Энцыкліка Ecclesiam Dei (Царква Божая) Папы Пія ХІ

- . Апублікавана ў Дакументы

Энцыкліка Ecclesiam Dei (Царква Божая) Папы Пія ХІ

з нагоды трохсотай гадавіны мучаніцтва св. Язафата

Высокадастойным братам Патрыярхам, Прымасам, Архібіскупам, Біскупам і іншым мясцовым Ардынарыям, якія ў міры і сулучнасці з Апостальскім Пасадам знаходзяцца, з нагоды трохсотай гадавіны мучаніцтва св. Язафата, Архібіскупа Полацкага

Высокадастойныя браты, вітанне вам і Апостальскае блаславенне.

1. Царква Божая, дзякуючы дзівоснаму Провіду, была ўладкавана так, каб у поўні часоў стацца велізарнай сям’ёю, што ахоплівае ўсё чалавецтва, і таму, як вядома, ёй уласціва, і гэта ёсць адзін з бачных знакаў Боскіх, паўсюдная еднасць. Паколькі Хрыстос, Госпад наш, не толькі даручыў Сваім апосталам місію, якую атрымаў ад Айца, кажучы: “Дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзеце, навучайце ўсе народы”, (1) але пажадаў таксама, каб Калегія апосталаў утварала дасканалую еднасць, заснаваную на падвойнай і моцнай сувязі: унутрана – адной вераю і любоўю, якая “вылілася ў сэрцы нашыя Духам Святым”; (2) і вонкава – адной вярхоўнай уладай над усімі, бо Ён усклаў першынство сярод апосталаў на Пятра, зрабіўшы яго сталым прынцыпам і бачным падмуркам еднасці Царквы. Ён вельмі клапаціўся, каб пераканаць іх у неабходнасці гэтай еднасці, завяршаючы Сваё зямноё жыццё, (3) пра гэтую ўласна еднасць прасіў у палымянай малітве Айца Свайго, (4) і малітва Яго была пачутая, “быў выслуханы дзеля богаадданасці Сваёй”. (5)

2. Такім чынам Царква была народжана і вырасла ў «адно цела», ажыўленае і ўмацаванае адным духам. Яго “Галава – Хрыстос, з Яго ўсё цела, належна складзенае і злучанае рознымі повязямі ўзаемнай дапамогі”, (6) а бачнай галавой гэтага цела з’яўляецца, з той жа прычыны, той, хто на зямлі замест Хрыста дзейнічае – Рымскі Архірэй. У ім, як спадкаемцы св. Пятра, увесь час рэалізуюцца словы Хрыста: “На камені гэтым Я збудую Царкву Маю”. (7) І ён ніколі не перастае выконваць гэтыя абавязкі намесніка, ускладзеныя на Пятра, каб умацоўваць у веры сваіх братоў, калі гэта неабходна, і пасвіць усіх авечак і ягнят Гасподняга статка.

3. Нішто ніколі не знаходзілася пад настолькі лютымі нападкамі “ворага чалавека”, як адзінства кіравання Царквою, з дапамогаю якога захоўваецца “еднасць духу ў саюзе міру”. (8) Хоць вораг ніколі не здолеў і ніколі не здолее перамагчы Царкву, у яго ўсё ж атрымалася адарваць ад яе ўлоння многіх яе дзяцей і нават цэлыя народы. Канфлікты народаў паміж сабой, законы, якія супярэчаць рэлігіі і пабожнасці, а таксама празмерная любоў да часовых зямных дабротаў нямала спрычыніліся да такой вялікай шкоды.

4. Але найвялікшым і самым прыкрым быў адыход візантыйцаў ад паўсюднай Царквы. Хоць здавалася, што гэтае няшчасце было пераадолена на Ліёнскім і Фларэнцкім саборы, аднак потым канфлікт зноў успыхнуў і працягваецца дагэтуль, наносячы вялікую шкоду душам. Бачым таксама, як былі ўведзеныя ўзман і адыйшлі разам з іншымі ўсходнія славяне, хоць трэба прызнаць, яны даўжэй за іншых заставаліся ва ўлонні маці Царквы. Добра вядома, што яны ўсё яшчэ падтрымлівалі пэўныя адносіны з Апостальскім Пасадам нават пасля схізмы Міхаіла Керулярыя: гэтыя адносіны, перапыненыя нашэсцямі татара-манголаў, пасля аднаўляліся і трывалі да таго часу, пакуль ім не перашкаджала бунтоўная ўпартасць іхніх уладароў.

5. З свайго боку Рымскія Архірэі нічога не занядбалі і звярталіся да ўсіх даступных ім сродкаў, каб аднавіць еднасць. Некаторыя з іх праяўлялі асаблівую цікавасць і клопат для выратавання ўсходніх славянаў. Так, Рыгор VII на просьбу княжага сына, якому давялося быць у Рыме, паслаў прыязны ліст, (9) у якім былі сардэчныя пажаданні шчодрага Божага бласлаўлення ягонаму бацьку, князю Кіеўскаму – “Дзмітрыю, каралю Русаў, і каралеве, сужонцы ягонай”, – з нагоды пачатку іхняга ўладарання. Ганорый III накіроўваў сваіх легатаў у Ноўгарад. Рыгор IX паўтарыў тое самае, а неўзабаве Інакенцій IV таксама паслаў свайго легата, чалавека высакароднага і моцнага характару, Джавані да П’ян дэль Карпіні, аднаго з самых знакамітых францішканаў таго часу. Плён столькіх руплівых клопатаў нашых Папярэднікаў праявіўся ў 1255 годзе, калі аднавілася згода і еднасць. І каб адзначыць гэтую падзею папскі легат, абат Апіцонэ, ад імя і па даручэнні Папы з усімі ўрачыстымі цырымоніямі каранаваў Данілу Раманавіча. Услед за тым, згодна з велічнымі традыцыямі і старадаўнімі звычаямі ўсходніх славянаў, на Саборы ў Фларэнцыі, Ісідар, мітрапаліт Кіеўскі і Маскоўскі, кардынал Святой Рымскай Царквы, паабяцаў ад імя сваіх суайчыннікаў, прамаўляючы ў ​​іхняй мове, захоўваць святую і непарушную каталіцкую еднасць у веры Апостальскага Пасаду.

6. Гэтая адноўленая еднасць трывала ў Кіеве на працягу многіх гадоў, але новыя палітычныя ўзрушэнні, якія паўсталі на пачатку XVI стагоддзя, зноў прывялі да таго, што адносіны былі перарваныя. Аднак, на шчасце, у 1595 годзе яны зноў былі адноўленыя, і ў наступным годзе на Берасцейскім Саборы намаганнямі мітрапаліта Кіеўскага і іншых рускіх біскупаў [беларускіх і ўкраінскіх біскупаў – Ruthenorum Episcopis] была ўрачыста абвешчана еднасць. Клімент VIII прыняў гэтых біскупаў з глыбокім пачуццём любові і выдаў канстытуцыю “Magnus Dominus” [“Вялікі Госпад”], у якой папрасіў усіх вернікаў падзякаваць Богу, “які заўсёды думае пра супакой і хоча, каб усе людзі былі збаўленыя і пазналі праўду”.

7. Каб гэтая еднасць і згода трывалі вечна, Бог у Сваім непераўзыдзеным Провідзе захацеў асвяціць іх, калі можна так сказаць, пячаткай святасці і мучаніцтва. Такі вялікі гонар стаць святым і мучанікам выпаў Язафату, архібіскупу Полацкаму, усходняга славянскага абраду, якога справядліва ўважаюць славай і апорай усходніх славянаў. Без сумневу, цяжка было б знайсці іншага такога чалавека, які так узвысіў бы свой народ, або зрабіў бы больш для яго вечнага дабра, чым гэты іхні Пастыр і Апостал, асабліва таму, што ён праліў уласную кроў за еднасць святой Царквы.

8. З нагоды трохсотай гадавіны яго слаўнага мучаніцтва Нам вельмі прыемна зноў аднавіць памяць пра такую вялікую асобу, каб Госпад, адказваючы на ​​палымяныя малітвы многіх, “абудзіў у сваёй Царкве дух, якім быў напоўнены блаславёны мучанік і біскуп Язафат, які аддаў жыццё за сваіх авечак”, (10) каб усё больш узрастала ў народзе імкненне да еднасці, каб працягвалася справа, да якой ён заклікаў, пакуль не прыйдзе час, калі споўніцца абяцанне Хрыстова і жаданне ўсіх святых Яго, каб “быў адзін статак і адзін Пастыр”. (11)

Ён быў народжаны ад бацькоў, адлучаных ад еднасці, але хрышчаны праўдзіва і атрымаў імя Іван; з ранніх гадоў жыў у пабожнасці. Сузіраючы велічнасць славянскай літургіі, ён заўсёды шукаў у ёй перш за ўсё праўды і славы Божай. Менавіта таму, а не пад уплывам нейкіх чалавечых аргументаў, ён, яшчэ як хлопчык, звяртаецца да супольнасці Паўсюднай, гэта значыць Каталіцкай Царквы, да якой, як ён лічыў, належаў праз сапраўднасць свайго хросту. Таксама, адчуваючы, што боскае натхненне вядзе яго, каб аднавіць святую еднасць паўсюль, ён зразумеў, што захаванне ўсходняга славянскага абраду і базыльянскага манаства ў еднасці з Каталіцкай Царквою прынясе вялікую карысць гэтаму. Таму, будучы ў 1604 годзе прынятым да манахаў св. Васіля і змяніўшы імя Іван на Язафат, ён цалкам пасвяціў сябе выкананню ўсіх цнотаў, асабліва пабожнасці і пакаяння. У той час ён праявіў сапраўды незвычайную любоў да Крыжа, якой навучыўся ў дзяцінстве, пастаянна сузіраючы Ісуса Укрыжаванага.

10. Мітрапаліт Кіеўскі Язэп Вельямін-Руцкі, будучы таксама архімандрытам гэтага манастыра, сведчыць, што Язафат “за кароткі час дасягнуў такіх поспехаў у манаскім жыцці, што мог стаць настаўнікам для іншых”. Амаль адразу пасля атрымання свячанняў Язафат быў абраны архімандрытам і пастаўлены кіраваць манастыром. Кіруючы супольнасцю, ён імкнуўся не толькі ахоўваць і абараняць ад варожых нападаў манастыр і храм пры ім, але, знайшоўшы таксама, што тыя святыя месцы былі амаль забытыя вернікамі, рабіў усё магчымае, каб народ хрысціянскі пачаў зноў наведваць іх. У той жа час, маючы ў сэрцы сваім паяднанне сваіх суайчыннікаў з Пятровым Пасадам, ён паўсюль шукаў прыдатныя аргументы, якія паспрыялі б заахвочванню і ўмацаванню гэтай еднасці. Перш за ўсё ён вывучаў літургічныя кнігі, якімі звычайна карыстаюцца ўсходнія, нават і нез’яднаныя, згодна з прадпісаннямі Святых Айцоў.

11. Пасля такой стараннай падрыхтоўкі ён узяўся за справу аднаўлення еднасці з моцай і лагоднасцю ды з такім поспехам, што праціўнікі пачалі называць яго “душахватам”. Сапраўды выклікае захапленне, колькі душаў было прыведзена ім у адзіную аўчарню Ісуса Хрыста, самага рознага паходжання з ўсіх слаёў грамадства – людзей простых, гандляроў, шляхты, а таксама ваяводаў і кіраўнікоў правінцыяў, пра што сведчаць Сакалінскі з Полацка, Тышкевіч з Наваградка і Мялешка з Смаленска. Ён яшчэ больш пашырыў поле свайго апостальства пасля прызначэння біскупам у старажытны Полацак. Ягонае апостальства мела неверагодную сілу, бо Язафат даваў прыклад жыцця ў найвялікшай чысціні, беднасці і ўстрыманасці, што супадала з такой жа шчодрай велікадушнасцю ў адносінах да бедных, і ён нават пайшоў на тое, каб закласці ўласны амафор, каб дапамагчы тым, што былі ў патрэбе.

12. Аднак Язафат заўсёды строга захоўваў межы рэлігійнага жыцця, не ўмешваўся ніколі ў палітычныя справы, хоць неаднойчы яго вельмі прасілі прыняць удзел у вырашэнні грамадскіх праблемаў і спрэчак. З руплівасцю святога біскупа ён імкнуўся ў сваіх пропаведзях і творах заўсёды адкрываць людзям праўду. Акрамя прапаведання, ён апублікаваў шэраг твораў, напісаных простай мовай, на такія тэмы, як першынство св. Пятра, хрышчэнне св. Уладзіміра, абарона еднасці хрысціянаў, катэхізм, выкладзены паводле метаду блаславёнага Пятра Канізія і яшчэ шэраг іншых твораў. Паколькі ён вельмі настойліва заклікаў абодва духавенства [белае і чорнае] старанна выконваць свае абавязкі, каб у святарах зноў абудзіўся запал для служэння, яму ўдалося прывучыць людзей, належным чынам навучаных хрысціянскай дактрыне і падсілкаваных адпаведным прапаведаваннем слова Божага, каб прызвычайваліся часта прыступаць да святых Тайнаў, удзельнічалі ў багаслужбах і вялі ўсё больш праведны лад жыцця. Такім чынам, шырока распаўсюдзіўшы дух Божы, святы Язафат выдатна ўмацаваў справу еднасці, якой ён прысвяціў сябе. Але найбольш ён спрычыніўся да гэтага і асвяціў еднасць, калі памёр мучаніцкай смерцю, якую сустрэў з вялікай годнасцю і з дзівоснай велікадушнасцю.

13. Пра мучаніцтва ён заўсёды думаў, часта пра яго гаварыў. У адной з сваіх знакамітых пропаведзяў ён выказаў гатовасць прыняць мучаніцкую смерць, горача маліў Бога пра мучаніцтва, як пра асаблівую ласку Божую. За некалькі дзён да смерці, папярэджаны, што супраць яго рыхтуецца змова, ён сказаў: “Госпадзе, дай мне магчымасць праліць кроў за еднасць Царквы і за паслухмянасць Апостальскаму Пасаду”. Ягонае жаданне здзейснілася ў нядзелю, 12 лістапада 1623 году, калі, акружаны ворагамі, якія палявалі на Апостала еднасці, ён з усмешкай і радасцю выйшаў ім насустрач і, просячы іх, па прыкладзе свайго Настаўніка і Госпада, каб не чапалі яго хатніх, сам аддаўся ім у рукі. Калі быў жорстка паранены, ён да апошняга ўздыху не пераставаў маліць Бога, каб дараваў тым, што напалі на яго.

14. Вялікімі былі плады гэтага слаўнага мучаніцтва, асабліва для рускіх біскупаў [беларускіх і ўкраінскіх біскупаў – Episcopis Ruthenis], якія змаглі атрымаць з яго мучаніцтва жывы прыклад стойкасці і адвагі, што яны самыя пацвердзілі праз два месяцы ў лісце да Святой Кангрэгацыі Пашырэння веры: “Мы таксама гатовыя, як зрабіў ужо адзін з нас, аддаць сваю кроў і жыццё за каталіцкую веру”. Больш за тое – многія, у тым ліку забойцы Мучаніка, адразу пасля гэтага вярнуліся ва ўлонне адзінай Царквы.

15. Кроў святога Язафата і сёння, праз трыста гадоў, з’яўляецца асаблівай зарукай супакою, пячаткай еднасці: асабліва цяпер, скажам так, пасля таго, як няшчасныя славянскія правінцыі, ахопленыя ўсялякімі беспарадкамі і бунтамі, былі заплямленыя крывёю, пралітай у страшных і бязлітасных войнах. І здаецца, быццам мы чуем голас гэтай крыві, “якая прамаўляе лепш за кроў Абеля”, (12) нібы бачым таго мучаніка, які звяртаецца да сваіх братоў-славянаў і ўсклікае да іх, паўтараючы як некалі, словы Ісуса: “Авечкі засталіся без пастыра. Шкада мне гэтага народу” Сапраўды, сумны іх стан! Якія жахлівыя іх цярпенні! Колькі выгнанцаў з радзімы! Колькі знішчаных целаў, колькі загубленых душаў! Гледзячы на ​​цяперашнія бедствы славянаў, без сумневу, значна больш сур’ёзныя за тыя, ад якіх сумаваў у свой час наш Святы, надзвычай цяжка Нам стрымаць слёзы, якія ліюцца з Нашага бацькоўскага сэрца.

16. Для таго, каб палегчыць вялікае мноства цярпенняў, Мы, з свайго боку, паспрабуем паспяшацца на дапамогу пацярпелым, без усялякіх чалавечых матываў, не робячы адрознення паміж абяздоленымі, хіба што, каб у першую чаргу дапамагчы тым, якім больш за іншых патрэбная дапамога. Аднак Нашыя магчымасці не могуць ахапіць усё. Больш за тое, Мы не змаглі прадухіліць памнажэнне абразлівых нападаў на праўду і дабрадзейнасці, пагарду да ўсякіх рэлігійных пачуццяў, зняволенне і пераслед – у некаторых месцах нават крывавыя – хрысціянаў ды іх святароў і біскупаў.

17. Зважаючы на ​​ўсё гэтае зло, нас вельмі цешыць урачыстае ўшанаванне памяці гэтага слаўнага Пастыра славянаў, бо гэта дае нам добрую нагоду выказаць усім усходнім славянам бацькоўскія пачуцці, якія натхняюць Нас, і адначасна ўказаць ім на вяртанне да паўсюднай еднасці Святой Царквы як на крыніцу ўсіх магчымых дабротаў.

18. Запрашаючы да гэтай еднасці таксама і няз’яднаных, шчыра жадаем, каб усе вернікі, углядаючыся ў шляхі і навучанне св. Язафата, кожны ў меру сваіх магчымасцей, імкнуўся супрацоўнічаць з Намі для дасягнення гэтай мэты. Хай кожны ўсвядоміць таксама, што справе еднасці спрыяюць не столькі дыскусіі ці іншыя штучныя сродкі, колькі прыклады святога жыцця і ​​добрых учынкаў, асабліва любоў да нашых братоў-славянаў і ўсіх іншых усходніх хрысціянаў, згодна з тым, як кажа Апостал [Павел]: “Майце адны думкі, майце тую ж любоў, будзьце аднадушныя і аднамысныя; нічога не рабеце з перакорлівасці альбо дзеля марнае славы, а ў пакорлівай мудрасці ўважайце адно аднаго вышэй за сябе. Не за сябе толькі клопат майце, а кожны і за іншых”. (13)

19. Для дасягнення гэтай мэты неабходна, з аднаго боку, каб усходнія нез’яднаныя хрысціяне адкінулі свае даўнія забабоны, імкнуліся пазнаць праўдзівае жыццё Царквы, і хай не прыпісваюць Рымскай Царкве правіны асобных людзей, якія яна сама першай асуджае і спрабуе выправіць; але таксама неабходна, каб і лаціняне, з свайго боку, імкнуліся да лепшага і больш глыбокага разумення гісторыі і звычаяў хрысціянскага Усходу. Менавіта з гэтага глыбокага ведання вынікае поспех апостальскай працы св. Язафата.

20. Гэта была тая прычына, якая падштурхнула нас з новым запалам паклапаціцца пра Папскі Усходні інстытут, заснаваны Нашым нядаўна спачылым папярэднікам Бенядыктам XV. Мы перакананыя, што з праўдзівага ведання фактаў вырасце справядлівая ацэнка людзей і адначасова шчырая дабразычлівасць, якая ў спалучэнні з любоўю Хрыстовай прынясе вялікую карысць, з Божай дапамогай, справе рэлігійнай еднасці.

21. Напоўніўшыся такой любоўю, кожны адчуе тое, чаму вучыць боганатхнёны Апостал: “Няма розніцы паміж юдэем і грэкам, бо адзін Госпад ва ўсіх, шчодры да ўсіх, хто Яго заклікае”. (14) І што яшчэ больш важна, сумленна слухаючыся навучання таго ж Апостала, яны не толькі адкінуць свае перадузятыя меркаванні, але і пустыя падазрэнні адзін да аднаго, хітрасць і нянавісць, адным словам, усякую варожасць, якая супярэчыць духу хрысціянскай любові і падзяляе народы. Перасцерагае аб гэтым сам св. Павел: “Не хлусіце адзін аднаму, бо вы знялі з сябе старога чалавека разам з ягонымі ўчынкамі і апрануліся ў новага, які абнаўляецца для пазнання паводле вобраза Таго, хто стварыў яго. І тут ўжо няма ні грэка, ні юдэя, ні абразання, ні неабразання, ні варвара, ні скіфа, ні нявольніка, ні вольнага, а ўсё і ўва ўсім – Хрыстос”. (15)

22. Такім чынам, праз прымірэнне людзей і народаў, мы атрымаем і еднасць Царквы, бо ў яе ўлонне вернуцца ўсе, хто ад яе аддзяліўся з якой-небудзь прычыны. Сапраўднае здзяйсненне гэтай еднасці дасягнута будзе не чалавечымі намаганнямі, але толькі дабрынёю Бога, які “не зважае на асобу” (16) і які “не зрабіў ніякай розніцы паміж намі ды імі”. (17) І гэтак, з’яднаныя між сабою, усе народы, незалежна ад расы, мовы або святых абрадаў, будуць карыстацца роўнымі правамі. Святыя іх абрады Рымская Царква заўсёды шанавала і рэлігійна прызнавала, больш за тое, наказвала захоўваць іх і ўпрыгожваць сябе імі, як каштоўным адзеннем, нібы “каралева ў пазалочаным адзенні з разнастайнымі ўпрыгожаннямі”. (18)

23. Але паколькі згода ўсіх народаў на зямлі ў паўсюднай еднасці з’яўляецца, перш за ўсё, справай Божай, і таму гэта можа быць дасягнута толькі з Божай дапамогай і падтрымкай, звернемся з усёй руплівасцю да малітвы, кіруючыся навучаннем і прыкладам св. Язафата, які ў сваім апостальстве дзеля еднасці абапіраўся перш за ўсё на моц малітвы.

24. Пад яго кіраўніцтвам і заступніцтвам будзем асабліва ўшаноўваць Тайну Еўхарыстыі, заруку і галоўную прычыну еднасці, той таямніцы веры, якая дала магчымасць усходнім славянам, нават будучы аддзеленымі ад Рымскай Царквы, рупліва захоўваць любоў і практыкаванне яе, каб пазбегнуць пастак найцяжэйшых ерасяў. Таму можам таксама спадзявацца на плады, пра якія з поўным даверам просіць Святая Маці-Царква падчас здзяйснення гэтай вялікай таямніцы, каб “Бог міласціва даў нам дары еднасці і супакою, якія містычна прысутныя ў прынесенай ахвяры на алтары”. (19) І гэтую ласку аднадушна просяць падчас прынясення святой ахвяры на Службе Божай лаціняне і ўсходнія хрысціяне: усходнія – “просячы Госпада аб еднасці ўсіх”, лаціняне ж моляцца да Хрыста, Госпада нашага, каб “глянуўшы на веру Царквы Сваёй, Ён адарыў яе супакоем і еднасцю згодна з воляй Сваёй”.

