Вялікая Вячэрня на нядзелю мытніка і фарысея, 21 студзеня (тон 1)

- . Апублікавана ў Часаслоў

Сьвятар, апрануўшы эпітрахіль і стаўшы перад райскімі дзьвярыма, пачынае:  

Сьвятар:  Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік:  Амін. Слава табе, Божа наш, слава Табе.

Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства і сіла, і слава Айца і Сына, і Сьвятога Духа цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.

Пасьля гэтага чытальнік пачынае чытаць уступны псалом 103. Падчас чытаньня сьвятар моліцца сьвяцільныя малітвы (гл. пасьля псалма).

Псалом 103

Блаславі, душа мая, Госпада:* Госпадзе Божа мой, Ты вялікі наўзьдзіў.

Ты апрануўся ў веліч і красу,* Ты ахутаўся сьвятлом, быццам плашчом.

Ты расьцягнуў неба, быццам шацёр,* хорамы Твае над водамі паставіў.

Ты робіш з хмараў калясьніцу сабе,* ходзіш на крылах ветру.

Ты чыніш вятры пасланцамі Тваімі * і слугамі Тваімі – полымя агню.

Ты ўмацаваў зямлю на асновах яе:* не пахісьнецца павек вякоў.

Безданьню, быццам вопраткаю, пакрыў Ты яе:* воды над гарамі сталі.

Ад пагрозы Тваёй яны ўзад падаліся,* ад грому голасу Твайго задрыжэлі.

Горы ўзьняліся, даліны зышлі ў месцы,якія Ты ім назначыў.

Ты ўстанавіў межы, якіх ім не перайсьці,* каб не пакрыць зноў зямлю.

Ты пасылаеш крыніцы ў рэкі,* што плывуць у далінах між гораў.

З іх п’юць усе зьвяры польныя,* аслы дзікія ў іх смагу сваю гасяць.

Каля іх птушкі нябесныя жывуць:* між скалаў чутны сьпеў іх.

З хорамаў Тваіх навадняеш горы:* зямля поўніцца плодам твораў Тваіх.

Ты вырошчваеш траву для жывёлы,* зельле на пажытак чалавеку, каб ён мог здабыць сабе ежу з зямлі:

Віно, што весяліць сэрца чалавека; аліву, што робіць твар сьветлым;* хлеб, што сэрца чалавека ўмацоўвае.

Дрэвы нізінныя маюць удосталь соку * – кедры лібанскія, што іх насадзіў.

Там птушкі маюць гнёзды свае,* бусьлінае жыльлё ўзвышаецца над імі.

Горы высокія для дзікіх козаў,* шчыліны скалаў – сховішча для грызуноў.

Ты стварыў месяц, каб паказваў поры;сонца знае час захаду свайго.

Пасылаеш цемру і надыходзіць ноч,* падчас якое выходзяць усе зьвяры лясныя.

Львяняты рыкаюць, шукаючы здабычы,* просячы ў Бога спажывы сабе.

Як толькі сонца ўзыдзе, яны хаваюцца і кладуцца ў логавах сваіх.

Выходзіць чалавек да справаў сваіх * і да работы сваёй да вечара.

Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе!Ты ўсё мудра стварыў: зямля поўная стварэньняў Тваіх.

Вось мора вялікае і прасторнае:* у ім рухаецца безьліч стварэньняў, зьвяроў вялікіх і малых.

Караблі плаваюць па ім, і кіт агромністы там,* якога Ты стварыў на пацеху сабе.

Усе яны чакаюць ад Цябе,каб Ты даў ім спажыву ў свой час.

Ты ім даеш, і яны падбіраюць,* расчыняеш руку Тваю, і яны поўняцца ўсякім дабром.

Калі ж Ты адвяртаеш твар Твой ад іх, яны трывожацца;* адымаеш дух ад іх, і яны гібеюць, і ў пыл зноў вяртаюцца.

Пасылаеш Духа Твайго, і яны ажываюць,* і Ты абнаўляеш твар зямлі.

Няхай слава Гасподняя трывае давеку,* хай Госпад цешыцца з твораў сваіх.

Ён гляне на зямлю, і яна дрыжыць,* дакранецца да гораў, і яны дымяцца.

Праз усё жыцьцё маё буду хваліць Госпада,* буду ў песьнях славіць Бога майго, пакуль буду жыць.

Няхай прыемнай Яму будзе песьня мая:* я радуюся ў Госпадзе.

Няхай счэзнуць грэшнікі з зямлі * і няхай ня будзе больш нягоднікаў.

Блаславі, душа мая, Госпада.

Сонца знае час захаду свайго;* Ты пасылаеш цемру і надыходзіць ноч.

Якое багацьце твораў Тваіх, Госпадзе:* Ты ўсё мудра стварыў.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).

Сьвяцільныя малітвы (чытае сьвятар)

Падчас чытаньня 103 псалму сьвятар, стоячы з непакрытай галавой перад райскімі дзьвярыма, ціха моліцца сьвяцільныя малітвы.

1. Госпадзе шчодры і міласэрны, доўгацярплівы і багаты на ласку, уваж малітву нашу і пачуй голас маленьня нашага, пакажы нам знак спагадлівасьці Тваёй, накіруй нас на шлях Твой, каб мы маглі хадзіць у праўдзе Тваёй; напоўні радасьцю сэрцы нашы, каб нам баяцца імя Твайго сьвятога, бо Ты вялікі і творыш цуды. Ты – Бог адзіны і няма падобнага між багамі да Цябе, Госпадзе: Ты сільны ў дабрыні і добры ў моцы, здольны памагчы, суцешыць і збавіць тых, што спадзяюцца на імя сьвятое Тваё. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

2. Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі нас і ў гневе Тваім не карай нас, але ўчыні з намі згодна з Тваёй міласэрнасьцю, Лекару і Збавіцелю душ нашых. Накіруй нас да жаданага прыстанішча Твайго, прасьвятлі вочы нашы, каб нам пазнаць праўду Тваю; і дай нам рэшту гэтага дня і ўсе дні жыцьця нашага правесьці без граху і ў супакоі, малітвамі Багародзіцы і ўсіх сьвятых. Бо Твая ёсьць дзяржава, і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

3. Госпадзе Божа мой, будзь памятлівы нас грэшных і непатрэбных слугаў Тваіх, што клічуць імя сьвятое Тваё; і не пасаром нас у спадзяваньні Тваёй міласэрнасьці, але дай нам, Госпадзе, усё, што просім для нашага збаўленьня, і зрабі нас дастойнымі любіць і баяцца Цябе ад усяго сэрца нашага, і чыніць ува ўсім волю Тваю. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

 4. Ты, якога ў несьціханых песьнях і нястомных усхваленьнях славяць сьвятыя сілы, напоўні сэрцы нашы хвалою Тваёю, каб нам аддаваць пашану імю Твайму сьвятому; і дай нам у спадчыне ўдзел з усімі, што пакланяюцца Табе ў праўдзе і захоўваюць Твае прыказаньні. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

4*.  (Гэтая малітва дадаецца да агульнага ліку паводле старажытнай традыцыі). Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа ўсемагутны, што ведаеш розум людскі і патрэбы нашыя нашмат лепш, чым мы толькі можам прасіць або разумець іх. Ты, чалавекалюбны Ўладару, добры ва ўсім, з вялікае спагады Тваёй удастой нас з непарасаромленым сумленьнем клікаць сьвятое імя Тваё: і ня ўвядзі нас у спакусу, але выбаў нас ад злога, і провідам Тваім учыні, каб усё было нам на карысьць. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

5. Госпадзе, Госпадзе, Ты ўсё трымаеш Тваёй усячыстай рукою, Ты доўгацярплівы да нас і сумуеш з прычыны нашае нягоднасьці; памятай пра міласьць і ласку Тваю, наведай нас у дабрыні Тваёй і дай нам правесьці рэшту гэтага дня свабоднымі ад розных падкопаў нячыстага і, сілаю ўсесьвятога Твайго Духа, захавай наша жыцьцё ад усякіх напасьцяў. Міласэрнасьцю і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыватворчы Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

6. Божа вялікі і дзіўны, што невыказнай дабрынёю і багатым провідам Тваім кіруеш усім: Ты абдарыў нас зямнымі дабротамі і ў Тваёй дабрыні ўпэўніў нас у атрыманьні абяцанага валадарства. Зьбярогшы нас у сёньняшні дзень ад усяго благога, дай і рэшту яго правесьці беззаганна перад сьвятою славаю Тваёю і ўзьвялічваць Цябе, адзінага добрага і чалавекалюбнага Бога нашага. Бо Ты Бог наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

7. Божа вялікі, усявышні, адзіны несьмяротны, што жывеш у недасяжным сьвятле! Ты ўсё, што існуе, мудра стварыў, аддзяліў сьвятло ад цемры, сонца ўстанавіў, каб днём кіравала, месяц і зоркі – ноччу. Ты ўдастоіў нас, грэшных, у гэтую хвіліну стаць перад Тваім абліччам і прыносіць Табе вячэрняе ўсхваленьне. Учыні, чалавекалюбны Ўладару, каб гэтая наша малітва ўзьнялася да Цябе, быццам кадзіла, і прымі яе як адмысловую духмянасьць. Дай, каб гэты вечар і ноч, што неўзабаве настане, былі мірнымі; апрані нас у зброю сьвятла, захавай нас ад страху начнога і ад усякай пагрозы, што крыецца ў цемры. Зрабі, каб наш сон, які Ты нам даў на адпачынак дзеля слабасьці нашай, быў вольным ад д’ябальскіх спакусаў. Так, Уладару, Падаўча ўсяго добрага, дай, каб мы і ўночы, лежачы на ложах нашых, з любоўю ўспаміналі Імя сьвятое Тваё; і, прасьветленыя ўспамінам запаветаў Тваіх, з радаснай душой усталі, каб славіць Тваю дабрыню, ахвяруючы міласэрнасьці Тваёй малітвы і просьбы за нашы правіны і за ўсіх людзей Тваіх, якіх, малітвамі Багародзіцы, наведай у спагадлівасьці Тваёй. Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Екценьня супакою 

Пасьля ўступнага псалма сьвятар вяртаецца ў алтар і становіцца перад прастолам, дыякан перад райскімі дзьвярыма ўголас узносіць екценьню супакою.

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душаў нашых Госпаду памолімся.

– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых Цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

– За гэтую сьвятую царкву і тых, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

– За Сьвятога Айца нашага сусьветнага біскупа … (імя)  Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя), пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.

– За ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою нашае краіны, за  Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.

– За гэты горад (гэтую вёску), за ўсе вёскі, гарады і краіны і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

– За добрае надвор’е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.

– За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых, што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.

– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку Госпаду памолімся.

– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе. 

Сьвятар: Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Чытаньне Псалтыра 

У суботу вечарам, на сьвяты Багародзіцы і сьвятых, а таксама сьвяты Гасподнія (калі яны выпадаюць у нядзелю або панядзелак), сьпяваюцца наступныя выбраныя вершы з псалмаў 1-3:

Шчасьлівы той, * хто на раду да нязбожных ня ходзіць. Алілуя, алілуя, алілуя.

Бо Госпад ведае шлях праведных, * а шлях нязбожных згіне. Алілуя, алілуя, алілуя.

Служыце Госпаду са страхам, * слаўце Яго з трапятаньнем. Алілуя, алілуя, алілуя.

Шчасьлівыя ўсе, * што спадзяюцца на Яго. Алілуя, алілуя, алілуя.

Устань, Госпадзе, * збаў мяне, Божа мой. Алілуя, алілуя, алілуя.

У Госпада збаўленьне ёсьць, * і на людзях Тваіх – блаславеньне Тваё. Алілуя, алілуя, алілуя.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу,* цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Алілуя, алілуя, алілуя.

Алілуя, алілуя, алілуя: слава Табе, Божа. (Тройчы).

Малая екценьня

Дыякан:  Яшчэ і яшчэ ў супакоі Госпаду памолімся.

Людзі:  Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан:  Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі:  Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан:  Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, най­бла­сла­вё­ную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі:  Табе, Госпадзе.

Сьвятар:  Бо Твая ёсьць дзяржава і Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі:  Амін.

Госпадзе, Цябе клічу...” 

Людзі стоячы сьпяваюць першыя вершы псалму 140 на тон першай песьні і патрэбныя вершы іншых псалмоў, чаргуючы іх з адпаведнай колькасьцю песьняў дня або сьвята; у міжчасе дыякан кадзіць царкву. 

Псалом 140

Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне. * Пачуй мяне, Госпадзе!  Госпадзе, Цябе клічу: пачуй мяне;  будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе. Пачуй мяне, Госпадзе!

Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, * быццам кадзіла, * і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх. Пачуй мяне, Госпадзе! 

Наступныя вершы аж да “Вызваль з вязьніцы” звычайна чытаюцца:

Пастаў, Госпадзе, ахову вуснам маім * і сьцеражы дзьверы губ маіх.

Ня дай ухіліцца сэрцу майму да благога, * каб мне не шукаць прычыны для ўчынкаў нягодных.

З людзямі, якія чыняць бясчынствы: * хай не пакаштую прысмакаў іх.

Хай праведнік па-добраму карае і папраўляе мяне: * алей грэшнікаў не намасьціць галавы маёй.

Супраць злосьці іх я буду ўвесь час маліцца. * Уладары іх, расьсеяныя між скалаў,

Пачуюць, як лагодныя словы мае. * Быццам разараная зямля, так косьці іх раскіданыя па апраметнай.

Бо да Цябе, Госпадзе Божа мой, зьвернутыя вочы мае; * да Цябе прыбягаю: не загубі душы маёй.

Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, * ад пасткі людзей нягодных.

Хай усе нязбожныя ўпадуць у сеці свае, * я ж адзін перайду бясьпечна.

Псалом 141

Голасна клічу Госпада, * голасна да Госпада малюся.

Перад Ім сум мой выліваю, * пра тугу маю Яму распавядаю:

Дух мой зьнемагае ўва мне, * Ты ж ведаеш шляхі мае.

На дарозе, па якой іду, * паставілі пастку на мяне.

Гляджу ўправа, углядаюся: * няма нікога, хто б мне спагадаў;

Ня маю, куды ўцякаць: * няма нікога, хто б парупіўся аб душы маёй.

Цябе, Госпадзе, клічу; кажу: * Ты мая надзея, мой удзел у краіне жывых.

Будзь уважлівы да малітвы маёй, * бо я вельмі няшчасны.

Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, * бо яны мацнейшыя за мяне.

Калі ёсьць 10 песьняў, яны сьпяваюцца ў чаргаваньні з вершамі псалмоў, пачынаючы ад наступнага:

Вызваль з вязьніцы душу маю, * каб мне дзякаваць імю Твайму.

(Тон 1). Актоіха. Вячэрнія нашы малітвы прымі, сьвяты Госпадзе, і дай нам адпушчэньне грахоў, бо Ты Адзіны, Які паказаў сьвету ўваскрасеньне.

Праведнікі вакол мяне чакаюць, * калі Ты мне пакажаш спагадлівасьць Тваю.

Абыдзіце, людзі, Сыён і абдыміце яго, і аддайце славу Таму, Хто ў ім з мёртвых уваскрос, бо Ён Бог наш, Які выбавіў нас ад беззаконьняў нашых.

Пс 129. З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе: * Госпадзе, пачуй голас мой!

Прыйдзіце, людзі, усхвалім у песьнях Хрыста і паклонімся Яму, бо Ён – Бог наш, Які выбавіў нас ад варожай маны.

Хай вушы Твае будуць уважлівымі * да голасу маленьня майго. 

Весяліцеся, нябёсы, загрыміце, асновы зямлі, горы, радасна ўсклікніце, бо вось Эмануэль грахі нашыя да крыжа прыбіў, жыцьцё дараваў і сьмерць умярцьвіў, і як Чалавекалюбец Адама ўзьняў.

Калі 6 песьняў – тады ад наступнага:

Калі памятлівы бясчынстваў нашых будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто зможа ўстаяць? * Але ж у Цябе адпушчэньне ёсьць.

Усхвалім у песьнях Таго, Хто дзеля нас на крыжы расьпяты быў, цярпеў і быў пахаваны, і на трэці дзень з мёртвых уваскрос, усклікнем: "Умацуй у праўдзівай веры Царкву Тваю, Хрысьце, і як добры і Чалавекалюбец даруй жыцьцю нашаму супакой".

Дзеля імя Твайго спадзяюся на Цябе, Госпадзе: * душа мая чакае слова Твайго. Душа мая спадзяецца на Госпада.

Стоячы перад Тваёй магілай, што зьмяшчала Жыцьцё, мы, недастойныя, прыносім хвалу невыказнай міласэрнасьці Тваёй, Хрысьце Божа наш, бо Ты, Бязгрэшны, крыж і сьмерць пацярпеў, хочучы як Чалавекалюбец дараваць сьвету ўваскрасеньне.

Больш чым сьвітаньня чакае страж начны, * больш чым сьвітаньня, хай Ізраіль чакае Госпада.

Беспачатнае і ўсюдыпрысутнае з Айцом Слова выйшла ў невыказны спосаб з дзявочага ўлоньня, крыж і сьмерць пацярпела і на трэці дзень уваскросла ў славе. Дык усхвалім Яго ў песьнях і ўсклікнем: "Слава Табе, Жыцьцядаўча Хрысьце, Збавіцелю душаў нашых!"

Бо ў Госпада міласэрнасьць і вялікае ў Яго збаўленьне, * і Ён вызваліць Ізраіля ад усіх беззаконьняў яго. 

(Тон 1). Трыёдзі. Ня будзем, браты, маліцца па-фарысэйску, бо той, хто сябе ўзвышае, будзе ўпакораны. Лепш упакорымся перад Богам і, посьцячы, усклікнем разам з мытнікам: "Божа, ачысьці нас грэшных!"

Пс 116. Хваліце Госпада, усе народы, * слаўце Яго, усе людзі.

Ня будзем, браты, маліцца па-фарысэйску, бо той, хто сябе ўзвышае, будзе ўпакораны. Лепш упакорымся перад Богам і, посьцячы, усклікнем разам з мытнікам: "Божа, ачысьці нас грэшных!"

Бо міласэрнасьць Ягоная ўмацавалася над намі * і вернасьць Гасподняя трывае давеку.

Фарысэй, апанаваны пыхаю, і мытнік, прыгнечаны пакаяньнем, прыйшлі да Цябе, адзінага Ўладара: першы з іх пахваліўся і быў пазбаўлены дабротаў; другі нічога не казаў і ўдастоіўся ласкаў. У чалавекалюбстве Тваім, Хрысьце Божа, умацуй ува мне жаль за грахі.

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу (сьпяваецца стоячы да канца пракімена)  

(Тон 8). Трыёдзі.  Усемагутны Госпадзе, ведаю сілу сьлёзаў: яны выратавалі Гэзэкію ад сьмерці, вызвалілі грэшніцу ад шматлікіх грахоў, мытніка апраўдалі перад фарысэем. Дык, малюся, далучы і мяне да ліку іх і зьмілуйся нада мною.

цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. 

(Тон 1). Дагматык. Сусьветную славу, што ад людзей нарадзілася і Ўладара нарадзіла, Дзьверы нябесныя, усхвалім Марыю Дзеву, анёлаў песьню і верных красу. Яна, стаўшыся небам і Боскім хорамам, зьнішчыла сьцяну варожасьці, устанавіла мір і адчыніла валадарства. Умацаваныя Ёю ў веры, мы знайшлі абаронцу ў Госпадзе, Які нарадзіўся ад Яе. Дык сьмела, людзі Божыя, будзьце добрай думкі, бо Ён як усемагутны ворагаў перамог.

 Уваход

Падчас сьпяваньня “ Слава... Цяпер...” сьвятар, апрануўшы фэлон, адкрыўшы райскія дзьверы, і дыякан з кадзілам робяць уваход. Стаўшы перад райскімі  дзьвярыма:

Дыякан (кажа ціха): Госпаду памолімся.

Сьвятар  (ціха): Вечарам, і раніцай, і апоўдні хвалім, бласлаўляем, дзякуем і молімся Табе, Уладару ўсіх; накіруй малітву нашую, быццам кадзіла перад Табою, і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да благіх словаў і думак; але выбаў нас ад усіх, што жадаюць злавіць душы нашыя; бо вочы нашыя, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя да Цябе і на цябе спадзяемся, дык не пасаром нас, Божа наш. Бо Табе належыцца ўсялякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Дыякан: Блаславі, ойча, сьвяты ўваход.

Сьвятар  (бласлаўляе ўваход): Блаславёны ўваход сьвятых Тваіх на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Дыякан: Амін. 

Як толькі скончыцца сьпеў, дыякан, робячы кадзілам знак крыжа, кажа ўголас:

Дыякан: Мудрасьць, устаньце!

На пачатак сьпеву ў храме запальваецца сьвятло.

Людзі: Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага, сьвятога, блаславёнага – Ісусе Хрысьце! Дажыўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло, славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога. Дастойна ёсьць на ўсякі час чыстымі галасамі пяяць хвалу Тваю, Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.

Дыякан: Будзьма ўважлівыя.

Сьвятар  (бласлаўляе людзей): Мір усім!

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Мудрасьць. Будзьма ўважлівыя.

Пракімен 

У суботу вечарам  (Пс 92:1,5), тон 6.

Госпад пануе, * Ён апрануўся ў красу. 

Верш 1. Апрануўся Госпад у сілу * і падперазаўся. 

Верш 2.  Ён умацаваў сусьвет, * што не зварухнецца. 

Верш 3.  Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, * праз усе дні.

Пасьля пракімена - чытаньні са Сьвятога Пісаньня (парэміі). Перад кожным чытаньнем дыякан кажа: “ Мудрасьць”, - і чытальнік абвяшчае назву чытаньня. Тады дыякан кажа: “ Будзьма ўважлівыя”, - пасьля чаго чытальнік пачынае чытаць адпаведны ўрывак са Сьвятога Пісаньня (парэмію). Калі чытаюцца ўрыўкі са Старога Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца. Калі чытанні з Новага Запавету, райскія дзьверы зачыняюцца пасьля чытаньняў.

Екценьня ўзмоцненага маленьня

Дыякан, стоячы перад зачыненымі райскімі  дзьвярыма, узносіць екценьню. Калі сьвятар служыць без дыякана, сьвятар узносіць екценьню, стоячы перад прастолам. Райскія дзьверы зачыненыя.

Дыякан: Скажам усе разам ад усяе душы і ад усяе думкі нашае скажам.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў).

Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага Сусьветнага біскупа … (імя) Папу Рымскага, за высокадастойнага архібіскупа (або: багалюбнага біскупа) нашага … (імя), за братоў нашых сьвятароў, дыяканаў і манахаў і ўсіх братоў і сёстраў нашых у Хрысьце.

– Яшчэ молімся за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою нашае краіны, за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас.

– Яшчэ молімся за годных памяці заснавальнікаў гэтай сьвятой царквы і за ўсіх раней адышоўшых айцоў і братоў нашых, якія тут і на кожным іншым месцы спачываюць.

– Яшчэ молімся за дабрачынцаў гэтай сьвятой царквы, за тых, што прыносяць дары, працуюць і сьпяваюць у ёй, і за ўсіх тут прысутных людзей, якія чакаюць ад Цябе багацьця Твайго зьмілаваньня.

Сьвятар: Бо Ты – міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Малітва ўслаўленьня  (сьпяваецца стоячы) 

Чытальнік: Дай, Госпадзе, у гэты вечар * захавацца нам без граху.

Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, * і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.

Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, * бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

Блаславёны Ты, Госпадзе: * навучы мяне Тваіх запаветаў.

Блаславёны Ты, Уладару, * дай мне зразумець Твае запаветы.

Блаславёны Ты, Сьвяты, * прасьвятлі мяне запаветамі Тваімі.

Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, вечна трывае: * не пагардзі творамі рук Тваіх.

Табе належыцца хвала, Табе належыцца песьня, * Табе слава належыцца,

Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, * цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Екценьня просьбаў

Дыякан: Дапоўнім вячэрнюю малітву нашую Госпаду.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Каб увесь гэты вечар быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім.

Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Так пасьля наступных прашэньняў).

Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка, апекуна душаў і целаў нашых у Госпада просім.

– Прабачэньня і адпушчэньня грахоў і правінаў нашых у Госпада просім.

– Усяго, што добрае і карыснае для душ нашых, і супакою для сьвету ў Госпада просім.

– Каб далейшы цяг жыцьця нашага ў супакоі і пакаяньні правесьці, у Госпада просім.

– Хрысьціянскага канца жыцьця нашага, бязбольнага, бездакорнага, спакойнага і добрага адказу на Страшным судзе Хрыстовым просім.

– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар: Бо Ты – добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвятар: Мір усім! (Бласлаўляе людзей).

Людзі: І твайму духу.

Дыякан: Галовы нашыя перад Госпадам схілім.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар (ціха): Госпадзе Божа наш, які нахіліў неба і зышоў для збаўленьня роду людзкога, глянь на слугаў Тваіх і на набытак Твой; бо вось слугі Твае схілілі галовы і сагнулі шыі свае перад Табою, страшным і чалавекалюбным Судзьдзёю, чакаючы дапамогі не ад людзей, але спадзеючыся на Тваю міласэрнасьць і жадаючы Твайго збаўленьня. Дык ахоўвай нас паўсякчасна – і ў гэты вечар, і ў ноч, што надыходзіць, – ад усякага непрыяцеля і варожага дзеяньня, ад думак марных і благіх успамінаў. 

(Уголас) Хай моц валадарства Твайго, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, будзе блаславёная і праслаўленая цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. 

Вершапесьні   

(Тон 1). Актоіха.  Мукамі Тваімі, Хрысьце, мы ад мукаў вызваліліся, і ўваскрасеньнем Тваім мы сталіся свабоднымі ад тленнасьці. Госпадзе, слава Табе!

Верш: Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу.* Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.

Хай радуюцца стварэньні, нябёсы хай цешацца, людзі хай весела пляскаюць у далоні: бо вось Хрыстос, наш Збавіцель, да крыжа прыгвазьдзіў грахі нашыя і, умярцьвіўшы сьмерць, дараваў нам жыцьцё, і паўшага праайца Адама ўзьняў як Чалавекалюбец.

Верш: Ён умацаваў сусьвет,* што не зварухнецца.

Ты, Уладару недасяжны неба і зямлі, дзеля чалавекалюбства даў Сябе дабравольна прыбіць да крыжа. Пекла сустрэла Цябе ўнізе і сумелася, а праведнікі прынялі Цябе з радасьцю; і Адам усьцешыўся, убачыўшы Цябе – Творцу – у падзямельлі. Што за цуд! Жыцьцё ўсіх пакаштавала сьмерці, каб прасьвятліць увесь сьвет, які ўсклікае: "Госпадзе, што ўваскрос з мёртвых, слава Табе!"

Верш: Дому Твайму належыцца сьвятасьць,* Госпадзе, праз усе дні.

Жанчыны-міраносіцы з духмянымі алейкамі, сьпяшаючыся, з плачам прыйшлі да магілы Тваёй. Не знайшоўшы там усячыстага цела Твайго і ад анёла пачуўшы пра новы і слаўны цуд, яны пайшлі абвясьціць апосталам, што Госпад уваскрос, даруючы сьвету багацьце свайго зьмілаваньня.

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу

(Тон 5). Трыёдзі.  Вочы мае ацяжэлі ад беззаконьняў маіх, і не магу ўзьняць іх, каб бачыць вышыню нябесную: але Ты, Збавіцелю, прымі мяне як мытніка ў пакаяньні і зьмілуйся нада мною.

цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін

(Тон 5). Багародзічны. Ты – сьвятыня і брама, хорам і пасад Уладара, Дзева ўсячыстая: Табою Збавіцель мой Хрыстос Бог тым, што сядзелі ў цемры, зьявіўся. Будучы Сонцам праведнасьці, Ён захацеў прасьвятліць тых, каго Ён стварыў на свой вобраз рукою сваёю. Дзеля гэтага, Усяхвальная, маючы мацярынскую ласку ў Яго, маліся няспынна за збаўленьне душаў нашых.

Песьня Сімяона Богапрыймальніка (сьпяваецца стоячы) 

Людзі: Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго. (Лк 2:29-32).

Чытальнік:  Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар:  Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі:  Амін. 

Адпушчальныя трапары

tr1

(Тон 1). Нядзельны. Хоць юдэі запячаталі магільны камень * і жаўнеры сьцераглі ўсячыстае цела Тваё,* Ты ўваскрос на трэці дзень, Хрысьце Спасе,* даруючы сьвету жыцьцё.* Дзеля гэтага сілы нябесныя ўсклікнулі Табе, Жыцьцядаўча:* "Слава ўваскрасеньню Твайму, Хрысьце,* слава валадарству Твайму,* слава провіду Твайму, адзіны Чалавекалюбча!"

Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

(Тон 1). Багародзічны. Як толькі пачуўся голас Габрыеля, які казаў Табе, Дзева: "Радуйся!", Уладар усіх узяў цела ад Цябе, сьвятая Скарбніца, як прадказаў праведны Давід. Ты сталася больш прасторнай за неба, бо насіла ў сабе Тварца ўсяго. Слава Таму, хто пасяліўся ў Табе; слава Таму, хто выйшаў з Цябе; слава Таму, хто вызваліў нас нараджэньнем сваім".

Вялікі водпуст

Дыякан: Мудрасьць!

Людзі: Блаславі!

Сьвятар: Блаславёны сапраўды Хрыстос Бог наш на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін. Умацуй, Божа, сьвятую хрысьціянскую веру і ўсіх прававерных хрысьціянаў на век вякоў.

Сьвятар: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.

Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея нашая, слава Табе.

Людзі: Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся (Тройчы). Блаславі.

Сьвятар: робіць водпуст.

Хрыстос, праўдзівы Бог наш, Які ўваскрос з мёртвых, малітвамі ўсячыстае Свае Маці, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў, сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога патрона царквы); сьвятога пачэснага Максіма Вызнаўцы, сьвятога мучаніка Неафіта, сьвятых слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятой маці нашай Еўфрасіньні Полацкай, асьветніцы Беларусі, сьвятога сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу, сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён – добры і Чалавекалюбец.

Людзі: Амін.

Каментары: