01.08.2026

Свята святых вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла

Свята святых вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла

Евангелле паводле Мацвея 16, 13-19

У гісторыі свету Царква будзе пакутаваць у многіх адносінах, аднак у рэшце рэшт Яна пераадолее ўсё. Калі мы святкуем свята святых апосталаў Пятра і Паўла, мы згадваем гэтую праўду, разважаючы пра іх як двух найвялікшых стаўпоў Царквы. Ні зняволенні, ні пераследы, ні відавочныя паразы не перашкодзілі ім выканаць місію, дадзеную ім Богам. Гэтак сама і Царква ніколі не будзе пераможана, бо Яна застаецца пад апекай Боскага Провіду.

Царква пераможа па адной простай прычыне: так сказаў Ісус. Ён заснаваў Царкву на Дванаццаці Апосталах, даўшы Пятру ўнікальную і найвышэйшую ўладу: «Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага; і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана на нябёсах, і што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана на нябёсах» (Мц. 16, 19). Хоць імя Пятра пры нараджэнні было Сымон, Ісус змяніў яго на Пятра — Petros па-грэцку і Cephas па-арамейску. Абодва гэтыя тэрміны могуць выкарыстоўвацца як мужчынскае імя, але таксама азначаюць «скала» (камень). Такім чынам, Пётр і апосталы ў еднасці з ім становяцца скалой і непарушным фундаментам, на якім збудавана Царква.

Даючы Пятру «ключы Валадарства Нябеснага», Ісус надзяліў яго выключнай уладай навучаць, кіраваць і асвячаць з Боскага дазволу. Гэтая ўлада не скончылася на Пятры; яна перадаецца яго наступнікам праз біскупскае служэнне. Паколькі Пётр памёр у Рыме, Рым застаецца катэдрай усталяванага Богам кіравання Царквой.

У той час як Пётр дае Царкве стабільнасць і яснасць, неабходныя як непарушнаму скальнаму фундаменту, Павел адлюстроўвае місіянерскую ролю Царквы — несці Евангелле да краёў зямлі. Павел, набліжаючыся да канца свайго зямнога жыцця, абвяшчае, што ён «змагаўся добрым змаганнем», «бег скончыў» і «веру захаваў» (2 Цім. 4, 7). Яго жыццё было пралітае як ахвярнае ўзліванне за Хрыста, калі ён нястомна працаваў, каб зрабіць Евангелле вядомым усім народам. Калі Пётр забяспечвае адзінства і вернасць Царквы Боскай праўдзе, Павел увасабляе яе руплівасць у пашырэнні гэтай праўды ва ўсе куткі свету, заклікаючы ўсіх людзей да еднасці з Хрыстом і Яго Царквой.

Пётр і Павел застаюцца духоўна жывымі і актыўнымі і сёння дзякуючы непарыўнай традыцыі, якую Бог усталяваў праз іх. Часта на Сусветных днях моладзі ў прысутнасці Святога Айца маладыя людзі скандуюць: «Ты — Пётр!» Гэта прыгожае выяўленне іх веры ў гэтую фундаментальную праўду, усталяваную Хрыстом. Хоць кожны папа з'яўляецца грэшнікам, як і ўсё чалавецтва, вера вядзе нас да таго, каб глядзець далей за чалавечыя слабасці і бачыць наступніка святога Пятра — цвёрдую скалу, якой Хрыстос даверыў ключы ад Валадарства Нябеснага. Такім чынам, місія Пятра застаецца жывой і сёння, не толькі ў асобе Святога Айца, але і ў нашай веры ў яго дадзеную Богам уладу.

Святы Павел застаецца жывым і сёння праз бесперапыннае выкананне місіі, якую даў яму Бог. Яго палымяная руплівасць у абвяшчэнні Евангелля жыве ў кожнай місіянерскай справе, у кожным акце евангелізацыі і ў кожным намаганні пашырыць Добрую Вестку да краёў зямлі. Яго дух асабліва прысутнічае ў тых, хто мужна прапаведуе Слова, катэхізуе моладзь, абараняе веру і нястомна працуе дзеля збаўлення душ. Падобна таму, як Пётр забяспечвае адзінства і вернасць, Павел натхняе на дзеянні і выхад да людзей, каб Царква магла пашырыць Валадарства Хрыстова на кожны край і на кожнае сэрца.

Гледзячы сёння на гэтыя стаўпы Царквы, вызнаем жывое сведчанне, якое яны далі і працягваюць даваць. Адновім сваю веру ў Пятра, жывога ў Святым Айцу, вызнаючы яго скальным фундаментам. Убачым Паўла ў дзеянні, прызнаючы місіянерскую дзейнасць Царквы, якая здзяйсняецца незлічонымі душамі з руплівасцю і мужнасцю. Дазволім іх сведчанню натхніць нас на больш глыбокую любоў да Царквы і нанова прысвяціць сябе даверанай нам місіі: заставацца цвёрда ўкаранёнымі ў праўдзе і несці гэтую праўду свету з адвагай і хрысціянскай любоўю.