25. Яшчэ адна сувязь для аднаўлення еднасці з усходнімі славянамі – гэта іх асаблівая пашана да Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Маці Божай. Гэтая пабожнасць аддаляе іх ад розных ерасяў і робіць бліжэй да нас. Наш Святы таксама вылучаўся сваёй адданасцю Найсвяцейшай Дзеве і з вялікім даверам пакладаўся ў сваіх справах дзеля еднасці на Яе дапамогу. З асаблівай любоўю шанаваў ён, як гэта прынята на Усходзе, невялікую ікону Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Маці Божай [г. зн. Жыровіцкую ікону], якую вельмі шануюць манахі-базыльяне і вернікі розных абрадаў таксама і ў Рыме, у храме святых Сяргея і Вакха, пад назвай “Уладарка пашаў”. Таму будзем прасіць Яе, як найміласэрную Маці, асабліва пад гэтым імем, каб Яна вяла нашых нез’яднаных братоў да пашаў збаўлення, на тыя пашы, дзе Пётр, які заўсёды жыве ў сваіх пераемніках, як намеснік вечнага Пастыра, пасвіць і кіруе ўсімі ягнятамі і авечкамі статку Хрыстовага.

26. Урэшце, звернемся да ўсіх Святых у небе як да нашых заступнікаў, і папросім, каб нам была даравана гэтая вялікая ласка. Асабліва ж звернемся да тых, што некалі найбольш славіліся на Усходзе сваёю святасцю і мудрасцю і каго там дагэтуль шануюць, бо народ ставіцца да іх з адданасцю і глыбокай павагай. Але перш за ўсё паклічам як заступніка св. Язафата, бо ён на працягу жыцця свайго быў наймацнейшым абаронцам еднасці, а таму і сёння, перад Богам, хай ён гэтую ж святую справу рупліва ахоўвае і падтрымлівае. Таксама і Мы молімся да яго, цытуючы пакорлівыя словы нашага папярэдніка, вечнай памяці Пія IX: “Дай Бог, каб кроў твая, святы Язафаце, якую ты праліў за Царкву Хрыстову, была пячаткай еднасці з Святым Апостальскім Пасадам, еднасці, якой ты заўсёды горача прагнуў і за якую дзень і ноч шчыра прасіў Усядобрага і Усемагутнага Бога. І каб гэта ўсё нарэшце стала магчымым, шчыра жадаем мець цябе як адданага заступніка перад самім Богам і Яго Войскам Нябесным”.

Прашу аб Божай ласцы і сведчу Нашу добразычлівасць, высокадастойныя браты, і вам, вашаму духавенству і вашаму народу, ад усяго сэрца ўдзяляем Апостальскае блаславенне.

Дадзена ў Рыме, у святога Пятра, 12 лістапада 1923 году, у другі год Нашага Пантыфікату.

Пій ХІ, папа

Спасылкі:

1. Мц 28.18-19; 2. Рым 5.5; 3. Ян 17.11, 21-22; 4. Там жа; 5. Гбр 5.7.

6. Эф 4. 4-5, 15-16; 7. Мц 16.18; 8. Эф 4.3;

9. Ep., lib. 2, ep. 74, apud Migne, Patr. lat., t. 148, col. 425.

10. Служба св. Язафату.

11 Ян 10.16; 12. Гбр 12.24; 13. Флп 2.2-4; 14. Рым 10.12.

15. Клс 3.9-11; 16. Дз 10.34; 17 Там жа, 15.9;

18. Пс 45(44).10.

19. Малітва Secreta на Імшы ва ўрачыстасць Цела Хрыстова.

[Уклаў манс. Мішэль д’Эрбіньі]

Пераклад неафіцыйны, Ігар Бараноўскі (Берасце, грэка-каталіцкая парафія св. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя). Зроблены з украінскай мовы, з параўнаннем на лацінскай, італьянскай, расейскай і чэшскай мовах.

Тэкст па-ангельску, па-расейску.

Каментары: