Святы Айцец ухваліў беатыфікацыйныя дэкрэты
Святы Айцец Францішак 5 траўня 2020 г. ухваліў беатыфікацыйныя дэкрэты адносна прызнання гераічнасці цнотаў пяці асобаў, у тым ліку Слугі Божага Францыска Барэчэгурэна Мантагута, святара Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля; нарадзіўся ў Лерыдзе (Іспанія) 21 жніўня 1881 года і памёр у Гранадзе (Іспанія) 7 кастрычніка 1957 года, а таксама яго дачкі, Слугі Божай Марыі дэ ла Канцэпсіён Барэчэгурэн; нарадзілася ў Гранадзе (Іспанія) 27 лістапада 1905 г. і памерла там жа 13 траўня 1927 года.
Айцец Францыск Барэчэгурэн Мантагут (1881-1957) нарадзіўся ў Лерыдзе 21 жніўня 1881 года ў заможнай сям'і. Быў ахрычшаны праз дзесяць дзён у парафіяльнай царкве. Калі яму споўнілася адзінаццаць месяцаў, памёр яго бацька. Пасля смерці сваіх сясцёр Кармэн (1876) і Маналіты (1883), а таксама маці (1885) ён застаўся адзін. Не маючы больш нікога ў Каталоніі, паехаў жыць у Гранаду, дзе былі яго дзядзькі і цёткі, якія з любоўю займаліся культурным і духоўным выхаваннем хлопчыка.
Закончыўшы ў 1897 г. езуіцкі калегіум ў Эль-Паса (Малага), ён пачаў універсітэцкія курсы. Аднак, паколькі для працягу вучобы ва ўніверсітэце было неабходна пакінуць Гранаду, ён, параіўшыся з родзічамі, вырашыў адмовіцца ад вучобы, каб працаваць на тэкстыльнай фабрыцы свайго дзядзькі Віктарыяна Монтэалегра, які адначасова быў яго рэпетытарам. У кампаніі ён займаў пасаду кіруючага дырэктара.
2 кастрычніка 1904 г. у парафіяльнай царкве св. Марыі Магдалены ў Гранадзе ён ажаніўся з Кончай Гарсіяй Кальвай. 27 лістапада наступнага года ў яго нарадзілася адзіная дачка Марыя Канцэпсіён, якую ў сям’і называлі Канчытай.
З гэтага часу нязменным клопатам Францыска стала людское і хрысціянскае выхаванне Канчыты, дзеля чаго ён не шкадаваў ні крытыкі, ні энергіі. Фактычна менавіта ён займаўся яе навучаннем і падрыхтоўкай да споведзі, Прычасця і канфірмацыі.
Францыск таксама праявіў дбайлівую і шчырую любоў да сваёй жонкі, асабліва пасля смерці Канчыты 13 траўня 1927 года, калі ў Кончы праявілася псіхічнае растройства, якое пачалося ў той жа час, што і хвароба Канчыты.
Да 13 чэрвеня 1937 г., дня смерці жонкі, ён заўсёды быў цярплівым і ласкавым, нават калі Конча пасля доўгага лячэння вярталася дадому і выбухала раптоўнымі і беспрычыннымі прыступамі гневу.
Пасля смерці жонкі Францыск прысвяціў час малітвам і дабрачыннасці. Пачуўшы размовы пра богапасвячанае жыццё, за парадай айца-езуіта Авелана, яго духоўнага кіраўніка, многіх рэдэмптарыстаў і асабліва свайго сябра кардынала Пэдра Сегура і Саенца, архібіскупа Севільскага, ён вырашыў уступіць ў Кангрэгацыю Найсвяцейшага Адкупіцеля, ахвяраваўшы перад тым у сакавіку 1945 г. усю сваю маёмасць сёстрам Кангрэгацыі рабоў Эўхарыстыі.
Ён склаў свае манаскія зарокі 24 жніўня 1947 года ва ўзросце 66 гадоў, а праз два гады, 25 ліпеня 1949 года, у Мадрыдзе быў высвечаны на святара сваім сябрам біскупам Хесусам Мерыдам Перэсам.
