнія (калі яны выпадаюць у нядзелю або панядзелак), сьпяваюцца наступныя выбраныя вершы з псалмаў 1-3:
Шчасьлівы той, * хто на раду да нязбожных ня ходзіць. Алілуя, алілуя, алілуя.
Бо Госпад ведае шлях праведных, * а шлях нязбожных згіне. Алілуя, алілуя, алілуя.
Служыце Госпаду са страхам, * слаўце Яго з трапятаньнем. Алілуя, алілуя, алілуя.
Шчасьлівыя ўсе, * што спадзяюцца на Яго. Алілуя, алілуя, алілуя.
Устань, Госпадзе, * збаў мяне, Божа мой. Алілуя, алілуя, алілуя.
У Госпада збаўленьне ёсьць, * і на людзях Тваіх – блаславеньне Тваё. Алілуя, алілуя, алілуя.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу,* цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Алілуя, алілуя, алілуя.
Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).
Малая екценьня
Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
"Госпадзе, Цябе клічу...”
Людзі стоячы сьпяваюць першыя вершы псалму 140 на тон першай песьні і патрэбныя вершы іншых псалмоў, чаргуючы іх з адпаведнай колькасьцю песьняў дня або сьвята; у міжчасе дыякан кадзіць царкву.
Псалом 140
Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне. * Пачуй мяне, Госпадзе! * Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне; * будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе. * Пачуй мяне, Госпадзе!
Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, * быццам кадзіла, * і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх. * Пачуй мяне, Госпадзе!
Наступныя вершы аж да “Вызваль з вязьніцы” звычайна чытаюцца:
Пастаў, Госпадзе, ахову вуснам маім * і сьцеражы дзьверы губ маіх.
Ня дай ухіліцца сэрцу майму да благога, * каб мне не шукаць прычыны для ўчынкаў нягодных.
З людзямі, якія чыняць бясчынствы: * хай не пакаштую прысмакаў іх.
Хай праведнік па-добраму карае і папраўляе мяне: * алей грэшнікаў не намасьціць галавы маёй.
Супраць злосьці іх я буду ўвесь час маліцца. * Уладары іх, расьсеяныя між скалаў,
Пачуюць, як лагодныя словы мае. * Быццам разараная зямля, так косьці іх раскіданыя па апраметнай.
Бо да Цябе, Госпадзе Божа мой, зьвернутыя вочы мае; * да Цябе прыбягаю: не загубі душы маёй.
Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, * ад пасткі людзей нягодных.
Хай усе нязбожныя ўпадуць у сеці свае, * я ж адзін перайду бясьпечна.
Псалом 141
Голасна клічу Госпада, * голасна да Госпада малюся.
Перад Ім сум мой выліваю, * пра тугу маю Яму распавядаю:
Дух мой зьнемагае ўва мне, * Ты ж ведаеш шляхі мае.
На дарозе, па якой іду, * паставілі пастку на мяне.
Гляджу ўправа, углядаюся: * няма нікога, хто б мне спагадаў;
Ня маю, куды ўцякаць: * няма нікога, хто б парупіўся аб душы маёй.
Цябе, Госпадзе, клічу; кажу: * Ты мая надзея, мой удзел у краіне жывых.
Будзь уважлівы да малітвы маёй, * бо я вельмі няшчасны.
Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, * бо яны мацнейшыя за мяне.
Калі ёсьць 10 песьняў, яны сьпяваюцца ў чаргаваньні з вершамі псалмоў, пачынаючы ад наступнага:
Вызваль з вязьніцы душу маю, * каб мне дзякаваць імю Твайму.
(Тон 7). Актоіх. Прыйдзіце, будзем радавацца ў Госпадзе, Які зьнішчыў сьмерці дзяржаву і прасьвятліў род людзкі. Разам з анёламі ўсклікнем: "Творца і Збавіцелю наш, слава Табе!"
Праведнікі вакол мяне чакаюць, * калі Ты мне пакажаш спагадлівасьць Тваю.
Ты, Збавіцелю, пацярпеў крыж і пахаваньне і як Бог сьмерцю сьмерць умярцьвіў. Дзеля гэтага пакланяемся Твайму трохдзённаму ўваскрасеньню. Госпадзе, слава Табе!
Пс 129. З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе: * Госпадзе, пачуй голас мой!
Апосталы, убачыўшы ўваскрасеньне Творцы, дзіву даліся і разам з анёламі засьпявалі песьню хвалы: "Вось слава царкоўная, вось скарбніца валадарства!" Госпадзе, Які пацярпеў за нас, слава Табе!
Хай вушы Твае будуць уважлівымі * да голасу маленьня майго.
Хоць беззаконныя людзі схапілі Цябе, Хрысьце, не саромлюся вызнаваць, што Ты – мой Бог; білі Цябе па плячах, і я не адракаюся; не хаваю і таго, што Ты быў прыбіты да крыжа. Уваскрасеньнем Тваім хвалюся, бо Твая сьмерць – для мяне жыцьцё. Усемагутны і чалавекалюбны Госпадзе, слава Табе!
Калі 6 песьняў – тады ад наступнага:
Калі памятлівы бясчынстваў нашых будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто зможа ўстаяць? * Але ж у Цябе адпушчэньне ёсьць.
(Тон 6). Аднаўленьня. Стары Закон загадваў сьвяткаваць пасьвячаньне, нам жа выпадае цяпер спраўляць дзень аднаўленьня. Бо, як прарок Ісая кажа, астравы павінны абнавіцца перад Госпадам. Астравы ж гэтыя – цэрквы народаў, заснаваныя і пасьвячаныя Богу. Дзеля гэтага мы захоўваем памяць аднаўленьня духоўнага.
Дзеля імя Твайго спадзяюся на Цябе, Госпадзе: * душа мая чакае слова Твайго. Душа мая спадзяецца на Госпада.
Абновімся сёньня, адклаўшы старога чалавека, што накладаў на нас абмежаваньні і сьмерць. Умярцьвім нашыя цялесныя пажаданьні, узьненавідзім благі плод дрэва і пачнем жыць новым жыцьцём, дзеля якога пакінем старое. Адновім наша пасьвячаньне на ўспамін гэтага дня.
Больш чым сьвітаньня чакае страж начны, * больш чым сьвітаньня, хай Ізраіль чакае Госпада.
Хрысьце, Слова спрадвечнае, Ты ўстанавіў Царкву Тваю як магутны стоўп, бо Ты заснаваў яе на скале веры: яна застаецца непахіснаю праз усе вякі, і Ты – Які, нязьменны, стаўся чалавекам, – прабываеш з ёю да канца дзён. Дзеля гэтага славім і бласлаўляем Цябе, кажучы: „Уладару спрадвечны, слава Табе!“
Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго збаўленьне, * і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго.
(Тон 5). Перадсьвяцьця. Радуйся, жыцьцядайны Крыжу, набожнасьці неадольная сіла, брама райская, верных умацаваньне, Царквы абарона! Табою тленнасьць была зьнішчаная і адмененая, і патаптаная сьмерці ўлада, і мы ўзьняліся ад зямлі да неба. Ты – зброя непераможная, бесаў пераможца, слава мучанікаў, сьвятых сапраўдная краса, прытулак збаўленьня, што дае сьвету веліч зьмілаваньня.
Пс 116. Хваліце Госпада, усе народы, * слаўце Яго, усе людзі.
Радуйся, жыцьцядайны ўсепачэсны Крыжу, якім чалавецтва вызваляецца ад праклёну, існай радасьці знак, узвышаны на выгнаньне ворага. Ты – памочнік нас усіх, уладароў сіла, умацаваньне праведных, сьвятароў слава; знак твой – выбаўленьне ад злога; ты – жэзл сілы, што намі кіруе, зброя міру, якую са страхам акружаюць анёлы; Хрыста Бога слава, што дае сьвету веліч зьмілаваньня.
Бо міласэрнасьць Ягоная ўмацавалася над намі * і вернасьць Гасподняя трывае давеку.
Радуйся, сляпых правадыру, нядужых лекару, уваскрасеньне памёрлых. Ты, Крыжу пачэсны, узьняў нас ад тленнасьці, у якую мы ўпалі; табою праклён быў зьнішчаны і закрасавала нятленнасьць, і мы, зямныя, абагавіліся, а д'ябал быў зьвержаны ўніз. Сёньня бачым цябе ўзвышаным рукамі архісьвятара, хвалім Таго, хто быў ўзьнесены на табе, і пакланяемся табе, што даеш нам шчодра веліч зьмілаваньня.
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу (сьпяваецца стоячы да канца пракімена)
(Тон 6). Аднаўленьня. Чынячы памяць аднаўленьня, мы славім і молім Цябе, Падаўца сьвятасьці і мудрасьці, добры і ўсемагутны Божа, асьвяціць нас малітвамі слаўных мучанікаў Тваіх.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
(Тон 7). Дагматык. Ты, Багародзіца, сталася Маці ў надпрыродны спосаб, застаўшыся невыказна і невытлумачальна Дзеваю, і язык няздольны перадаць цуд мацярынства твайго. Дзівоснае было зачацьце тваё, Усячыстая, бо калі Бог хоча, адмяняецца прыродны лад. Дзеля гэтага мы ўсе горача просім цябе як Маці Божую: "Маліся за збаўленьне душаў нашых".
Уваход
Падчас сьпяваньня “ Слава... Цяпер...” сьвятар, апрануўшы фелонь, адкрыўшы райскія дзьверы, і дыякан з кадзілам робяць уваход. Стаўшы перад райскімі дзьвярыма:
Дыякан (кажа ціха): Госпаду памолімся.
Сьвятар (ціха): Вечарам, і раніцай, і апоўдні хвалім, бласлаўляем, дзякуем і молімся Табе, Уладару ўсіх; накіруй малітву нашую, быццам кадзіла перад Табою, і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да благіх словаў і думак; але выбаў нас ад усіх, што жадаюць злавіць душы нашыя; бо вочы нашыя, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя да Цябе і на цябе спадзяемся, дык не пасаром нас, Божа наш. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Дыякан: Блаславі, ойча, сьвяты ўваход.
Сьвятар (бласлаўляе ўваход): Блаславёны ўваход сьвятых Тваіх на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Дыякан: Амін.
Як толькі скончыцца сьпеў, дыякан, робячы кадзілам знак крыжа, кажа ўголас:
Дыякан: Мудрасьць, устаньце!
На пачатак сьпеву ў храме запальваецца сьвятло.
Людзі: Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага, сьвятога, блаславёнага – Ісусе Хрысьце! Дажыўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло, славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога. Дастойна ёсьць на ўсякі час чыстымі галасамі пяяць хвалу Тваю, Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.
Дыякан: Будзьма ўважлівыя.
Сьвятар (бласлаўляе людзей): Мір усім!
Людзі: І твайму духу.
Дыякан: Мудрасьць. Будзьма ўважлівыя.
Пракімен
У суботу вечарам (Пс 92:1,5), тон 6.
Госпад пануе, * Ён апрануўся ў красу.
Верш 1. Апрануўся Госпад у сілу * і падперазаўся.
Верш 2. Ён умацаваў сусьвет, * што не зварухнецца.
Верш 3. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, * праз усе дні.
Пасьля пракімена - чытаньні са Сьвятога Пісаньня (парэміі). Перад кожным чытаньнем дыякан кажа: “ Мудрасьць”, - і чытальнік абвяшчае назву чытаньня. Тады дыякан кажа: “ Будзьма ўважлівыя”, - пасьля чаго чытальнік пачынае чытаць адпаведны ўрывак са Сьвятога Пісаньня (парэмію). Калі чытаюцца ўрыўкі са Старога Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца. Калі чытанні з Новага Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца пасьля чытаньняў.
Чытаньне трэцяй кнігі Царстваў
Саламон стаў перад ахвярнікам Госпада ў прысутнасьці ўсёй грамады Ізраільскай і, узьняўшы рукі да неба, казаў: „Госпадзе Божа Ізраіля! Няма іншага бога як Ты, ані ўгары ў небе, ані ўнізе на зямлі. Калі ж неба і нябёсы нябёсаў ня могуць Цябе зьмясьціць, як жа ж Ты будзеш жыць у гэтай сьвятыні, якую я збудаваў імю Твайму? Выслухай малітвы слугі Твайго і просьбу яго, Божа мой Госпадзе, і пачуй маленьні і малітвы, якія слуга Твой прыносіць Табе тут сёньня. Хай вочы Твае будуць заўсёды на гэтай сьвятыні, бо гэта месца, аб якім Ты сказаў: Там будзе імя Маё. Гэта месца прызначанае для слуханьня малітвы, якую чыніць слуга Твой удзень і ўночы. Дзеля гэтага пачуй малітвы слугі Твайго і народу Твайго Ізраіля, калі яны будуць маліцца на гэтым месцы. Ты ж выслухай іх на месцы жыльля Твайго ў небе, і будзь спагадлівы да іх“. (8:22-23, 27-30)
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Госпад заснаваў зямлю мудрасьцю, і неба ўмацаваў розумам; Ягонай ведаю бездані раскрыліся, хмары пралілі расу. Сыне, не забудзь захоўваць мае рады і навуку, каб жыла душа твая, і ласка будзе на табе. Будзеш хадзіць бясьпечна па дарозе, і нага твая не спатыкнецца; будзеш спачываць без трывогі і, калі засьнеш, сон твой будзе салодкі. Ня будзеш ведаць наглага страху, ані трывогі ад нападу нязбожных. Бо надзея твая – Госпад. Ён будзе з табою на ўсіх шляхох тваіх, і не пахісьнешся. Не адмоў чыніць дабро таму, хто ў патрэбе, калі рука твая можа памагчы. Не кажы: ідзі сабе, прыйдзі пазьней, дам табе заўтра – калі можаш зрабіць гэта адразу. Не надумвай зла на бліжняга твайго, на прыхадня і таго, хто спадзяецца на цябе. Не спрачайся няслушна з нікім, каб не ўчыніў табе нешта дрэннае. Ня гневайся на крыўдзіцеля, не зайздросьці ягоным шляхом. Нячысты перад Госпадам кожны злачынца, а з праведнікамі Ён у прыязьні. Пракляцьце Гасподняе на доме нязбожных, Ён блаславіць жыльлё праведных. Госпад насьміхаецца з гордых, а пакорлівым паказвае ласку сваю. (3:19-34)
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Мудрасьць збудавала сабе дом і вычасала сем стаўпоў да яго. Забіла свае ахвяры, зьмяшала віно і прыгатавала стол. Паслала слугаў сваіх склікаць голасна на пачастунак, кажучы: „хто прастадушны, хай прыходзіць да мяне“. А тым, што жадалі мудрасьці, казала: „хадзіце, ешце мой хлеб, піце віно, што я зьмяшала; пакіньце дурасьць – і будзеце жыць; хадзіце шляхамі разважнасьці“. Хто жадае навучаць насьмешніка, накліча на галаву сваю няславу; а хто дакарае грэшніка, сам сабе шкодзіць. Не дакарай насьмешніка, бо ён цябе ўзьненавідзіць. Папраў мудрага, і ён цябе любіць будзе. Дай мудраму раду, і ён стане мудрэйшым. Навучы праведніка, і ён пабольшыць веды свае. Пачатак мудрасьці – страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога – розум. Дзякуючы мне дні твае падоўжацца, і памножыцца лік гадоў тваіх. (9:1-11)
Екценьня ўзмоцненага маленьня
Дыякан, стоячы перад зачыненымі райскімі дзьвярыма, узносіць екценьню. Калі сьвятар служыць без дыякана, сьвятар узносіць екценьню, стоячы перад прастолам. Райскія дзьверы зачыненыя.
Дыякан: Скажам усе разам ад усяе душы і ад усяе думкі нашае скажам.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).
Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя), (за пачэсных айцоў нашых архімандрыта … (імя), протаігумена … (імя), ігумена … (імя)), за братоў нашых сьвятароў, дыяканаў і манахаў і ўсіх братоў і сёстраў нашых у Хрысьце.
– Яшчэ молімся за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою нашае краіны, за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.
– Яшчэ молімся за годных памяці заснавальнікаў гэтай сьвятой царквы і за ўсіх раней адышоўшых айцоў і братоў нашых, якія тут і на кожным іншым месцы спачываюць.
– Яшчэ молімся за дабрачынцаў гэтай сьвятой царквы, за тых, што прыносяць дары, працуюць і сьпяваюць у ёй, і за ўсіх тут прысутных людзей, якія чакаюць ад Цябе багацьця Твайго зьмілаваньня.
Сьвятар: Бо Ты – міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Малітва ўслаўленьня (сьпяваецца стоячы)
Чытальнік: Дай, Госпадзе, у гэты вечар * захавацца нам без граху.
Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, * і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.
Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, * бо мы ўсклалі надзею на Цябе.
Блаславёны Ты, Госпадзе: * навучы мяне Тваіх запаветаў.
Блаславёны Ты, Уладару, * дай мне зразумець Твае запаветы.
Блаславёны Ты, Сьвяты, * прасьвятлі мяне запаветамі Тваімі.
Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, вечна трывае: * не пагардзі творамі рук Тваіх.
Табе належыцца хвала, Табе належыцца песьня, * Табе слава належыцца,
Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, * цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Екценьня просьбаў
Дыякан: Дапоўнім вячэрнюю малітву нашую Госпаду.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Каб увесь гэты вечар быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім.
Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Так пасьля наступных прашэньняў).
Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка, апекуна душ і целаў нашых у Госпада просім.
– Прабачэньня і адпушчэньня грахоў і правінаў нашых у Госпада просім.
– Усяго, што добрае і карыснае для душ нашых, і супакою для сьвету ў Госпада просім.
– Каб далейшы цяг жыцьця нашага ў супакоі і пакаяньні правесьці, у Госпада просім.
– Хрысьціянскага канца жыцьця нашага, бязбольнага, бездакорнага, спакойнага і добрага адказу на Страшным судзе Хрыстовым просім.
– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Ты – добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Сьвятар: Мір усім! (Бласлаўляе людзей).
Людзі: І твайму духу.
Дыякан: Галовы нашыя перад Госпадам схілім.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар (ціха): Госпадзе Божа наш, які нахіліў неба і зышоў для збаўленьня роду людзкога, глянь на слугаў Тваіх і на набытак Твой; бо вось слугі Твае схілілі галовы і сагнулі шыі свае перад Табою, страшным і чалавекалюбным Судзьдзёю, чакаючы дапамогі не ад людзей, але спадзеючыся на Тваю міласэрнасьць і жадаючы Твайго збаўленьня. Дык ахоўвай нас паўсякчасна – і ў гэты вечар, і ў ноч, што надыходзіць, – ад усякага непрыяцеля і варожага дзеяньня, ад думак марных і благіх успамінаў.
(Уголас) Хай моц валадарства Твайго, Айца і Сына, і Сьвятога Духа, будзе блаславёная і праслаўленая цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Вершапесьні
(Тон 7). Актоіх. Ты ўваскрос з магілы, Збаўца сьвету, і разам з целам Тваім уваскрасіў род людзкі. Госпадзе, слава Табе!
Верш: Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу.* Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.
Прыйдзіце, паклонімся Таму, Хто ўваскрос з мёртвых і прасьвятліў усіх: Cваім уваскрасеньнем на трэці дзень Ён вызваліў нас ад пякельных пакутаў і дараваў нам жыцьцё і багацьце зьмілаваньня.
Верш: Ён умацаваў сусьвет,* што не зварухнецца.
Зышоўшы да пекла, Ты, Хрысьце, сьмерць паланіў і, уваскросшы на трэці дзень, узьняў з Сабою ўсіх нас. Славім Тваё магутнае ўваскрасеньне, Госпадзе Чалавекалюбча!
Верш: Дому Твайму належыцца сьвятасьць,* Госпадзе, праз усе дні.
Страшна было бачыць Цябе, Госпадзе, калі Ты ляжаў у магіле, быццам заснуўшы. Але на трэці дзень Ты ўваскрос у сіле і ўзьняў з сабою Адама, які ўсклікнуў радасна: "Слава ўваскрасеньню Твайму, Чалавекалюбча!"
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу
(Тон 2). Аднаўленьня. Сьвяткуем аднаўленьне царквы Ўваскрасеньня і славім Цябе, Госпадзе, Які блаславіў яе ласкаю Тваёю і прыняў хвалу ад верных людзей Тваіх, што прынесьлі Табе чыстую бяскроўную ахвяру, даючы ім узамен ачышчэньне грахоў і веліч зьмілаваньня.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
(Тон 2). Перадсьвяцьця. Быццам шматкаштоўны скарб схаваны ў зямлі, Крыж Жыцьцядаўца зьявіўся на небе Канстанціну цару як знак перамогі над ворагамі. І ён, усьцешаны Божай ласкаю, з вераю і любоўю жадаў бачыць яго ўзвышэньне і з вялікай пашанаю вынес яго з зямлі – для адкупленьня сьвету і збаўленьня душаў нашых.
Песьня Сямёна Богапрыймальніка (сьпяваецца стоячы)
Людзі: Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго. (Лк 2:29-32).
Чытальнік: Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Адпушчальныя трапары
(Тон 7). Уваскросны. Ты зьнішчыў крыжом Тваім сьмерць,* адкрыў разбойніку рай,* міраносіцам плач на радасьць перамяніў * і апосталам загадаў прапаведаваць,* што Ты ўваскрос, Хрысьце Божа,* даруючы сьвету багацьце Твайго зьмілаваньня.
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу
(Тон 4). Аднаўленьня. Як на вышыні хараство небасхілу, так тут на зямлі Ты паказаў красу сьвятога дому славы Тваёй, Госпадзе. Малітвамі Багародзіцы захавай яго на вечныя часы і прымі тых, што няспынна моляцца ў ім, Жыцьцё і Ўваскрасеньне ўсіх.
цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
(Тон 4). Перадсьвяцьця. Жыцьцядайны крыж ласкі Тваёй, які Ты, Госпадзе, дараваў нам, недастойным, прыносім Табе ў маленьні і просім захаваць у супакоі краіну нашую і людзей Тваіх, малітвамі Багародзіцы, адзіны Чалавекалюбча.
Вялікі водпуст
Дыякан: Мудрасьць!
Людзі: Блаславі!
Сьвятар: Блаславёны сапраўды Хрыстос Бог наш на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін. Умацуй, Божа, сьвятую хрысьціянскую веру і ўсіх прававерных хрысьціянаў на век вякоў.
Сьвятар: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.
Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея нашая, слава Табе.
Людзі: Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся (Тройчы). Блаславі.
Сьвятар: робіць водпуст.
Хрыстос, праўдзівы Бог наш, Які ўваскрос з мёртвых, малітвамі ўсячыстае Свае Маці, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў, сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога патрона царквы); сьвятога сьвятамучаніка Карнілы, сотніка, сьвятых слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятой маці нашай Еўфрасіньні Полацкай, асьветніцы Беларусі, сьвятога сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу, сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён – добры і Чалавекалюбец.
Людзі: Амін.
