Угодкі Берасцейскай царкоўнай уніі

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

16-20 кастрычніка (6-10 кастрычніка паводле старога стылю) 1596 году ў Берасці на царкоўным саборы Кіеўская праваслаўная мітраполія афіцыйна абвесціла пра аднаўленне сваёй поўнай сулучнасці з Рымскім Апостальскім Пасадам.

Усталяванне ў Беларусі ўніяцкай веры, якая спалучала традыцыйную ўсходнюю абрадавасць з каталіцкімі царкоўнымі дагматамі, напачатку ішло пакутліва цяжка. Своеасаблівым сімвалам гэтага стаў жыццёвы шлях полацкага арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча, які ўвосень 1623 г. прыняў пакутніцкую смерць пад час бунту ў Віцебску і пазней быў прылічаны да святых. Але паступова Царква ўмацоўвала свае пазіцыі.

Кажучы пра гістарычны лёс беларусаў, некаторыя аўтары параўноўваюць унію з перамогаю пад Грунвальдам. Разгром тэўтонцаў адвёў пагрозу фізічнага вынішчэння продкаў, аб'яднанне цэркваў выратавала ад смерці духоўнай. Выратавала найперш дзякуючы жывой народнай мове, якая жыла ў уніяцкіх храмах і манастырах, у казаннях, у навучанні, у царкоўных спевах.

Новая царква няўхільна перамагала як сапраўды нацыянальная, народная. Так яе расцэньвалі Кастусь Каліноўскі, Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі, а таксама Фрыдрых Энгельс, які грунтоўна вывучаў гісторыю Рэчы Паспалітай. У другой палове XVII ст. з трынаццаці менскіх манастыроў праваслаўным застаўся толькі адзін. Уніяцкімі сталі славутыя Жыровіцкі манастыр і полацкая Сафія.

 

Каментары: