Свята Маці Божай Нястомнай Дапамогі

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

Парафіяльнае свята грэка-каталіцкая парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску адсвяткавала 30 чэрвеня 2013 г. Урачыстасці пачаліся напярэдадні ўвечары з Вялікай Вячэрні з Ліццёй. Удзел у ёй узялі удзельнікі другога туру рэкалекцый для моладзі “Верны шлях: Компас”.

У нядзелю літургічнае святкаванне прадоўжылася Ютранню і Святой Літургіяй, якую ўзначаліў апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, марыянін.

Разам з ім саслужылі дэкан Цэнтральна-Заходняга дэканату імя блаславёнага Мікалая Чарнецкага а. Яўген Усошын і душпастыры парафіі айцы-рэдэмптарысты Антон Нікалаеў і Зміцер Чарнель. Пасля Святой Літургіі вернікі прайшлі працэсіяй з іконай Маці Божай Нястомнай Дапамогі вакол капліцы. Завершылася малітоўная частка чынам малога асвячэння вады.

Святкаванне працягнуў духоўны канцэрт. Перад прысутнымі выступілі хор “Прасфара”, самадзейны дуэт Арцёма Сітнікава і Багданы Куталоўскай, а таксама рыма-каталіцкі гурт “Laudans”. Адначасова з канцэртам адбываўся дабрачынны кірмаш, на якім усе ахвотныя маглі ахвяраваць грошы на патрэбы дзіцячага прытулку, узяўшы сабе штосьці з прынесеных парафіянамі рэчаў. Сабраная сума склала 325 500 рублёў.

Каментары: