Энцыкліка Ecclesiam Dei (Царква Божая) Папы Пія ХІ

Энцыкліка Ecclesiam Dei (Царква Божая) Папы Пія ХІ

з нагоды трохсотай гадавіны мучаніцтва св. Язафата

Высокадастойным братам Патрыярхам, Прымасам, Архібіскупам, Біскупам і іншым мясцовым Ардынарыям, якія ў міры і сулучнасці з Апостальскім Пасадам знаходзяцца, з нагоды трохсотай гадавіны мучаніцтва св. Язафата, Архібіскупа Полацкага

Высокадастойныя браты, вітанне вам і Апостальскае блаславенне.

1. Царква Божая, дзякуючы дзівоснаму Провіду, была ўладкавана так, каб у поўні часоў стацца велізарнай сям’ёю, што ахоплівае ўсё чалавецтва, і таму, як вядома, ёй уласціва, і гэта ёсць адзін з бачных знакаў Боскіх, паўсюдная еднасць. Паколькі Хрыстос, Госпад наш, не толькі даручыў Сваім апосталам місію, якую атрымаў ад Айца, кажучы: “Дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзеце, навучайце ўсе народы”, (1) але пажадаў таксама, каб Калегія апосталаў утварала дасканалую еднасць, заснаваную на падвойнай і моцнай сувязі: унутрана – адной вераю і любоўю, якая “вылілася ў сэрцы нашыя Духам Святым”; (2) і вонкава – адной вярхоўнай уладай над усімі, бо Ён усклаў першынство сярод апосталаў на Пятра, зрабіўшы яго сталым прынцыпам і бачным падмуркам еднасці Царквы. Ён вельмі клапаціўся, каб пераканаць іх у неабходнасці гэтай еднасці, завяршаючы Сваё зямноё жыццё, (3) пра гэтую ўласна еднасць прасіў у палымянай малітве Айца Свайго, (4) і малітва Яго была пачутая, “быў выслуханы дзеля богаадданасці Сваёй”. (5)