Раство Найсвятой Багародзіцы

“Прыйдзіце, верныя, пойдзем да Дзевы, бо вось родзіцца прадказаная Маці Бога нашага з кораня Ясеевага, скарбніца дзявоцтва, жэзл Аарона, прароцкае прапаведаванне, парастак Якіма і Ганны. Ейным нараджэннем свет абнаўляецца і Царква красуецца. Яна – хорам святы і скарбніца Боства, дзявочы посуд, палата Уладара, у якой здзейснілася невыказная тайна злучэння аб'яднаных у Хрысце дзвюх прыродаў”, - такімі словамі Царква аспеўвае падзею Нараджэння Божай Маці. Гэтае свята, якое стаіць на пачатку царкоўнага года, сваім зместам і сутнасцю ўводзіць нас у таямніцу нашага жыцця і Збаўлення.

Нядзеля Айцоў: Радавод Хрыста

Евангелле паводле Мацвея 1, 1-25

Святы Мацвей, пішучы радавод Хрыста, выражае ў ім таямніцу Ісуса. Ён прадстаўляе генеалагічную лінію, якая вядзе да важнай для нас Асобы. У нейкі момант, аднак, ход гэтай лініі перарываецца, і яна сустракаецца з іншай лініяй, якая выходзіць з гары. І гэта змяняе ўсё.

Але і гэтая першая лінія таксама неабходная. Існуе лінія крыві — прадказальная, якая паддаецца дакументаванню. Ёсць таксама неспадзяванка, нешта нечаканае. Ёсць гісторыя, якая здаецца толькі чалавечай. Але ёсць таксама ўмяшанне Бога, Які ўваходзіць у гісторыю і робіць у ёй радыкальны паварот. Гэта тое, што чаканае.

Але ёсць і тое, што здзіўляе. Ісус уключаны ў дзеі Ізраіля. Гэта лёгка паказаць. Але Ён не абмяжоўваецца імі, Ён пераўзыходзіць іх і ўваходзіць у дзеі ўсяго чалавецтва. Больш за тое - Божы план ідзе непрадбачанымі шляхамі, нават праз дарогі граху. Бог выконвае свае абяцанні. Выконваючы іх, аднак, Ён уносіць элемент навізны. Ісус спаўняе чаканні. Аднак робіць Ён гэта нечаканым чынам. Гэта таямніца Ісуса. Таямніца, да якой можна ставіцца дваяка: згоршыцца або адараваць. Блюзнерства або малітва.

Нараджэнне Хрыстова

Евангелле паводле Мацвея 2, 1-12

«Мы бачылі велізарную зорку, святло якой настолькі перавышала бляск усіх астатніх, што іх зусім не было відаць. Потым зорка спынілася прама над гротам... Вось была вялізная зорка, якая свяціла над гротам з вечара да раніцы, зорка, якой не было ад пачатку свету». Два прыведзеныя вышэй фрагменты паходзяць з народнай традыцыі, якая развіла апавяданне Мацвея пра мудрацоў і якая ўвайшло ў два апокрыфы: у Пратаевангелле Якуба (3 ст.) і ў Евангелле «Дзяцінства Збавіцеля» (6 ст.). Спынімся і мы, каб палюбавацца зоркай, што асвятляе евангельскую гісторыю, якая асвяціла мудрацоў з Усходу, што з’яўляюцца сімвалам усіх народаў зямлі, якія шчырым сэрцам шукаюць Бога.

Гіпотэзы, чым магла быць гэтая зорка, памнажаюцца і толькі засланяюць цуд самой зоркі, зводзячы яе да прадмета навуковых спрэчак. Таму пакінем спробы канкрэтнай ідэнтыфікацыі і прыслухаемся да парады, якую даў нам вялікі знаўца Бібліі, дамініканец айцец Лагранж: «Багаслоўе можа сказаць нам пра зорку мудрацоў значна больш, чым астраномія».

Богаяўленне Госпада нашага Ісуса Хрыста

Евангелле паводле Мацвея 3, 13-17

Ярдан — рака, якая па вертыкалі перасякае не толькі Святую Зямлю, але і ўсю Біблію. Пачынаецца ў Гермоне, на поўначы Палестыны, упадае ў даліну, названую ў гонар самой ракі, працякае праз Тыберыядскае мора (раней рабіны лічылі, што воды Ярдана не змешваюцца з водамі возера) і рухаецца праз тысячу выгібаў, пераадольваючы адлегласць у 300 км да Мёртвага мора, якое знаходзіцца ўсяго ў 104 км. Там аддае свае воды ў вадазбор, які знаходзіцца ў самай нізкай кропцы Зямлі, на 400 м ніжэй за ўзровень мора. Ярдан таксама працякае праз гісторыю Бібліі, ад Кнігі Быцця, калі Лот выбраў Ярданскую даліну месцам сваёй аселасці (13, 10), да Новага Запавету, калі на яго берагах з'явіўся незвычайны прарок Ян Хрысціцель.

Гэта падводзіць нас да эпізоду Хросту Гасподняга, які мы святкуем сёння і які звязваем з нашым уласным хростам. Сёння мы засяродзімся на двух пытаннях, якія прысутнічаюць у біблійных чытаннях, якія можна ўявіць сабе як дзве перакладзіны крыжа.

Пропаведзь на Дабравешчанне Найсвяцейшай Багародзіцы

“У шосты месяц быў пасланы Богам анёл Габрыель у горад у Галілеі, званы Назарэт, да Дзевы, заручанай мужу, які меў імя Язэп, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Увайшоўшы да яе, анёл прывітаў: “Вітай, поўная ласкі, Госпад з табою”. А яна ж стрывожылася дзеля словаў ягоных ды думала сабе, што гэта за прывітанне такое? І сказаў ёй анёл: “Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Бога. Вось жа пачнеш ва ўлонні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Ісус. Ён будзе вялікім і Сынам Узвышняга будзе названы. І дасць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага; і будзе Ён валадарыць над домам Якуба вечна, і валадарству Ягонаму не будзе канца”. (Лк. 1, 26-33)

Пропаведзь на свята Перамянення Госпада нашага Ісуса Хрыста

Перамяненне Госпада на гары Табор – евангельская падзея, асаблівая ў сваім родзе. Гэты момант зямнога жыцця Ісуса Хрыста вылучаецца на фоне іншых Яго дзеянняў. Хрыстос рабіў шмат цудаў: аздараўляў, выганяў дэманаў, памнажаў хлеб, пераўтвараў ваду ў віно. Акрамя гэтага Ён шмат прапаведаваў і навучаў. Але ўсе гэтыя падзеі адбываліся ў межах звычайнага рытму чалавечага жыцця. У падзеі ж Перамянення мы сустракаемся з нечым значна больш захапляльным. У тэксце чытаем: “Перамяніўся перад імі; і аблічча Яго заззяла, як сонца, а адзенне Яго сталася белым, як святло” (Мц. 17, 2). Вучні бачаць Хрыста ў такім абліччы, як Ён размаўляе з Майсеем і Іллёй. Уся гэтая сцэна пабудзіла апостала Пятра да простых словаў: “Госпадзе, добра нам тут быць. Калі хочаш, зробім тут тры палаткі: Табе адну, Майсею адну і Іллі адну” (Мц. 17, 4).

Пропаведзь на Нядзелю пра Закхея

Евангелле паводле Лукі 19, 1-10

Цэнтрам чытанага сёння ўрыўку Евангелля з’яўляецца апошняе выказванне: «Сын Чалавечы прыйшоў шукаць і збаўляць тое, што было прапаўшым». Дзеясловы «шукаць» і «прапасці» знаходзяцца ў аснове дзеяў і місіі Ісуса. «Шукаць» — гэта дзеяслоў збаўлення, які адносіцца да стаўлення Бога да чалавека, якога Ён сфармаваў у сваіх руках і пальцах Стварыцеля. «Прапасці» — супрацьлегласць збаўленню, гэта дзеяслоў поўнай паразы чалавека і адмовы вярнуцца ў рукі і пальцы Бога, Творцы і Айца. Менавіта ў сцэне навяртання Закхея гэтая місія Ісуса выяўляецца ва ўсёй паўнаце. Перш за ўсё таму, што кантэкст апісаных падзей здаецца сучаснікам далёкім ад усялякай магчымасці адкуплення і збаўлення. Ерыхон - памежны горад і сядзіба падатковых чыноўнікаў. Яго жыхары пастаянна кантактуюць з купцамі і язычнікамі, што не дазваляе ім выконваць патрабаванні да здзяйснення культу (яны «нячыстыя», кажучы мовай Бібліі).

Пропаведзь на 2 нядзелю Вялікага посту

Шматлікія прыклады цудаў аздараўлення, якія здзяйсняў Хрыстос, маюць падабенства ў тым, што ў хворых людзей, якія апынуліся ў безнадзейнай сітуацыі, з’явілася апошняя надзея на Ісуса, але кожны выпадак, запісаны ў Евангеллях, мае асаблівыя абставіны і розныя дыягназы. Мэта збаўлення, прыходу ў свет Божага Сына і Яго пропаведзі было не аздараўленне хворых, не павышэнне якасці цяллеснага быцця, не вызваленне чалавека ад цялесных пакутаў. Усё, што робіць Хрыстос, накіраванае на вяртанне чалавека на Божы шлях, у Божы свет.

Пропаведзь на Крыжапаклонную нядзелю

У Трэцюю нядзелю Вялікага посту, у сярэдзіне Чатырохдзясятніцы, Царква ўшаноўвае Крыж Гасподні. Збаўленне чалавека звершылася прыходам у свет Божага Сына, Яго пропаведдзю, пакутамі, смерцю і ўваскрасеннем. Крыж, які з’яўляецца сімвалам пакутаў і смерці Збавіцеля, знаходзіцца ў сярэдзіне збаўчага Божага дзеяння, і ў сярэдзіне нашага духоўнага падарожжа праз час Вялікага посту перад намі таксама паўстае Гасподні Крыж.

Крыжапаклонная нядзеля (Мр. 8,34-9,1)

Пасля таго, як Ісус паведаміў сваім вучням, што “Сын Чалавечы мае адпакутаваць; быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, і забітым быць і на трэці дзень уваскрэснуць” (Мр. 8, 31), апостал Пётр паспрабаваў адгаварыць Настаўніка ад агучанага плану. Як тады апосталам, так і сёння людзям цяжка прыняць такога Бога. У чаканнях народу Месія павінен быў стаць лідэрам і пераможцам, які вырашыць усе праблемы і забяспечыць спакой і дабрабыт. Але Ісус у адказ ушчувае Пятра і, звяртаючыся да людзей, кажа: “Хто хоча ісці за Мною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною следам; бо, хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яе” (Мр. 8, 34-35).