Восем гадоў святарства Францыска адзначыліся пастаяннай апостальскай руплівасцю і цярплівым прыманнем рытму манаскага жыцця. Асабліва значнай была яго пастырская дзейнасць ля ложка хворых.
7 кастрычніка 1957 г. ён памёр святой смерцю ў манастыры рэдэмптарыстаў у Гранадзе. У лістападзе 1996 года яго парэшткі былі перанесеныя ў царкву Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Гранадзе.
Марыя дэ ла Канцэпсіён Барэчэгурэн (Канчыта) (1905-1927) нарадзілася 27 лістапада 1905 г. у Гранадзе. Бацькі Францыск Барэчэгурэн Мантагут і Конча Гарсія Кальва паходзілі з заможных сем'яў і жылі верай і цвёрдымі маральнымі прынцыпамі. Нованароджаная была ахрышчаная ў парафіяльнай царкве Гранады 8 снежня 1905 г., у сям’і яе заўсёды звыкла называлі "Канчыта".
З дзяцінства Канчыта мела слабое здароўе. Калі ёй было крыху больш за паўтары гады, яна моцна захварэла на востры энтэракаліт, настолькі, што баяліся за яе жыццё. Маленькая дзяўчынка цудам акрыяла, і яе бацькі звязалі яе нечаканае выздараўленне з заступніцтвам Маці Божай з Люрду. Улічваючы яе нестабільнае самаадчуванне, па прапанове ўрачоў бацькі вырашылі не адпускаць яе ў школу ў горадзе, а самі сталі яе выхавальнікамі. У прыватнасці, пра выхаванне дачкі клапаціўся яе бацька. Яму дапамагалі два настаўнікі, якія таксама давалі ёй патрэбную катэхетычную падрыхтоўку да сакрамэнтаў канфірмацыі, які яна атрымала 3 траўня 1912 г., і Першага Прычасця, да якога яна прыступіла 25 снежня 1912 года.
З ранняга ўзросту Канчыта адчувала схільнасць да богапасвячанага жыцця, жадаючы стаць кармеліткай. На жаль, хвароба перашкодзіла рэалізаваць яе жаданне. У дзесяцігадовым узросце ў яе адбыўся глыбокі рэлігійны крызіс з-за скрупулаў, але праз два гады ён быў вырашаны мудрым умяшаннем яе новага духоўніка, рэдэмптарыста а. Руіза Абада. У 1917 годзе ёй паставілі дыягназ запаленне кішэчніка, якое выклікала моцны боль і прымусіла яе захоўваць строгую дыету.
Акрамя таго, у 1924 годзе ў яе маці пачалося сур’ёзнае псіхічнае растройства, настолькі, што яе прынялі ў Санаторый дэ Ла Пурысіма ў Гранадзе з абсалютнай забаронай на наведванне. Дзяўчына і яе бацька гераічна сустрэлі новы боль, прабываючы ў пастаяннай малітве і даверы да Бога.
Нягледзячы на дрэннае самаадчуванне, Канчыта здзейсніла некалькі паездак і пілігрымак, пра якія яна рабіла нататкі. У жніўні 1926 г. пасля паломніцтва ў Ліз’ё да магілы святой Тэрэзы ад Дзіцятка Ісуса яна захварэла на сухоты, таму лекары параілі бацькам перабрацца ў Кармэль святога Валянціна, каля лясоў Альгамбры, у надзеі спыніць абвастрэнне хваробы. На жаль, пераезд не прывёў да паляпшэння, і Канчыта памерла раніцай 13 траўня 1927 года ва ўзросце ўсяго 22 гадоў.
Была пахаваная ў сямейнай капліцы на могілах Гранады, 13 траўня 1978 года парэшткі былі перанесеныя ў араторый Кармэла Канчыты (Альгамбра). З 29 лістапада 2007 г. яны спачываюць у храме рэдэмптарыстаў Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Гранадзе, побач з парэшткамі яе бацькі, Францыска Баррэчэгурэна Мантагута.
Каментары: