Духоўная сустрэча ў Баранавічах

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

Напярэдадні свята Божага Нараджэння, 19-20 снежня 2020 г., на грэка-каталіцкай парафіі святых Кірылы і Мятода ў Баранавічах Брэсцкай вобл. адбылася духоўная сустрэча, якую правёў рэдэмптарыст а. Зміцер Чарнель. Сустрэча распачалася Вячэрняй на свята Нядзелі Айцоў, у якой вернікі малітоўна ўшанавалі памяць усіх зямных продкаў Збавіцеля.

Падчас сустрэчы айцец падзяліўся з парафіянамі сваімі думкамі пра плоднасць і сэнс малітвы, прапанаваўшы быць шчырымі ў сваім звяртанні да Бога і не выбудоўваць непатрэбных перашкод у адносінах з Ім, але ў сваёй шычарсці пакідаць прастору, вызнаючы або дапускаючы, што нашая пастава перад Госпадам можа быць самалюбівай і карыслівай. Шчырыя адносіны дазволяць Богу стаць прысутным у нашым унутраным свеце так, што мы станем здольнымі натуральна імкнуцца да таго, што будзе згодным з Яго воляй, прыкладам чаго з'яўляецца Багародзіца. 

У нядзелю на Святой Літургіі, якую служылі настаяцель парафіі а. Яўген Маліноўскі і а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст, вернікі звярнулі ўвагу на сведчанне Айцоў, тых людзей, з роду якіх выйшаў целам Збавіцель Хрыстос. Ніхто з тых людзей не быў беззаганным у сваім жыцці, некаторыя былі нават даволі грэшнымі перад Богам, але гэта не стала перашкодай для Хрыста, каб прыйсці да нас дзеля нас. Бог здольны перамяніць людскую недасканаласць на дабро. Чалавек са свайго боку можа дапамагчы Богу ў гэтым, даверыўшыся Яму і паклаўшы свае надзеі на Госпада не ў марах ці думках, але праз свае практычныя ўчынкі, якія б сведчылі, што я сапраўды спадзяюся на Бога. 

Каментары: