Каб атрымалася стаць святым

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

Тэмай чарговай катэхетычнай сустрэчы на грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якая адбылася 21 кастрычніка 2015 г., была "Старыя невядомыя духоўныя практыкі". Вернікі пазнаёміліся з практыкамі адведвання Святых Тайнаў, духоўнага Прычасця і духоўнага разважання, якія практыкуюцца ў манастырах і духоўных семінарыях, аднак мала вядомыя свецкім людзям.

Адведванне Святых Тайнаў грунтуецца на вучэнні пра пастаянную прысутнасць Ісуса Хрыста ў Найсвятой Еўхарыстыі. “Каталіцкая Царква ўшаноўвала і працягвае ўшаноўваць Таінства Еўхарыстыі і аддаваць яму належным чынам шану не толькі падчас Літургіі, але і па-за ёй: клапатліва захоўваючы асвячаныя Дары, прадстаўляючы іх вернікам для ўрачыстага пакланення” (ККЦ 1378). Мы запрошаныя да надзвычайнай блізкасці Ісуса Хрыста, Які адорвае нас Сваёй прысутнасцю і хоча, каб мы Яго прынялі.

У сітуацыях, калі няма магчымасці прыняць Хрыста ў Еўхарыстыі або па іншай прычыне нельга прыступіць да Святога Прычасця, але ёсць жаданне злучыцца з Ісусам, можна прыняць духоўнае Прычасце. Духоўнае Прычасце гэта гарачае, поўнае любові жаданне прыняць у сваю душу ўтоенага ў Таінстве Збавіцеля. Духоўнае Прычасце азначае ажыўленне прысутнасці Ісуса ў нашай душы. Аднак, зразумела, духоўнае Прычасце не з'яўляецца Таінствам і не замяняе сапраўднай Еўхарыстыі.

Духоўнае разважанне ў сваёй найпрасцейшай форме ўяўляе чытанне Святога Пісання або пэўнага пабожнага твору. Разам з тым у Царкве склалася шмат адмысловых методык разважання. Падчас сустрэчы вернікі пазнаёміліся з методыкай, распрацаванай настаўнікам Царквы св. Альфонсам Лігуоры.

Каментары: