- Навіны
- Праглядаў: 1518
Папа абвясціў індульгенцыю ў Год св. Язэпа
8 снежня 2020 г. быў апублікаваны Апостальскі ліст Папы Францішка Patris corde («Бацькоўскім сэрцам»), прысвечаны 150-годдзю прызнання святога Язэпа апекуном Каталіцкай Царквы. Пантыфік, ушаноўваючы рашэнне блаславёнага Папы Пія IX, выражанае ў дэкрэце Quemadmodum Deus 1870 г., абвясціў у Царкве адмысловы Год святога Язэпа. Ён будзе працягвацца з 8 снежня 2020 г. да 8 снежня 2021 г.
Таксама з нагоды гэтага Года Папа абвесціў адпуст (індульгенцыю) для ўсіх, хто выканае патрэбныя ўмовы і прыме ўдзел у падзеях Года св. Язэпа вызначаным чынам. Ёсць тры звычайныя умовы, якія неабходна выканаць, каб атрымаць адпуст (індульгенцыю): 1) быць у стане асвячальнай ласкі (г.зн. не мець на сумленні цяжкіх грахоў, калі такія ёсць, неабходна прыступіць да споведзі), 2) прыняць Святое Прычасце, 3) памаліцца ў намеры Святога Айца (“Ойча наш”, “Багародзіца Дзева” і “Слава”). Да гэтых трох умоў неабходна выканаць прынамсі адзін вызначаны учынак з нагоды Года св. Язэпа.
