Львоўскія рэкалекцыі

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

Рэкалекцыі для хлопцаў, якія адбыліся з 6 па 8 снежня 2013 года ў манастыры св. Альфонса Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў у Львове (Украіна), наведалі таксама хлопцы з Беларусі з менскай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Адзін з іх, Алег, дзеліцца сваімі ўражаннямі ад паездкі.

У рэкалекцыях удзельнічалі хлопцы з розных месцаў Украіны. З Беларусі нас было двох: я і Рыгор. Прыбыўшы на месца, прыйшлося трохі паблукаць па Львову, дзе “навігатар” Грыша правёў мяне некалькі разоў каля адных і тых жа мясцін са словамі: “Ды мы ідзем усё добра, я тут быў, не хвалюйся”:) У манастыры нас прынялі вельмі добра, мы адразу далучыліся да размовы з братамі і малітвы.

На наступны дзень браты праводзілі духоўную канферэнцыю і арганізавалі працу ў групах, дзе ўдзелнікі паміж сабой дзяліліся досведам веры. Другую канферэнцыю правялі бр. Сяргей Ганчароў, які паходзіць з Менску, і бр. Раман Халус. Яны, узяўшы за аснову біблейскую гісторыю перамогі Давіда над Галіятам, паказалі, што не абавязкова ісці зброяй на зброю, а магчыма знайсці іншы лепшы варыянт, каб перамагчы свайго унутраннага ворага.

Увечары ўсе ўдзельнікі рэкалекцый наведалі царкву блаславённага Мікалая Чарнецкага, дзе памаліліся Вячэрню, якая асабліва мяне закранула. Пасля богаслужэння мы супольна праглядалі фільм "На вастрыі кап'я", які я ўсім вельмі раю праглядзець.

У апошні дзень пасля падагульнення пражытага часу, супольнай фатаграфіі і развітання наш зямляк бр. Сяргей правёў нам экскурсію па горадзе. Такой прыгажосці і столькі добрых людзей я не бачыў!

Алег Зубарэвіч

Каментары: