Евангелле паводле Мацвея 16, 13-19
У гісторыі свету Царква будзе пакутаваць у многіх адносінах, аднак у рэшце рэшт Яна пераадолее ўсё. Калі мы святкуем свята святых апосталаў Пятра і Паўла, мы згадваем гэтую праўду, разважаючы пра іх як двух найвялікшых стаўпоў Царквы. Ні зняволенні, ні пераследы, ні відавочныя паразы не перашкодзілі ім выканаць місію, дадзеную ім Богам. Гэтак сама і Царква ніколі не будзе пераможана, бо Яна застаецца пад апекай Боскага Провіду.
Царква пераможа па адной простай прычыне: так сказаў Ісус. Ён заснаваў Царкву на Дванаццаці Апосталах, даўшы Пятру ўнікальную і найвышэйшую ўладу: «Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага; і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана на нябёсах, і што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана на нябёсах» (Мц. 16, 19). Хоць імя Пятра пры нараджэнні было Сымон, Ісус змяніў яго на Пятра — Petros па-грэцку і Cephas па-арамейску. Абодва гэтыя тэрміны могуць выкарыстоўвацца як мужчынскае імя, але таксама азначаюць «скала» (камень). Такім чынам, Пётр і апосталы ў еднасці з ім становяцца скалой і непарушным фундаментам, на якім збудавана Царква.
