5 ліпеня 1439 года ў саборы Санта-Марыя-дэль-Ф’ёрэ ў Фларэнцыі была падпісана Ферара-Фларэнційская унія — важная, але ў выніку няўдалая спроба аб’яднаць Рымска-Каталіцкую і Праваслаўную (Усходнюю) Цэрквы пасля Вялікай схізмы 1054 года.
У XV стагоддзі Візантыйская імперыя знаходзілася ў крытычным становішчы. Асманскія туркі ўжо кантралявалі большую частку Балкан і пагражалі самому Канстанцінопалю. Імператар Ян VIII Палеалог разлічваў атрымаць ваенную дапамогу ад Захаду ў абмен на царкоўнае аб’яднанне. Папа Яўген IV, у сваю чаргу, імкнуўся ўзмацніць свой аўтарытэт і аднавіць хрысціянскае адзінства.
Сабор пачаўся ў 1438 годзе ў Ферары, а ў 1439-м быў перанесены ў Фларэнцыю з-за эпідэміі чумы. У перамовах удзельнічалі візантыйскі імператар, патрыярх Канстанцінопальскі Іосіф II (які памёр незадоўга да падпісання), шматлікія грэцкія біскупы і багасловы, а таксама прадстаўнікі Заходняй Царквы.
Унія была аформлена ў выглядзе папскай булы "Laetentur Caeli" («Няхай радуюцца нябёсы»). Дакумент быў напісаны на лаціне і грэчаскай мове. Свае подпісы паставілі Папа Яўген IV, імператар Ян VIII Палеалог, а таксама большасць усходніх архірэяў (уключаючы Кіеўскага мітрапаліта Ісідара, які актыўна падтрымліваў унію). Канстанцінопальскі патрыярх Іосіф II памёр за некалькі тыдняў да афіцыйнага падпісання, але пакінуў запіску, у якой цалкам адабраў уніяцкія дамоўленасці.
Ферара-Фларэнційская унія была кампрамісам, у якім праваслаўны бок прыняў асноўныя каталіцкія дагматы, а каталіцкі бок дазволіў Усходняй Царкве захаваць сваю структуру, літургію і традыцыі. Было прызнана, што Святы Дух вечна зыходзіць «ад Айца і Сына» (як верыў Захад), але гэты выраз тоесны праваслаўнай формуле «ад Айца праз Сына». Грэкам дазволілі не ўносіць гэтае слова ў свой Сімвал веры падчас набажэнстваў.
Папа Рымскі быў прызнаны «намеснікам Хрыста», «пастырам і настаўнікам усіх хрысціянаў» і кіраўніком усёй Паўсюднай Царквы. Была вызначана новая іерархія патрыярхатаў (дыптых), дзе Рым займаў першае месца. За ім ішлі Канстанцінопаль, Александрыя, Антыёхія і Ерусалім. Пры гэтым усе правы і прывілеі ўсходніх патрыярхаў фармальна пацвярджаліся, але яны падпарадкоўваліся Папе.
Унія прызнала, што Хрыстова Цела сапраўды прысутнічае як у прэсным хлебе (аплатках), які выкарыстоўвалі католікі, так і ў квасным хлебе, які выкарыстоўвалі праваслаўныя. Святары кожнай царквы павінны былі служыць літургію паводле сваіх традыцый.
Усходняя Царква не мела дагмату аб чысцы ў каталіцкім разуменні. Унійнае пагадненне зафіксавала наступнае: калі чалавек пакаяўся перад смерцю, але не паспеў прынесці "плады пакаяння" (добрыя справы, малітвы), яго душа пасля смерці праходзіць праз ачышчальныя пакуты (чысцец). Жывыя хрысціяне могуць палегчыць гэтыя пакуты, замаўляючы памінальныя літургіі, молячыся і раздаючы міласціну.
Каталіцкая Царква гарантавала недатыкальнасць усёй усходняй літургічнай традыцыі. Набажэнствы заставаліся на грэчаскай (або славянскай) мове. Захоўваўся праваслаўны каляндар і пасты. Захоўвалася праваслаўнае царкоўнае права — у тым ліку інстытут жанатых святароў (белага духавенства), што было цалкам забаронена на Захадзе. Галоўны вынік уніі быў такі: «Адзінства ў веры (пад уладай Папы) пры захаванні розных абрадаў». Менавіта гэта стала мадэллю для будучых уніяцкіх цэркваў (грэка-католікаў), якія існуюць і сёння.
У Вялікім Княстве Літоўскім галоўным пашыральнікам уніі стаў мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Ісідар (грэк па паходжанні), які падпісаў унію ў Фларэнцыі і атрымаў тытул кардынала і легата Папы для Польшчы, Літвы і Лівоніі. Калі мітрапаліт Ісідар вярнуўся з Фларэнцыі ў ВКЛ (ён наведаў Полацк, Смаленск, Вільню і Кіеў), малады вялікі князь Казімір Ягелончык сустрэў яго прыхільна. Казімір дазволіў Ісідару абвясціць уніяцкую булу ў праваслаўных храмах і прызнаў яго правы як папскага легата.
У 1440–1441 гадах Ісідар актыўна наведваў землі ВКЛ і Польшчы, разаслаў славянскі пераклад пастановаў сабора і сваё «Акружное пасланне», цэлебраваў сумесныя набажэнствы ў грэцкім абрадзе ў касцёлах, у Вільні і іншых гарадах абвяшчаў аб’яднанне Цэркваў.
У той час у Масковіі, якая таксама належала да Кіеўскай мітраполіі, унію сустрэлі катэгарычным і жорсткім бунтам, а мітрапаліта Ісідара арыштавалі. Масква цалкам адхіліла унію, самавольна паставіла свайго мітрапаліта Ёну і пайшла па шляху аўтакефаліі.
У ВКЛ у 1458 годзе пры падтрымцы Папы Рымскага і Канстанцінопальскага патрыярха (які тады таксама прытрымліваўся уніі) мітрапалітам Кіеўскім, Галіцкім і ўсёй Русі стаў Рыгор Балгарын (вучань Ісідара). Рыгор кіраваў праваслаўнымі епархіямі ў межах ВКЛ і Польшчы менавіта як уніяцкі мітрапаліт.
Пазней, у 1467 годзе, уніяцкі мітрапаліт Рыгор Балгарын зразумеў, што Фларэнційская унія ў Грэцыі і свеце правалілася, і афіцыйна вярнуўся пад юрысдыкцыю Канстанцінопальскага праваслаўнага патрыярха. Па некаторых звестках, гэта прывяло да незадаволенасці праваслаўнай паствы, у тым ліку, праваслаўнай партыі ў асяроддзі шляхты, а таксама сярод праваслаўных біскупаў, таму Рыгор не адважыўся нават з'явіцца ў Кіеве і жыў пры двары Вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка.
У 1476 годзе група праваслаўных іерархаў і магнатаў (у тым ліку смаленскі біскуп Місаіл Пструцкі, князі Алелькавічы, Хадкевічы і інш.) накіравала ліст Папу Сіксту IV, у якім выказвала падтрымку Фларэнційскай уніі і прасіла пацвердзіць Місаіла, які з 1475 года стаў мітрапалітам. Ідэі Фларэнцыйскай уніі ўплывалі на культурнае жыццё ВКЛ (у тым ліку на Скарыну), спрыялі будаўніцтву храмаў і падрыхтавалі глебу для пазнейшай Берасцейскай уніі 1596 года.
