Адбылася ХІХ грэка-каталіцкая пілігрымка
ХІХ грэка-каталіцкая пілігрымка з Віцебска ў Полацк адбылася 10-14 ліпеня 2013 г. Болей за 60 пілігрымаў прайшлі шляхам св. Язафата ў намеры праслаўлення славаю святых пяці полацкіх мучанікаў, манахаў-базылянаў а. Канстанціна Заянчкоўскага, а. Тэафана Калбячынскага, а. Якуба Кізякоўскага, а. Якуба Кнышэвіча і бр. Язэпа Анкудовіча, забітых расейскім царом Пятром І у сценах Сафійскага сабору ў Полацку 11 ліпеня 1705 г.
Сёлетняй тэмай пілігрымкі сталі словы з малітвы перад Святым Прычасцем: “Веру, Госпадзе, і вызнаю…”. На працягу чатырох дзён шляху вернікі разважалі пра подзвіг веры вялікіх сведкаў Хрыста: святых Кірыла і Мятода, ісландскага місіянера Полацка - Торвальда Вандроўніка, святых Уладзіміра і Вольгі, святамучаніка Язафата, пяці полацкіх пакутнікаў ды іншых святых беларускага народу. Адной з вялікіх постацяў, з духоўнай спадчынай якой пазнаёміліся ўдзельнікі пілігрымкі, быў уніяцкі мітрапаліт Іпаці Пацей, які спачыў 400 год таму - 18 ліпеня (8 ліпеня за старым стылем) 1613 г.
Адначасова успамін 1150-годдзя славянскай місіі святых Кірыла і Мятода і 1025-годдзя Хросту Кіеўскай Русі глыбока яднае вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы з усімі спадкаемцамі тых вялікіх духоўных падзеяў. Пра гэта на шляху пілігрымкі гаварылі ў казаннях а. Андрэй Крот з Горадні, а. Андрэй Буйніч з Ліды ды а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст з Менску.
«Прыклад жыцця вялікіх постацяў нашай Уніяцкай Царквы, святароў і свецкіх асобаў, натхняюць мяне яшчэ больш канкрэтна любіць Бога, Царкву і Бацькаўшчыну. Гэтаму я вучуся кожны год на пілігрымцы з Віцебска ў Полацк», - сказаў Янка з Берасцейшчыны.
Каментары: