Нараджэнне Хрыстова

- . Апублікавана ў Пропаведзі

Евангелле паводле Мацвея 2, 1-12

«Мы бачылі велізарную зорку, святло якой настолькі перавышала бляск усіх астатніх, што іх зусім не было відаць. Потым зорка спынілася прама над гротам... Вось была вялізная зорка, якая свяціла над гротам з вечара да раніцы, зорка, якой не было ад пачатку свету». Два прыведзеныя вышэй фрагменты паходзяць з народнай традыцыі, якая развіла апавяданне Мацвея пра мудрацоў і якая ўвайшло ў два апокрыфы: у Пратаевангелле Якуба (3 ст.) і ў Евангелле «Дзяцінства Збавіцеля» (6 ст.). Спынімся і мы, каб палюбавацца зоркай, што асвятляе евангельскую гісторыю, якая асвяціла мудрацоў з Усходу, што з’яўляюцца сімвалам усіх народаў зямлі, якія шчырым сэрцам шукаюць Бога.

Гіпотэзы, чым магла быць гэтая зорка, памнажаюцца і толькі засланяюць цуд самой зоркі, зводзячы яе да прадмета навуковых спрэчак. Таму пакінем спробы канкрэтнай ідэнтыфікацыі і прыслухаемся да парады, якую даў нам вялікі знаўца Бібліі, дамініканец айцец Лагранж: «Багаслоўе можа сказаць нам пра зорку мудрацоў значна больш, чым астраномія».

Мы ведаем, што ў біблейскай і габрэйскай традыцыі зорка лічыцца месіянскім знакам. Найбольш красамоўны прыклад можна знайсці ў прамове Балаама, якога Бог прымусіў блаславіць Ізраіль насуперак яму самому. У раздзеле 24 Кнігі Лікаў мы чытаем наступны сказ: «Узыходзіць зорка з Якуба і паўстае скіпетр з Ізраіля» (в. 17). Габрэйская традыцыя не вагаецца інтэрпрэтаваць гэтае сцвярджэнне наступным чынам: «Месія прыходзіць ад Якуба, кароль паўстае з Ізраіля».

Хрыстос з Апакаліпсіса пастаянна акружаны зоркамі і вызначае сябе: «Я — корань і патомства Давіда, ясная ранішняя зорка» (22, 16). Біскуп Антыёхіі, Ігнат, мучанік 107 г., падчас сваёй дарогі ў Рым, дзе яго павінны былі аддаць на з'ядзенне звярам, так пісаў хрысціянам у Эфесе: «Калі Хрыстос прыходзіў на свет, зорка заззяла ярчэй за ўсе зоркі. Яе святло немагчыма апісаць словамі, яе навізна выклікала здзіўленне; усе іншыя зоркі, а разам з імі сонца і месяц вянцом атачалі гэтую, якая пераўзыходзіла ўсіх іх бляскам». Такім чынам, гаворка ідзе пра нябеснае святло, знак Божага аб’яўлення. Таму калі мы не можам ідэнтыфікаваць зорку мудрацоў на картах небасхілу, то мы, безумоўна, можам убачыць і пайсці за зоркай чыстымі і шчырымі вачыма веры. «Народ, які жыў у цемры, святло ўбачыў вялікае: для жыхароў у краіне засені смерці святло заззяла», — усклікаў Ісая (9, 1).

Свет можа шукаць мігатлівыя агеньчыкі каляднай рэкламы і бліскучыя ілюзіі спажывецтва. Хрысціянін ведае, дзе шукаць праўдзівае святло сваёй зоркі. Калі ў Рыме праходзілі трыццаць забегаў Гульняў Сонца, калі ў снежні запальваліся вогнішчы радасці з нагоды нараджэння бога Сонца, калі рымскі народ падаў на калені перад ранішнім узыходам сонца, Царква збіралася, каб ушанаваць з'яўленне праўдзівага сонца - Хрыста.

«Радуймася, браты, — заклікаў св. Аўгустын - няхай радуюцца і язычнікі: бо для нас гэты дзень асвячаны не бачным сонцам, а яго нябачным Творцам». Св. Лявон Вялікі спрачаўся з паводзінамі хрысціян у Рыме, яшчэ пазначанымі паганствам. Яны, "перад тым, як увайсці ў базіліку святога Пятра ў часе Божага Нараджэння, спыняліся на прыступках, паварочваліся да ўзыходзячага сонца і, схіляючы галовы, кланяліся ў знак пашаны сонечнаму дыску».

Адказ знакамітага Папы датычыцца і нас, якія шукалі зорку мудрацоў: «Дазволь, каб святло цела нябеснага дзейнічала на пачуцці твайго цела, але з палкай любоўю душы прымі ў сваё нутро святло, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет!»

Кардынал Джанфранка Равазі

Каментары: