Вялікая Вячэрня на 27-ю нядзелю па Сьв. Тройцы, 24 лістапада (тон 2)
Сьвятар, апрануўшы епітрахіль і стаўшы перад райскімі дзьвярыма, пачынае:
Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін. Слава табе, Божа наш, слава Табе.
Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.
Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства і сіла, і слава Айца і Сына, і Сьвятога Духа цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін. Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.
Пасьля гэтага чытальнік пачынае чытаць уступны псалом 103. Падчас чытаньня сьвятар моліцца сьвяцільныя малітвы (гл. пасьля псалма).
Псалом 103
Блаславі, душа мая, Госпада:* Госпадзе Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў.
Ты апрануўся ў веліч і красу,* Ты ахутаўся сьвятлом, быццам плашчом.
Ты расьцягнуў неба, быццам шацёр,* хорамы Твае над водамі паставіў.
Ты робіш з хмараў калясьніцу сабе,* ходзіш на крылах ветру.
Ты чыніш вятры пасланцамі Тваімі * і слугамі Тваімі – полымя агню.
Ты ўмацаваў зямлю на асновах яе:* не пахісьнецца павек вякоў.
Безданьню, быццам вопраткаю, пакрыў Ты яе:* воды над гарамі сталі.
Ад пагрозы Тваёй яны ўзад падаліся,* ад грому голасу Твайго задрыжэлі.
Горы ўзьняліся, даліны зышлі ў месцы,* якія Ты ім назначыў.
Ты ўстанавіў межы, якіх ім не перайсьці,* каб не пакрыць зноў зямлю.
Ты пасылаеш крыніцы ў рэкі,* што плывуць у далінах між гораў.
З іх п’юць усе зьвяры польныя,* аслы дзікія ў іх смагу сваю гасяць.
Каля іх птушкі нябесныя жывуць:* між скалаў чутны сьпеў іх.
З хорамаў Тваіх навадняеш горы:* зямля поўніцца плодам твораў Тваіх.
Ты вырошчваеш траву для жывёлы,* зельле на пажытак чалавеку, каб ён мог здабыць сабе ежу з зямлі:
Віно, што весяліць сэрца чалавека; аліву, што робіць твар сьветлым;* хлеб, што сэрца чалавека ўмацоўвае.
Дрэвы нізінныя маюць удосталь соку * – кедры лібанскія, што іх насадзіў.
Там птушкі маюць гнёзды свае,* бусьлінае жыльлё ўзвышаецца над імі.
Горы высокія для дзікіх козаў,* шчыліны скалаў – сховішча для грызуноў.
Ты стварыў месяц, каб паказваў поры;* сонца знае час захаду свайго.
Пасылаеш цемру і надыходзіць ноч,* падчас якое выходзяць усе зьвяры лясныя.
Львяняты рыкаюць, шукаючы здабычы,* просячы ў Бога спажывы сабе.
Як толькі сонца ўзыдзе, яны хаваюцца * і кладуцца ў логавах сваіх.
Выходзіць чалавек да справаў сваіх * і да работы сваёй да вечара.
Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе!* Ты ўсё мудра стварыў: зямля поўная стварэньняў Тваіх.
Вось мора вялікае і прасторнае:* у ім рухаецца безьліч стварэньняў, зьвяроў вялікіх і малых.
Караблі плаваюць па ім, і кіт агромністы там,* якога Ты стварыў на пацеху сабе.
Усе яны чакаюць ад Цябе,* каб Ты даў ім спажыву ў свой час.
Ты ім даеш, і яны падбіраюць,* расчыняеш руку Тваю, і яны поўняцца ўсякім дабром.
Калі ж Ты адвяртаеш твар Твой ад іх, яны трывожацца;* адымаеш дух ад іх, і яны гібеюць, і ў пыл зноў вяртаюцца.
Пасылаеш Духа Твайго, і яны ажываюць,* і Ты абнаўляеш твар зямлі.
Няхай слава Гасподняя трывае давеку,* хай Госпад цешыцца з твораў сваіх.
Ён гляне на зямлю, і яна дрыжыць,* дакранецца да гораў, і яны дымяцца.
Праз усё жыцьцё маё буду хваліць Госпада,* буду ў песьнях славіць Бога майго, пакуль буду жыць.
Няхай прыемнай Яму будзе песьня мая:* я радуюся ў Госпадзе.
Няхай счэзнуць грэшнікі з зямлі * і няхай ня будзе больш нягоднікаў.
Блаславі, душа мая, Госпада.
Сонца знае час захаду свайго;* Ты пасылаеш цемру і надыходзіць ноч.
Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе:* Ты ўсё мудра стварыў.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).
Сьвяцільныя малітвы (чытае сьвятар)
Падчас чытаньня 103 псалму сьвятар, стоячы з непакрытай галавой перад райскімі дзьвярыма, ціха моліцца сьвяцільныя малітвы.
1. Госпадзе шчодры і міласэрны, доўгацярплівы і багаты на ласку, уваж малітву нашу і пачуй голас маленьня нашага, пакажы нам знак спагадлівасьці Тваёй, накіруй нас на шлях Твой, каб мы маглі хадзіць у праўдзе Тваёй; напоўні радасьцю сэрцы нашы, каб нам баяцца імя Твайго сьвятога, бо Ты вялікі і творыш цуды. Ты – Бог адзіны і няма падобнага між багамі да Цябе, Госпадзе: Ты сільны ў дабрыні і добры ў моцы, здольны памагчы, суцешыць і збавіць тых, што спадзяюцца на імя сьвятое Тваё. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
2. Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі нас і ў гневе Тваім не карай нас, але ўчыні з намі згодна з Тваёй міласэрнасьцю, Лекару і Збавіцелю душ нашых. Накіруй нас да жаданага прыстанішча Твайго, прасьвятлі вочы нашы, каб нам пазнаць праўду Тваю; і дай нам рэшту гэтага дня і ўсе дні жыцьця нашага правесьці без граху і ў супакоі, малітвамі Багародзіцы і ўсіх сьвятых. Бо Твая ёсьць дзяржава, і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
3. Госпадзе Божа мой, будзь памятлівы нас грэшных і непатрэбных слугаў Тваіх, што клічуць імя сьвятое Тваё; і не пасаром нас у спадзяваньні Тваёй міласэрнасьці, але дай нам, Госпадзе, усё, што просім для нашага збаўленьня, і зрабі нас дастойнымі любіць і баяцца Цябе ад усяго сэрца нашага, і чыніць ува ўсім волю Тваю. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
4. Ты, якога ў несьціханых песьнях і нястомных усхваленьнях славяць сьвятыя сілы, напоўні сэрцы нашы хвалою Тваёю, каб нам аддаваць пашану імю Твайму сьвятому; і дай нам у спадчыне ўдзел з усімі, што пакланяюцца Табе ў праўдзе і захоўваюць Твае прыказаньні. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
4*. (Гэтая малітва дадаецца да агульнага ліку паводле старажытнай традыцыі). Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа ўсемагутны, што ведаеш розум людскі і патрэбы нашыя нашмат лепш, чым мы толькі можам прасіць або разумець іх. Ты, чалавекалюбны Ўладару, добры ва ўсім, з вялікае спагады Тваёй удастой нас з непарасаромленым сумленьнем клікаць сьвятое імя Тваё: і ня ўвядзі нас у спакусу, але выбаў нас ад злога, і провідам Тваім учыні, каб усё было нам на карысьць. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
5. Госпадзе, Госпадзе, Ты ўсё трымаеш Тваёй усячыстай рукою, Ты доўгацярплівы да нас і сумуеш з прычыны нашае нягоднасьці; памятай пра міласьць і ласку Тваю, наведай нас у дабрыні Тваёй і дай нам правесьці рэшту гэтага дня свабоднымі ад розных падкопаў нячыстага і, сілаю ўсесьвятога Твайго Духа, захавай наша жыцьцё ад усякіх напасьцяў. Міласэрнасьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
6. Божа вялікі і дзіўны, што невыказнай дабрынёю і багатым провідам Тваім кіруеш усім: Ты абдарыў нас зямнымі дабротамі і ў Тваёй дабрыні ўпэўніў нас у атрыманьні абяцанага валадарства. Зьбярогшы нас у сёньняшні дзень ад усяго благога, дай і рэшту яго правесьці беззаганна перад сьвятою славаю Тваёю і ўзьвялічваць Цябе, адзінага добрага і чалавекалюбнага Бога нашага. Бо Ты Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
7. Божа вялікі, усявышні, адзіны несьмяротны, што жывеш у недасяжным сьвятле! Ты ўсё, што існуе, мудра стварыў, аддзяліў сьвятло ад цемры, сонца ўстанавіў, каб днём кіравала, месяц і зоркі – ноччу. Ты ўдастоіў нас, грэшных, у гэтую хвіліну стаць перад Тваім абліччам і прыносіць Табе вячэрняе ўсхваленьне. Учыні, чалавекалюбны Ўладару, каб гэтая наша малітва ўзьнялася да Цябе, быццам кадзіла, і прымі яе як адмысловую духмянасьць. Дай, каб гэты вечар і ноч, што неўзабаве настане, былі мірнымі; апрані нас у зброю сьвятла, захавай нас ад страху начнога і ад усякай пагрозы, што крыецца ў цемры. Зрабі, каб наш сон, які Ты нам даў на адпачынак дзеля слабасьці нашай, быў вольным ад д’ябальскіх спакусаў. Так, Уладару, Падаўча ўсяго добрага, дай, каб мы і ўночы, лежачы на ложах нашых, з любоўю ўспаміналі Імя сьвятое Тваё; і, прасьветленыя ўспамінам запаветаў Тваіх, з радаснай душой усталі, каб славіць Тваю дабрыню, ахвяруючы міласэрнасьці Тваёй малітвы і просьбы за нашы правіны і за ўсіх людзей Тваіх, якіх, малітвамі Багародзіцы, наведай у спагадлівасьці Тваёй. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Екценьня супакою
Пасьля ўступнага псалма сьвятар вяртаецца ў алтар і становіцца перад прастолам, дыякан перад райскімі дзьвярыма ўголас узносіць екценьню супакою.
Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).
Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душаў нашых Госпаду памолімся.
– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых Цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.
– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.
– За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.
– За ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою нашае краіны, за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.
– За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе вёскі, гарады і краіны і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.
– За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.
– За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых, што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.
– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку Госпаду памолімся.
– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Чытаньне Псалтыра
У суботу вечарам, на сьвяты Багародзіцы і сьвятых, а таксама сьвяты Гасподнія (калі яны выпадаюць у нядзелю або панядзелак), сьпяваюцца наступныя выбраныя вершы з псалмаў 1-3:
Шчасьлівы той, * хто на раду да нязбожных ня ходзіць. Алілуя, алілуя, алілуя.
Бо Госпад ведае шлях праведных, * а шлях нязбожных згіне. Алілуя, алілуя, алілуя.
Служыце Госпаду са страхам, * слаўце Яго з трапятаньнем. Алілуя, алілуя, алілуя.
Шчасьлівыя ўсе, * што спадзяюцца на Яго. Алілуя, алілуя, алілуя.
Устань, Госпадзе, * збаў мяне, Божа мой. Алілуя, алілуя, алілуя.
У Госпада збаўленьне ёсьць, * і на людзях Тваіх – блаславеньне Тваё. Алілуя, алілуя, алілуя.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу,* цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Алілуя, алілуя, алілуя.
Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).
Малая екценьня
Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
"Госпадзе, Цябе клічу..."
Людзі стоячы сьпяваюць першыя вершы псалму 140 на тон першай песьні і патрэбныя вершы іншых псалмоў, чаргуючы іх з адпаведнай колькасьцю песьняў дня або сьвята; у міжчасе дыякан кадзіць царкву.
Псалом 140
Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне. * Пачуй мяне, Госпадзе! * Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне; * будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе. * Пачуй мяне, Госпадзе!
Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, * быццам кадзіла, * і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх. * Пачуй мяне, Госпадзе!
Наступныя вершы аж да “Вызваль з вязьніцы” звычайна чытаюцца:
Пастаў, Госпадзе, ахову вуснам маім * і сьцеражы дзьверы губ маіх.
Ня дай ухіліцца сэрцу майму да благога, * каб мне не шукаць прычыны для ўчынкаў нягодных.
З людзямі, якія чыняць бясчынствы: * хай не пакаштую прысмакаў іх.
Хай праведнік па-добраму карае і папраўляе мяне: * алей грэшнікаў не намасьціць галавы маёй.
Супраць злосьці іх я буду ўвесь час маліцца. * Уладары іх, расьсеяныя між скалаў,
Пачуюць, як лагодныя словы мае. * Быццам разараная зямля, так косьці іх раскіданыя па апраметнай.
Бо да Цябе, Госпадзе Божа мой, зьвернутыя вочы мае; * да Цябе прыбягаю: не загубі душы маёй.
Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, * ад пасткі людзей нягодных.
Хай усе нязбожныя ўпадуць у сеці свае, * я ж адзін перайду бясьпечна.
Псалом 141
Голасна клічу Госпада, * голасна да Госпада малюся.
Перад Ім сум мой выліваю, * пра тугу маю Яму распавядаю:
Дух мой зьнемагае ўва мне, * Ты ж ведаеш шляхі мае.
На дарозе, па якой іду, * паставілі пастку на мяне.
Гляджу ўправа, углядаюся: * няма нікога, хто б мне спагадаў;
Ня маю, куды ўцякаць: * няма нікога, хто б парупіўся аб душы маёй.
Цябе, Госпадзе, клічу; кажу: * Ты мая надзея, мой удзел у краіне жывых.
Будзь уважлівы да малітвы маёй, * бо я вельмі няшчасны.
Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, * бо яны мацнейшыя за мяне.
Калі ёсьць 10 песьняў, яны сьпяваюцца ў чаргаваньні з вершамі псалмоў, пачынаючы ад наступнага:
Вызваль з вязьніцы душу маю, * каб мне дзякаваць імю Твайму.
(Тон 2). Актоіх. Прыйдзіце, паклонімся Божаму Слову, народжанаму спрадвеку ад Айца і ад Дзевы цела прыняўшаму. Ён, пацярпеўшы на крыжы і аддаўшы Cябе на пахаваньне, як захацеў, уваскрос з мёртвых і збавіў мяне, заблуднага чалавека.
Праведнікі вакол мяне чакаюць, * калі Ты мне пакажаш спагадлівасьць Тваю.
Хрыстос, Збавіцель наш, адмяніў прысуд на нас, прыбіўшы яго да крыжа, і зьнішчыў сьмерці ўладу. Пакланяемся Ягонаму трохдзённаму ўваскрасеньню.
Пс 129. З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе: * Госпадзе, пачуй голас мой!
З арханёламі ўславім уваскрасеньне Хрыстова, бо Ён – Збаўца і Вызваліцель душаў нашых, і ў славе страшнай і вялікай сіле зноў прыйдзе судзіць сьвет, які Ён стварыў.
Хай вушы Твае будуць уважлівымі * да голасу маленьня майго.
Цябе, расьпятага і пахаванага, анёл назваў Уладаром і жанчынам сказаў: "Хадзіце, гляньце, дзе Госпад ляжаў, бо Ён, усемагутны, уваскрос, як прадказаў". Дзеля гэтага пакланяемся Табе, адзінаму несьмяротнаму. Жыцьцядаўча Хрысьце, зьмілуйся над намі.
Калі 6 песьняў – тады ад наступнага:
Калі памятлівы бясчынстваў нашых будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто зможа ўстаяць? * Але ж у Цябе адпушчэньне ёсьць.
(Тон 8). Сьвята. Слаўны цуд! Невыказная будучыня сёньня прадвяшчаецца, робіцца вядомай у бачных вобразах. Вось Божае сьвятло сьвету зазьзяла і прыводзіцца, быццам нявеста, у сьвяты дом. Усхвалім Яе як сьветлы Божы хорам, сьвяты і праменны, у якім зьмясціўся Хрыстос.
Дзеля імя Твайго спадзяюся на Цябе, Госпадзе: * душа мая чакае слова Твайго. Душа мая спадзяецца на Госпада.
Якім мудры разам з Ганнаю прынесьлі як прыемны дар Божае дзіця, Марыю Дзеву, Таму, Хто ласкава даў Яе ім. Ёю быў скасаваны сумны першы доўг. Дык усхвалім Яе набожна з радасьцю, бо Яна – Хадайніца радасьці для ўсяго сьвету.
Больш чым сьвітаньня чакае страж начны, * больш чым сьвітаньня, хай Ізраіль чакае Госпада.
Пойдзем у думках усе разам, каб са сьвечкамі веры праводзіць Дзеву, якая ўваходзіць сёньня ў Божую сьвятыню, будучы заручанай з Уладаром усіх, Хрыстом. Будзем спраўляць сьветлую ўрачыстасьць уваходу ў сьвятыню Тае, якая зьяўляецца радасьцю ўсіх.
Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго збаўленьне, * і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго.
(Тон 1). Мінэя. Горад Аляксандрыя красуецца сёньня і набожна спраўляе пачэсную памяць тваю, мучаніца Кацярына. Маліся за тых, што шануюць цябе.
Пс 116. Хваліце Госпада, усе народы, * слаўце Яго, усе людзі.
Сьвяткуем сёньня памяць Кацярыны, бо яна варожыя сілы словам і чынам мужна перамагла і зьнішчыла супраціўленьне ілжывых настаўнікаў. Малітвамі яе, Божа, вызваль нас ад нязбожных ворагаў.
Бо міласэрнасьць Ягоная ўмацавалася над намі * і вернасьць Гасподняя трывае давеку.
Радуйся, усяслаўная мучаніца Кацярына! Цела тваё пачэснае спачывае на Сынайскай гары, дзе Майсей бачыў незгаральны куст: Хрыстос захоўвае яго там да другога прыйсьця свайго.
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу (сьпяваецца стоячы да канца пракімена)
(Тон 2). Прыйдзем радасна на ўрачыстасьць Кацярыны мучаніцы і ўпрыгожым яе пахваламі, быццам кветкамі, усклікаючы: "Радуйся, бо ты выкрыла хлусьлівасьць вучоных прамоўцаў, паказала іхняе невуцтва і прывяла да боскай веры. Радуйся, нявеста нятленная, нязломная ў шматлікіх мучэньнях, на якія ты аддала цела дзеля любові да Творцы твайго; радуйся, бо, як узнагароду за мукі, ты атрымала жыльлё на вышынях і асалоду вечнае славы, у надзеі якое жывем усе мы, якія ў песьнях славім цябе".
цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
(Тон 2). Дагматык. Цень Закону мінуў з прыйсьцем ласкі: як некалі куст, ахоплены агнём, не згараў, так і Ты, Дзева, пасьля родаў дзеваю засталася; замест слупа вогненнага Сонца праведнае зазьзяла; замест Майсея – Хрыстос, Збавіцель душаў нашых.
Уваход
Падчас сьпяваньня “ Слава... Цяпер...” сьвятар, апрануўшы фелонь, адкрыўшы райскія дзьверы, і дыякан з кадзілам робяць уваход. Стаўшы перад райскімі дзьвярыма:
Дыякан (кажа ціха): Госпаду памолімся.
Сьвятар (ціха): Вечарам, і раніцай, і апоўдні хвалім, бласлаўляем, дзякуем і молімся Табе, Уладару ўсіх; накіруй малітву нашую, быццам кадзіла перад Табою, і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да благіх словаў і думак; але выбаў нас ад усіх, што жадаюць злавіць душы нашыя; бо вочы нашыя, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя да Цябе і на цябе спадзяемся, дык не пасаром нас, Божа наш. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Дыякан: Блаславі, ойча, сьвяты ўваход.
Сьвятар (бласлаўляе ўваход): Блаславёны ўваход сьвятых Тваіх на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Дыякан: Амін.
Як толькі скончыцца сьпеў, дыякан, робячы кадзілам знак крыжа, кажа ўголас:
Дыякан: Мудрасьць, устаньце!
На пачатак сьпеву ў храме запальваецца сьвятло.
Людзі: Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага, сьвятога, блаславёнага – Ісусе Хрысьце! Дажыўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло, славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога. Дастойна ёсьць на ўсякі час чыстымі галасамі пяяць хвалу Тваю, Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.
Дыякан: Будзьма ўважлівыя.
Сьвятар (бласлаўляе людзей): Мір усім!
Людзі: І твайму духу.
Дыякан: Мудрасьць. Будзьма ўважлівыя.
Пракімен
У суботу вечарам (Пс 92:1,5), тон 6.
Госпад пануе, * Ён апрануўся ў красу.
Верш 1. Апрануўся Госпад у сілу * і падперазаўся.
Верш 2. Ён умацаваў сусьвет, * што не зварухнецца.
Верш 3. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, * праз усе дні.
Пасьля пракімена - чытаньні са Сьвятога Пісаньня (парэміі). Перад кожным чытаньнем дыякан кажа: “ Мудрасьць”, - і чытальнік абвяшчае назву чытаньня. Тады дыякан кажа: “ Будзьма ўважлівыя”, - пасьля чаго чытальнік пачынае чытаць адпаведны ўрывак са Сьвятога Пісаньня (парэмію). Калі чытаюцца ўрыўкі са Старога Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца. Калі чытанні з Новага Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца пасьля чытаньняў.
Екценьня ўзмоцненага маленьня
Дыякан, стоячы перад зачыненымі райскімі дзьвярыма, узносіць екценьню. Калі сьвятар служыць без дыякана, сьвятар узносіць екценьню, стоячы перад прастолам. Райскія дзьверы зачыненыя.
Дыякан: Скажам усе разам ад усяе душы і ад усяе думкі нашае скажам.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).
Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя), за братоў нашых сьвятароў, дыяканаў і манахаў і ўсіх братоў і сёстраў нашых у Хрысьце.
– Яшчэ молімся за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою нашае краіны, за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.
– Яшчэ молімся за годных памяці заснавальнікаў гэтай сьвятой царквы і за ўсіх раней адышоўшых айцоў і братоў нашых, якія тут і на кожным іншым месцы спачываюць.
– Яшчэ молімся за дабрачынцаў гэтай сьвятой царквы, за тых, што прыносяць дары, працуюць і сьпяваюць у ёй, і за ўсіх тут прысутных людзей, якія чакаюць ад Цябе багацьця Твайго зьмілаваньня.
Сьвятар: Бо Ты – міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Малітва ўслаўленьня (сьпяваецца стоячы)
Чытальнік: Дай, Госпадзе, у гэты вечар * захавацца нам без граху.
Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, * і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.
Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, * бо мы ўсклалі надзею на Цябе.
Блаславёны Ты, Госпадзе: * навучы мяне Тваіх запаветаў.
Блаславёны Ты, Уладару, * дай мне зразумець Твае запаветы.
Блаславёны Ты, Сьвяты, * прасьвятлі мяне запаветамі Тваімі.
Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, вечна трывае: * не пагардзі творамі рук Тваіх.
Табе належыцца хвала, Табе належыцца песьня, * Табе слава належыцца,
Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, * цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Екценьня просьбаў
Дыякан: Дапоўнім вячэрнюю малітву нашую Госпаду.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Каб увесь гэты вечар быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім.
Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Так пасьля наступных прашэньняў).
Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка, апекуна душаў і целаў нашых у Госпада просім.
– Прабачэньня і адпушчэньня грахоў і правінаў нашых у Госпада просім.
– Усяго, што добрае і карыснае для душ нашых, і супакою для сьвету ў Госпада просім.
– Каб далейшы цяг жыцьця нашага ў супакоі і пакаяньні правесьці, у Госпада просім.
– Хрысьціянскага канца жыцьця нашага, бязбольнага, бездакорнага, спакойнага і добрага адказу на Страшным судзе Хрыстовым просім.
– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Ты – добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Сьвятар: Мір усім! (Бласлаўляе людзей).
Людзі: І твайму духу.
Дыякан: Галовы нашыя перад Госпадам схілім.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар (ціха): Госпадзе Божа наш, які нахіліў неба і зышоў для збаўленьня роду людзкога, глянь на слугаў Тваіх і на набытак Твой; бо вось слугі Твае схілілі галовы і сагнулі шыі свае перад Табою, страшным і чалавекалюбным Судзьдзёю, чакаючы дапамогі не ад людзей, але спадзеючыся на Тваю міласэрнасьць і жадаючы Твайго збаўленьня. Дык ахоўвай нас паўсякчасна – і ў гэты вечар, і ў ноч, што надыходзіць, – ад усякага непрыяцеля і варожага дзеяньня, ад думак марных і благіх успамінаў.
(Уголас) Хай моц валадарства Твайго, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, будзе блаславёная і праслаўленая цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Вершапесьні
(Тон 2). Актоіх. Уваскрасеньнем Тваім, Хрысьце, Ты прасьвятліў увесь сусьвет і паклікаў да Сябе ўсё стварэньне. Госпадзе ўсемагутны, слава Табе!
Верш: Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу.* Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.
Дрэвам крыжовым, Хрысьце, Ты адмяніў праклён дрэва райскага, і пахаваньнем Тваім Ты зьнішчыў сьмерці ўладу, і прасьвятліў род наш уваскрасеньнем Тваім. Дзеля гэтага славім Цябе, усклікаючы: "Жыцьцядаўча Хрысьце, Божа наш, слава Табе!"
Верш: Ён умацаваў сусьвет,* што не зварухнецца.
Калі Ты, Хрысьце, павіс на крыжы, уся краса стварэньня пацьмянела; жаўнеры паказалі нялюдзкасьць сваю, прабіўшы кап'ём бок Твой; і габрэі, ня ведаючы Тваёй сілы, дамагаліся паставіць пячаці на магіле Тваёй. Але дзеля бязьмежнай міласэрнасьці, якую маеш у сэрцы Тваім, Ты прыняў пахаваньне і на трэці дзень уваскрос. Госпадзе, слава Табе!
Верш: Дому Твайму належыцца сьвятасьць,* Госпадзе, праз усе дні.
Жыцьцядаўча Госпадзе, Ты дабравольна пацярпеў мукі дзеля нас, сьмяротных, і зышоў да пекла ў сіле. Там, быццам ад лютага зьвера, Ты выхапіў тых, што чакалі Цябе, і даў ім на жыльлё замест пекла рай. І нам, якія славім трохдзённае ўваскрасеньне Тваё, даруй адпушчэньне грахоў і багацьце зьмілаваньня Твайго.
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін
(Тон 8). Сьвята. Давід прадвясьціў аб Табе, Усячыстая, прадбачачы ўваход Твой у сьвятыню. Сёньня, Усяхвальная, усе мы сьвяткуем яго і славім Цябе, якая, будучы Маці Слова Жыцьця, была дзеваю перад родамі і пасьля родаў засталася нятленнаю. Сёньня цешыцца Захар у сьвятыні, прымаючы Цябе, Уладарка, і Сьвятое Сьвятых радуецца, агарнуўшы Цябе, Крыніцу жыцьця нашага. І мы таксама ўсклікаем Табе: "Малі за нас Сына Твайго і Бога нашага дараваць нам веліч зьмілаваньня".
Песьня Сімяона Богапрыймальніка (сьпяваецца стоячы)
Людзі: Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго. (Лк 2:29-32).
Чытальнік: Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Адпушчальныя трапары
(Тон 2). Уваскросны. Калі Ты зышоў да сьмерці, Жыцьцё несьмяротнае, * Ты зьнішчыў пекла зьзяньнем боскасьці Тваёй; * калі ж Ты і памерлых * з апраметнай уваскрасіў, * усе сілы нябесныя ўсклікнулі: * "Жыцьцядаўча Хрысьце Божа наш, слава Табе!"
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу
(Тон 4). Мінэя. Дабрадзейнасьцямі, быццам промнямі сонечнымі, ты прасьвятліла паганскіх мудрацоў і для тых, што поначы ходзяць, ты была месяцам ясным, што цемру няверы разганяе, Богам пакліканая нявеста Кацярына блаславёная. Прывёўшы царыцу да веры і выкрыўшы лютасьць мучыцеля, ты, поўная жаданьня, увайшла ў хорам нябесны да цудоўнага Жаніха Хрыста, каб атрымаць ад Яго вянец перамогі. Стоячы цяпер перад Ім разам з анёламі, маліся за ўсіх нас, якія сьвяткуем памяць тваю.
цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
(Тон 4). Сьвята. Сёньня правобраз Божае спагады і абвяшчэньне збаўленьня людзям: Дзева яўна ў Дом Божы ўваходзіць і Хрыста ўсім прадвяшчае. Усклікнем жа ёй на ўвесь голас: "Радуйся, провіду Божага спаўненьне".
Вялікі водпуст
Дыякан: Мудрасьць!
Людзі: Блаславі!
Сьвятар: Блаславёны сапраўды Хрыстос Бог наш на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін. Умацуй, Божа, сьвятую хрысьціянскую веру і ўсіх прававерных хрысьціянаў на век вякоў.
Сьвятар: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.
Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея нашая, слава Табе.
Людзі: Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся (Тройчы). Блаславі.
Сьвятар: робіць водпуст.
Хрыстос, праўдзівы Бог наш, Які ўваскрос з мёртвых, малітвамі ўсячыстае Свае Маці, сьвята Уваходу ў храм якой урачыста сьвяткуем, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў, сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога патрона царквы); сьвятой вялікамучаніцы Кацярыны, сьвятых, слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі, сьвятога сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу, сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён – добры і Чалавекалюбец.
Людзі: Амін.
Каментары: