Новаабраны протаігумен прыступіў да выканання абавязкаў
Айцец Андрэй Рак прыступіў да выканання абавязкаў протаігумена Львоўскай правінцыі Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў. Інаўгурацыя адбылася ў манастыры св. Альфонса ў Львове ў панядзелак, 8 снежня 2014 г.
Падчас Вячэрні правінцыйны сакратар а. Раман Лагіш у прысутнасці дэлегатаў Капітулы зачытаў дэкрэт генеральнага настаяцеля рэдэмптарыстаў а. Міхаіла Брейла аб зацвярджэнні выбару Львоўскай правінцыі, а дзеючы правінцыйны настаяцель а. Ігар Калеснік перадаў свае паўнамоцтвы новаабранаму протаігумену.
Айцец Андрэй, паклаўшы руку на Евангелле, склаў вызнанне веры Каталіцкай Царквы і прысягнуў на вернасць і паслушэнства царкоўнай уладзе. Пасля богаслужэння ён удзяліў субратам першае блаславенне ў якасці правінцыйнага настаяцеля. Свой урад а. Андрэй будзе выконваць на працягу наступных чатырох гадоў.
Біяграфія
Айцец Андрэй Рак нарадзіўся 30 ліпеня 1977 года ў г. Наваявараўску на Львоўшчыне (Украіна).
У 1998 годзе паступіў у навіцыят Львоўскай правінцыі рэдэмптарыстаў, у 2004 годзе склаў вечныя зарокі.
На працягу 1999-2001 г. вывучаў філасофію і багаслоўе ў Вышэйшым духоўным інстытуце імя блаславёнага Мікалая Чарнецкага, г. Львоў.
З 2002 па 2006 г. быў на магістарскіх студыях каталіцкага багаслоўя ў Леапольд-Францэнс-Універсітэце ў Інсбруку, Аўстрыя.
Святарскае пасвячэнне атрымаў 25 лістапада 2006 г. і працягваў сваё служэнне на розных рэдэмптарысцкіх парафіях ва Украіне.
Ад 1 кастрычніка 2009 служыць у г. Інсбруку (Аўстрыя), дзе знаходзіцца на дактаранцкіх студыях па маральнаму багаслоўю.
Каментары: