Рэлігійнае пытанне і знешняя палітыка царызму перад падзеламі Рэчы Паспалітай

Руская дваранская і буржуазная гістарыяграфія шмат прац прысвяціла нацыянальна-рэлігійнаму пытанню ў гісторыі Заходняга краю (так дарэвалюцыйныя гісторыкі называлі Беларусь). З пазіцый праваслаўнай царквы яна паказвае нацыянальна-рэлігійную барацьбу дваранства (П. Н. Жуковіч) альбо праваслаўнага духавенства (М. О. Каяловіч, І. Чыстовіч, Ф. І. Цітоў) супраць каталіцтва і царкоўнай уніі, барацьбу, якая вялася нібыта пры бескарыслівай падтрымцы праваслаўных рускіх цароў за выратаванне «рускай» народнасці. Асабліва гэта тэндэнцыя ўзмацнілася пасля падаўлення паўстання 1863 г.
У беларускай савецкай гістарычнай літаратуры гэтай праблемай зацікавіўся І. Ф. Лочмель, які падышоў да яе з пазіцый марксісцка-ленінскага вучэння аб класах і класавай барацьбе. Але ў яго кнізе былі дапушчаны памылкі і схематызм: антыфеадальная і рэлігійная барацьба разглядалася толькі як барацьба супраць польскіх паноў. Праблема нацыянальна-рэлігійнага пытання ў Беларусі ў сувязі са знешняй палітыкай царызму яшчэ недастаткова распрацавана.
У дадзеным артыкуле высвятляецца рэлігійнае пытанне ў Беларусі і ў Рэчы Паспалітай наогул у другой палавіне ХVІІІ ст., калі царызм выкарыстаў яго для падрыхтоўкі падзелаў Рэчы Паспалітай, якая знаходзілася ў стане дзяржаўна-палітычнага ўпадку.
(…)
У ХVII і XVIII стст. каталіцкая і уніяцкая цэрквы дабіліся поспехаў у ходзе каталіцкай экспансіі на тэрыторыі Беларусі і Літвы. У другой палавіне XVIII ст. першае месца ў Беларусі па колькасці цэркваў і веруючых займала уніяцкая царква. Паводле люстрацыі падымнага падатку за 1790 г., у беларускіх паветах Вялікага княства Літоўскага (без усходняй часткі Беларусі, ужо далучанай да Расіі) колькасць уніяцкіх плябаній дасягнула 1199 (г. зн. 73,8% ад агульнага ліку. – А.П.), каталіцкіх - 283 (17,4%), праваслаўных - 143 плябаніі (8,8%). У 1777 г. у Магілёўскай губерні, як указана ў “Атласе Магілёўскай губерні 1777 г.”, налічвалася «грэчаскіх (г. зн. праваслаўных. - А. П.) манастыроў 10, цэркваў 124, каталіцкіх касцёлаў і кляштораў 62, уніяцкіх манастыроў 4, цэркваў 419, простанароддзе большай часткай усе уніяты...». Такім чынам па даных дакумента, складзенага рускімі афіцэрамі, праваслаўныя цэрквы і манастыры складалі толькі 21,6% ад агульнага ліку ў губерні, каталіцкія – 10, а ўніяцкія – 68,4%.
Польскі гісторык Т. Корзан вылічыў насельніцтва Рэчы Паспалітай у 1771 г. прыблізна ў 11 420 тыс. чалавек, з іх 550 тыс. праваслаўных, і 3790 тыс. уніятаў, што складала 5% праваслаўных, 33% уніятаў ад усяго насельніцтва дзяржавы. Прыблізна таксама вызначыў ён насельніцтва ў 1791 г. у Рэчы Паспалітай у 8790 тыс. чалавек, з іх 300 тыс. праваслаўных і 2660 тыс. уніятаў“. Лічба праваслаўных знізілася да 3,4%, а ўніятаў да 30% насельніцтва. Такім чынам, ва ўсходняй Беларусі, якая адышла да Расіі па першаму падзелу Рэчы Паспалітай, жыло каля палавіны праваслаўнага насельніцтва дзяржавы. Паводле прыблізных падлікаў В. Вельгорскага, у 1791 г. на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага сярод насельніцтва было 39% уніятаў, 38% католікаў, 6,5% праваслаўных і 16,5% іншых”. Трэба ўлічыць, што ў Літве падаўляючая большасць насельніцтва была католікамі, а звесткі 1791 г. уключаюць Літву і большую частку Беларусі. У канцы ХVIІІ ст. звыш 80% сельскага насельніцтва Беларусі было ўніятамі. Такім чынам, праваслаўныя (ва ўсходняй Беларусі, на Случчыне і Піншчыне) складалі нязначную меншасць насельніцтва Беларусі. Пераважная большасць насельніцтва не падвяргалася рэлігійнаму прыгнёту.
Захаванне многіх праваслаўных абрадаў, беларуская і царкоўнаславянская мовы, якія ўжывала ў час багаслужэння уніяцкая царква, былі накіраваны на стварэнне ўражання сярод шырокіх мас насельніцтва, што глыбокіх перамен не адбылося. Часткова гэта мэта была дасягнута, тым больш, што асноўная частка насельніцтва - сяляне – была непісьменная, мала разбіралася ў тонкасцях царкоўнай арганізацыі і палітыкі, захоўвала яшчэ шмат дахрысціянскіх абрадаў.
У другой палавіне ХVIІІ ст. на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай захавалася толькі адна праваслаўная епархія - Беларуская з цэнтрам у Магілёве. З 1718 г. значная частка праваслаўных Беларусі была падпарадкавана непасрэдна Кіеўскай мітраполіі (цэнтр якой знаходзіўся на тэрыторыі Расійскай імперыі)”. Граматы аб назначэнні епіскапаў выдаваў кароль, але назначэнне іх рабілася царызмам. Так, у 1759 г. беларускім епіскапам стаў Георгі Каніскі (з дваран Чарнігаўскай губерні, якога прыслалі з Расіі ў Магілёў). Па ўмовах трактата аб «вечным міры» 1686 г. паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй праваслаўных епіскапаў у Рэчы Паспалітай фармальна назначаў Кіеўскі мітрапаліт, рускі падданы.
Барацьба супраць рэлігійнага прыгнёту ў Беларусі ў другой палавіне ХVIІ-ХVIІІ стст. Была абмежавана толькі некалькімі выступленнямі праваслаўнай шляхты Пінскага павета, мяшчан Полацка і сялян Мсціслаўскага ваяводства. Гэты нязначны рух быў выкарыстаны царызмам у знешняй палітыцы для ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай.
У другой палавіне ХVIІІ ст. вялікі і актыўны ўдзел у знешняй палітыцы сваёй дзяржавы прымала сама Кацярына ІІ. Ні адно сур'ёзнае пытанне не праходзіла без яе, ні адно адказнае рашэнне не прымалася без непасрэднага яе ўмяшання. Парушаючы правы Рэчы Паспалітай як незалежнай дзяржавы, рыхтуючы яе падзелы, Кацярына ІІ прыкрывала свае дзеянні формай абароны «вольнасці» польскага народа. Гэта палітыка праводзілася царскай дыпламатыяй, а не рускім народам – “…нацыю не пыталі...».
(…)
Адносіны уніятаў да сваёй царквы былі яскрава паказаны ў перыяд дзеяння ўказа Кацярыны ІІ ад 22 красавіка 1794 г. «Аб выкараненні уніі» і пасля яго скасавання. Па гэтаму ўказу насільна, у адміністрацыйным парадку і большай часткай на паперы было далучана да праваслаўнай царквы ў беларускіх і ўкраінскіх абласцях, якія адышлі да Расіі па першаму і другому падзелах Рэчы Паспалітай, каля 1,5 млн. уніятаў на чале з духавенствам. Але калі Павел І (па палітычных матывах) скасаваў гэты ўказ, 90% пераведзеных у праваслаўе «ўз'яднаных» уніятаў вярнуліся да уніі.
Пачатак умяшання царызму ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай на фармальнай аснове адносіцца да канца ХVIІ - пачатку ХVIІІ ст.
(…)
Царскі ўрад таксама не звяртаў увагі на праваслаўныя брацтвы і становішча народных мас, а выкарыстоўваў у сваіх мэтах толькі шляхту. Царызм менш за ўсё клапаціўся аб праваслаўных мяшчанах і сялянах. Нацыянальна-рэлігійнае пытанне было выкарыстана царызмам для ўзмацнення залежнасці Рэчы Паспалітай ад царскай Расіі, а потым і для падрыхтоўкі падзелаў.
Каментары:
