Царква як «Новы Ізраіль»

- . Апублікавана ў Публікацыі

З ростам хрысціянскага сіянізму становіцца важным нанава разгледзець праўдзівае разуменне адносін Царквы да яўрэйскага народа і нацыі.

Калі хтосьці жадае прадставіць афіцыйны экуменізм, замацаваны ў дакументах Другога Ватыканскага сабора, то рамкамі, у якіх павінны абмяркоўвацца пытанні адносна яўрэйскага народа і Божых запаветаў, з’яўляецца эклезіялогія «Lumen Gentium» і выкарыстанне формулы «subsistit in».

«Lumen Gentium» — гэта назва Дагматычнай канстытуцыі Другога Ватыканскага сабора пра Царкву. У гэтай дагматычнай канстытуцыі Валадарства Божае — гэта Валадарства Хрыста, якое ўжо цяпер прысутнічае ў таямніцы: «Царква, або валадарства Хрыста, ужо цяпер прысутнічае ў таямніцы і дзякуючы Божай моцы бачна пашыраецца ў свеце» (LG 3).

Нягледзячы на тое, што Царква — гэта «Валадарства Хрыста, якое ўжо цяпер прысутнічае ў таямніцы», яе таямніца і паўната ззяюць там, дзе няма граху, нават калі яна ахоплівае членаў на зямлі, якія ўсё яшчэ ачышчаюцца і вызваляюцца ад граху (пар. Эф 5:26-27). Называнне Каталіцкай Царквы «Валадарствам Хрыста, якое ўжо цяпер прысутнічае ў таямніцы», не азначае, што элементаў гэтага Валадарства няма ў супольнасцях, якія не з’яўляюцца цалкам каталіцкімі. Аднак гэтыя элементы належаць Каталіцкай Царкве, а не адлучаным супольнасцям, калі разглядаць іх фармальна, гэта значыць як адлучаныя. Такім чынам, гэтыя элементы з’яўляюцца каталіцкімі, нават калі іншыя не разумеюць таго, чым яны валодаюць.

Аддзеленыя ад адзінства ўнутры Царквы, гэтыя элементы з’яўляюцца жыццядайнымі толькі ў тым выпадку, калі яны нейкім чынам заахвочваюць да адзінства і любові да Бога (ласка) праз жывую веру ў Хрыста (пар. Summa Theologiae II-II, 2.7), што робіць магчымым толькі Царква. Выбар лацінскага выразу subsistit in дазволіў прыйсці да разумення Валадарства праз прынцып удзелу, пры гэтым Каталіцкая Царква выступае як галоўны аналагат, у адносінах да якога павінен разумецца ўдзел усіх астатніх аналагатаў (галоўны аналагат (primeanalogate): гэта багаслоўскі і філасофскі тэрмін, які азначае першаснае і поўнае значэнне паняцця, з якім суадносяцца ўсе астатнія (другасныя) значэнні. У дадзеным выпадку — поўная рэальнасць Валадарства Хрыста на зямлі ёсць менавіта ў Каталіцкай Царкве, а іншыя супольнасці маюць да яе дачыненне толькі ў той ступені, у якой яны падзяляюць яе элементы.) Яна з’яўляецца галоўным аналагатам менавіта таму, што на зямлі не існуе іншага спосабу трывання Валадарства Хрыста, акрамя Каталіцкай Царквы — «паўсюднай прылады збаўлення» (LG 48).

У пункце 8 «Lumen Gentium» так сказана пра гэтую прыналежнасць: “Гэтая Царква, заснаваная і ўладкаваная на гэтым свеце як супольнасць, трывае (subsistit) у каталіцкай Царкве, якой кіруе наступнік Пятра і біскупы, якія застаюцца з ім у супольнасці (communio), хоць па-за яе складам знаходзіцца шмат элементаў асвячэння і праўды, якія, як уласцівыя дары Хрыстовай Царквы, схіляюць да каталіцкай еднасці”.

Заўвага Кангрэгацыі Веравучэння 2007 года ўдакладніла значэнне тэрміна «трывае», або па-лацінску — «subsistit»: “Паводле каталіцкага вучэння, можна справядліва сцвярджаць, што Царква Хрыста прысутнічае і дзейнічае ў цэрквах і царкоўных супольнасцях, якія яшчэ не знаходзяцца ў поўнай еднасці з Каталіцкай Царквой, дзякуючы элементам асвячэння і ісціны, якія ў іх прысутнічаюць. Тым не менш, слова «subsistit» (трывае) можа быць аднесена толькі да адной Каталіцкай Царквы менавіта таму, што яно адносіцца да прыкметы адзінства, якую мы вызнаем у сімвалах веры (Веру... у «адзіную» Царкву); і гэтая «адзіная» Царква існуе ў Каталіцкай Царкве”.

Адзінай праўдзівай Царквой ёсць і застаецца Каталіцкая Царква. Вучэнне ніколі не змянялася. Тэрміналогія «subsistit» (трывае) проста тлумачыла, якім чынам «элементы» Царквы могуць знаходзіцца ў адлучаных супольнасцях. Напрыклад, каталікі не перахрышчваюць людзей, якія ўжо былі належным чынам ахрышчаны ў пратэстанцкіх супольнасцях, таму што хрост — гэта элемент, які належыць Каталіцкай Царкве, а не адлучанай супольнасці qua (як) адлучанай. Усе сапраўдныя хрышчэнні з’яўляюцца каталіцкімі, нават калі яны былі здзейснены незаконна і наўмысна па-за супольнасцю каталікоў.

Царква — гэта Валадарства Хрыста (Месіі) на зямлі ў таямніцы, і паколькі Валадарства Хрыста стала «новым Ізраілем», то Царква перасягнула Ізраіль праз рэкапітуляцыю (пар. Эф 1:10), а не праз простую замену. (Рэкапітуляцыя - вельмі важнае паняцце (ад грэчаскага anakephalaiosis). Царква не проста «выкінула» стары Ізраіль, каб заняць яго месца (тэорыя замены), а «ўвабрала яго ў сябе», Хрыстос стаў галавой усяго, што было да Яго, гэта не адмена, а выкананне і завяршэнне). Царква ўдзяляе паўнату ўдзелу ў сапраўдным Ерусаліме, які звыш, і гэта з’яўляецца часткай яе сакраментальнай таямніцы. (Гэта адсылка да Паслання да Галатаў (Гал 4:26) і Адкрыцця Яна Багаслова. Сапраўднае грамадзянства хрысціян — у гэтым нябесным Ерусаліме, які ўжо цяпер таямніча прысутнічае ў Царкве праз сакраманты).

«Ерусалім, што ўгары, свабодны, ён — нашая маці» (Гал 4:26; пар. Гбр 12:22 і Адкр 21:2). «Стары» Ізраіль (паводле цела) нёс у сабе падрыхтоўчы вобраз Царквы, якая павінна была сысці з Неба, але ён яшчэ не быў сапраўдным удзелам у сапраўднай нябеснай скініі і нябеснай таямніцы (пар. Гбр 8-10). Царква Хрыста на зямлі цяпер з’яўляецца бачным сходам і носьбітам гэтай таямніцы, носьбітам Сакраманту, які дае доступ да сапраўднай нябеснай скініі і свяцілішча (пар. Гбр 10:19-22).

Абапіраючыся на пункт 8 і паняцце «subsistit in», Канстытуцыя Lumen Gentium у пункце 9 тлумачыць рэкапітуляцыю Ізраіля наступным чынам: “Але як Ізраіль, які вандраваў праз пустыню, паводле цела ўжо названы Царквой Божай (Нм 13, 1; пар. Ліч 20, 4; Дрг 23, 1 і наст.), так і новы Ізраіль, які, жывучы ў цяперашнім веку, шукае будучага і трывалага горада (пар. Гбр 13, 14), таксама называецца Хрыстовай Царквой (пар. Мц 16, 18)”.

Існуе толькі адзін сапраўдны Ізраіль (галоўны аналагат), і чалавек належыць да гэтага Ізраіля ў той ступені, у якой ён належыць да Царквы Хрыста.

Дык як жа быць са «старым» Ізраілем — паводле цела? Няўжо ён цяпер не мае ніякай каштоўнасці? Вядома, ён мае каштоўнасць як той, хто валодае патэнцыялам да прыняцця Ісуса Хрыста, і таму ён «па-рознаму звязаны з Божым народам» (LG 16) і «ўмілаваны дзеля айцоў з прычыны выбрання». Звярніце ўвагу: тут не гаворыцца, што яны засталіся народам Божым, але што яны «па-рознаму звязаны», бо паводле Новага Запавету менавіта «Царква з’яўляецца новым народам Божым» (Nostra Aetate 4).

Парадак скіраванасці да сапраўднага яднання з Хрыстом пералічаны ў Lumen Gentium 16. Нягледзячы на тое, што Ізраіль паводле цела знаходзіцца па-за Новым Запаветам і ў парушаным запавеце, за які нясе адказнасць сінедрыён Другога Храма (а не ўсе яўрэі), ён усё яшчэ захоўвае (сярод многіх элементаў, уласцівых каталіцкай паўнаце) Закон і Прарокаў, якія сведчаць пра прыход Хрыста. Гэтыя элементы веры былі прыняты ў Божы Ізраіль — Царкву Хрыста (пар. Гал 6:16) — і таму з’яўляюцца агульным элементам веры, які чытаецца ў літургіях абедзвюх супольнасцяў. Яны заахвочваюць абедзве супольнасці прыняць Ісуса Хрыста да таго, як Ён вернецца ў славе.

Ізраіль паводле цела застаецца сведкам Божых абяцанняў, дадзеных нашым супольным продкам часоў Другога Храма да прышэсця Хрыста. У часы юдаізму Другога Храма абрады былі правобразамі таго, што стала ўнутранымі прынцыпамі асвячэння ў «лепшых абяцаннях» (Гбр 8:6) і «лепшых ахвярах» (Гбр 9:23) Хрыста. Элементы і абрадавыя законы юдаізму Другога Храма заўсёды і толькі таму мелі каштоўнасць, што Хрыстос быў «вяршыняй Закону» (Рым 10:4).

Тым не менш, гэтыя элементы і абрады, калі яны аддзелены ад веры ў Хрыста і ад прыняцця Яго Царквы, не з’яўляюцца жыццядайнымі. «бо немагчыма, каб кроў быкоў ды казлоў знішчала грахі» (Гбр 10:4). Тое, што не было жыццядайным, стала «састарэлым» (Гбр 8:13): грамадзянскія і абрадавыя законы юдаізму Другога Храма, якія скончыліся ў 70 годзе пасля Нараджэння Хрыста. Тое, што было жыццядайным, працягваецца і знаходзіцца цяпер толькі ў Каталіцкай Царкве, для якой і прызначаны Ізраіль паводле цела.

Царква адкідвае ідэю, што Майсееў запавет усё яшчэ застаецца збаўленчым для яўрэяў па-за прыняццем запавету Ісуса Хрыста. Царква таксама адкідвае багаслоўскі сіянізм, які прапануе прызнаць за «Ізраілем паводле цела» пастаяннае Божае права на выключнае панаванне над былымі землямі біблейскага Ізраіля.

Канцэпцыя Другога Ватыканскага сабору (пар. Lumen Gentium) не адкідвае прэтэнзій яўрэяў, якія законна пражываюць на тэрыторыі былой падмандатнай Палесціны, на тое, каб быць палітычнай дзяржавай Ізраіль. У рэшце рэшт, палітычная дзяржава не лічыцца біблейскай дзяржавай. Прызнанне дзяржавы Ізраіль і дыпламатычныя адносіны былі ўсталяваны Ватыканам толькі ў адпаведнасці з міжнародным правам, вызначаным Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый з 1948 года і да нядаўняга часу. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый — гэта не Біблія.

Дыпламатычныя адносіны Ватыкана з Ізраілем ніколі не разглядаліся Ватыканам як прызнанне багаслоўскіх прэтэнзій на зямлю, вядомых як “багаслоўскі сіянізм” (пар. Бенядыкт XVI, 2018). Каталікі не прызнаюць прэтэнзій на «Божае права» Ізраіля паводле цела над былымі біблейскімі землямі. Прэтэнзіі на Божае права з'яўляюцца пытаннем багаслоўя і супярэчылі б каталіцкай тэалогіі і дактрыне (пар. Бенядыкт XVI, 2018). Царква з'яўляецца «Божым Ізраілем» (Гал 6:16) і адкідвае багаслоўскі сіянізм.

Нацыі, як і палітычная дзяржава Ізраіль, прымаюцца Ватыканам толькі ў адпаведнасці з тым, што можна назваць натуральнымі правамі, а не на падставе дзяржаўных прэтэнзій на Божае права (або мандатаў на біблейскія землі). Сучасныя ізраільскія прэтэнзіі на Божае права на палесцінскія тэрыторыі з'яўляюцца ілжывымі і парушаюць правы іншых людзей, асабліва палесцінцаў. Натуральныя правы прадугледжваюць адказнасць, як гэта ўдакладнена ў Жэнеўскіх канвенцыях. Каталікі спадзяюцца, што палітычная дзяржава Ізраіль будзе дзейнічаць у адпаведнасці з ААН як дзяржава-член і перастане парушаць Жэнеўскія канвенцыі.

Палітычная дзяржава Ізраіль падпарадкоўваецца маральнаму натуральнаму закону і не мае ніякага Божага мандата. У той час як Ватыкан насамрэч мае Божы мандат на «кіраванне» душамі, ён не прад'яўляе прэтэнзій на Божы мандат на пэўны ўчастак зямлі — нават на зямны Ерусалім, нават на тое, што было падорана рымскімі імператарамі. Гэта зямныя прававыя пытанні.

Доктар Мэцью А. Цаканікас, загадчык кафедры багаслоўя ў Christendom College (Вірджынія, ЗША)

Каментары: