Згодна з Катэхізісам Каталіцкай Царквы, індульгенцыя - гэта адпушчэнне перад Богам часовай кары за грахі, віна за якія ўжо прабачана ў таінстве споведзі. Грэх цягне за сабой падвойнае наступства. Цяжкі грэх пазбаўляе нас зносінаў з Богам і тым самым закрывае доступ да вечнага жыцця: гэта «вечная кара за грэх». З іншага боку, любы грэх, нават малы, вядзе да неўпарадкаванай прыхільнасці да стварэнняў, і ад гэтай прыхільнасці неабходна ачысціцца або на зямлі, або пасля смерці, у стане, які называецца Чысцец. Гэта ачышчэнне вызваляе ад таго, што называецца «часовай карай» за грэх. Абедзве гэтыя кары не павінны разумецца як помста Бога, што паходзіць звонку, бо яны выцякаюць з самой прыроды граху. Навяртанне, спароджанае гарачай любоўю, можа прывесці да поўнага ачышчэнню грэшніка, так што яму не прыйдзецца ўжо зведаць ніякай кары. Індульгенцыя даецца Царквой, якая мае ад Ісуса Хрыста ўладу “вязаць і развязваць” (пар. Мц. 18, 18). Тым самым яна дзейнічае на карысць хрысціяніна і адкрывае перад ім скарб заслуг Хрыста і святых, каб вернік атрымаў ад міласэрнага Айца адпушчэнне часовай кары за грахі.
