Памяць блаславёнага Мікалая ўшанавалі грэка-католікі Хайфы
У нядзелю, 29 чэрвеня 2014 г., падчас Боскай Літургіі, якую ўзначаліў архімандрыт Сяргей Гаек, у грэка-каталіцкім храме “Дом Ласкі” ў галілейскім горадзе Хайфа (Ізраіль) вернікі ўшанавалі памяць блаславёнага святамучаніка Мікалая Чарнецкага.
Знаходзячыся 28 ды 29 чэрвеня ў Галілеі ў рамках агульнабеларускай пілігрымкі на Святую Зямлю, архімандрыт Сяргей прыняў запрашэнне а. Рыгора, які з блаславення апостальскага адміністратара Мельхіцкай грэка-каталіцкай епархіі Галілеі арцыбіскупа Майсея духоўна акармлае ўкраінскіх вернікаў, што жывуць у г. Хайфа.
Для шматлікіх прысутных добра вядома постаць блаславёнага Мікалая ды ягоная магіла ў Львове, у якой пахаваныя цудатворныя мошчы святамучаніка. “Я меў магчымасць маліцца ў гэтым мельхіцкім храме 30 гадоў таму, калі нараджаўся гэты цэнтр сацыяльнага служэння “Дом Ласкі”. Сёння ён адноўлены і з’яўляецца духоўным міжнародным цэнтрам, цэнтрам сапраўды каталіцкім. Дзякую Госпаду, што магу маліцца тут з вернікамі з Украіны, Польшчы, Іспаніі, Нямеччыны, Швейцарыі – у поўнай еднасці з нашымі арабскімі братамі Мельхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы. Постаць святамучаніка Мікалая заахвочвае ўсіх нас да вернасці Хрысту ў складаных умовах жыцця, а ягоныя малітвы суправаджаюць нас у служэнні бліжнім,” – адзначыў архімандрыт Сяргей.
Каментары: