Х фестываль рэдэмптарысцкай моладзі

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

Х фестываль рэдэмптарысцкай моладзі прайшоў з 25 да 28 ліпеня 2013 г. у Львове (Украіна) у манастыры св. Альфонса Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў. У ім узялі ўдзел каля 350 прадстаўнікоў з 16 маладзёжных супольнасцяў, якія дзейнічаюць пры парафіях і храмах, у якіх служаць рэдэмптарысты. Упершыню ўдзел у ім узяла і маладзёжная супольнасць “Соль” грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі з Менску.

Тэмай фестывалю сталі словы прарока Ісаі: “Вось я, Госпадзе, пашлі мяне” (Іс. 6, 8). Прысвечаны ён быў 100-гадоваму юбілею служэння рэдэмптарыстаў візантыйскага абраду ва Украіне.

Фестываль, як і належыць, пачаўся малітвай: удзельнікі сабраліся ў царкве св. Язафата на Малебен да Найсвятой Багародзіцы. Тут прывітальнае слова да моладзі прамовіў а. Ігар Калеснік, протаігумен Львоўскай правінцыі рэдэмптарыстаў. Айцец на прыкладзе Марыі і Альжбеты стараўся данесці моладзі, што радасць не залежыць ад пораў года або жыццёвых абставінаў і заклікаў усіх ўзаемна дзяліцца радасцю Божай прысутнасці. "Сёння пачынаецца час радасці," - завяршыў слова а. Ігар. Увечары кожная супольнасць прадставіла сябе іншым.

У наступныя дні фестывалю адбылася творчая, а разам з тым інтэлэктуальная гульня "Брэйн-рынг", пабудаваная на пытаннях па гісторыі рэдэмптарыстаў ў свеце і ва Ўкраіне, а таксама на аснове Катэхізму УГКЦ «Хрыстос - наша Пасха". Адным з конкурсаў гульні быў "Супольнасць мае талент": выкананне банса супольнасцю "Святло Хрыста", выдатнае выкананне "Чарамшыны" хлопцамі са "Святла Марыі", малюнкі, якія з'яўляліся на паперы проста перад вачыма гледачоў, дэкламацыі вершаў, гумарэскі…

Футбольныя каманды, якія прадстаўлялі свае супольнасці, узялі ўдзел у чацвёртым розыгрышы Кубку св. Альфонса. У выніку ўпартай барацьбы галоўны трафей здабыла каманда “Светлячкі” супольнасці “Святло Хрыста” з г. Львова. Удзел у турніры прымалі таксама і хлопцы з Беларусі ў адзінай камандзе з моладдзю з Камянца-Падольскага (Украіна), якія, годна пазмагаўшыся за месца ў паўфінале, саступілі як раз пераможцам турніру.

Тэма фестывалю "Вось я, Госпадзе, пайшлі мяне" (Іс. 6, 8) стала таксама тэмаю творчых выступаў, якія падрыхтавалі ўсе супольнасці. Кожнае выступленне штурхала на роздумы, ці гатовыя мы сёння сказаць Богу: "Вось я, пашлі мяне".

"Мне спадабаўся выступ супольнасці з Беларусі, які паказвае, як хрысціянін можа ажыўляць і навяртаць людзей сваім прыкладам, а таксама выступ супольнасці "Кахавінскія зоркі". Ставіцца да людзей трэба так, як хочаш, каб ставіліся да цябе. Таксама важна не адварочвацца ад людзей, нават калі ў іх ёсць нейкія недахопы, трэба дапамагаць ім гэта пераадолець. Шмат хто ў свеце мае патрэбу ў нашай дапамозе. Таму трэба дапамагаць іншым, такім чынам, можна знайсці шмат сапраўдных сяброў", - дзеліцца ўражаннямі ад выступаў супольнасцяў Максім Цімафееў з Вінніцы.

27 ліпені калона з удзельнікаў фестывалю адправілася ў невялікую пілігрымку на Голоскаўскія могілкі, дзе пахаваны айцы і браты рэдэмптарысты, дзе памаліліся за памерлых. Пасля Панахіды пачалася праца ў групах, задачай якой было бліжэй пазнаёміцца з праведнікамі Кангрэгацыі: св. Альфонсам Лігуоры, св. Герардам Маелем, св. Кліментам Гофбауэрам, св. Янам Нойманам, блаславёнымі Януарыем Сарнэллі, Каспарам Штанганссінгерам, Францам Ксаверыем Зэлёсам, Мікалаем Чарнецкім, Васілём Велічкоўскім, Зянонам Кавалікам, Іванам Зяцікам, Пятром Дондэрсам, Мятодам Дамянікам Трчкой і Слугамі Божымі ўладыкам Уладзімерам Стернюком, а. Раманам Бахталоўскім, бр. Мар'янам Галанам.

Вітаючы рэдэмптарыстаў з іх юбілеем, моладзь падаравала букет з самаробных кветак, зробленых кожнай супольнасцю, адзначыўшы пры гэтым, што найлепшыя кветкі жыцця – дзеці, і сапраўдны букет кветах для духоўных бацькоў гэта моладзь, якая тут сабралася. Дзякуючы моладзі за прывітанне, протаігумен Львоўскай правінцыі рэдэмптарыстаў а. Ігар Каліснік звярнуў увагу на вялікі цуд – будучы манахам, мець столькі дзяцей.

Каб не паехаць з фестывалю, не пакінуўшы следу ў гісторыі, на "дарозе", спецыяльна падрыхтаванай да гэтага, усе ўдзельнікі пакінулі адбіткі далоняў ці ног. Гэтым цёплым імгненнем і падзякамі арганізатарам і ўдзельнікам і завершыўся Х фестываль рэдэмптарысцкай моладзі. Да новых сустрэч!

 

Каментары: