Менскія грэка-каталікі адзначылі 15-я ўгодкі смерці а. Яна Матусевіча

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

2 верасня 2013 г. менскія грэка-каталікі ў заўпакойнай малітве памянулі протапрэзбітара Яна Матусевіча ў 15-я ўгодкі ягонай смерці. Айцец Ян быў першым душпастырам грэка-каталікаў у Беларусі, які пачаў адкрытую душпастырскую дзейнасць, а пазней стаў пробашчам першай зарэгістраванай парафіі праведнага Язэпа ў Менску.

А 17:45 у касцёле Узвышэння Крыжа Гасподняга на Кальварыйскіх могілках апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архім. Сяргей Гаек узначаліў заўпакойную Боскую Літургію, у саслужэнні менскіх грэка-каталіцкіх святароў.

Пасля Літургіі на магіле была адслужаная Паніхіда. Слова прамовіў а. Андрэй Абламейка, які быў асабіста знаёмы з а. Янам. Сярод удзельнікаў малітвы былі шматлікія вернікі, якіх а. Ян хрысціў, вянчаў, рыхтаваў да споведзі. Былі таксама першыя семінарысты а. Яна: а. Андрэй Абламейка і а. Пахом Кавалёў.

***

«Гэта быў выбітны чалавек для Беларусі і беларускай культуры», - апавёў карэспандэнту "Свабоды" айцец Андрэй Абламейка. «Айцец Ян Матусевіч — першы дэкан Беларускай грэка-каталіцкай Царквы. З яго пачалося адраджэнне нашай Царквы ў Беларусі і асабліва ў Менску.
Першыя набажэнствы ён служыў, яшчэ будучы пробашчам рыма-каталіцкай парафіі ў Барунах, якая традыцыйна была грэка-каталіцкай. Там быў вялікі грэка-каталіцкі манастыр і дагэтуль захоўваецца і шануецца абраз Маці Божай Барунскай. Айцец Ян быў там 12 гадоў пробашчам.

У 1988 годзе пачаліся хросты ва ўсходнім абрадзе, і ён хрысціў моладзь, якая прыязджала да яго з Менску. Ён служыў набажэнствы па-беларуску. А 12 лістапада 1989 году адбылося першае святкаванне памяці святога Язафата, калі інтэлігенцыя і моладзь прыехала з Менску да яго ў Баруны.
З 90-га году ён быў дэканам БГКЦ, займаўся адраджэннем Царквы, стаяў ля вытокаў многіх грамадскіх арганізацый, быў душпастырам у скаўцкім руху і сузаснавальнікам Біблейскага таварыства ў Беларусі. Таксама ён быў першым пробашчам парафіі праведнага Язэпа ў Менску.

Плады яго дзейнасці — сённяшнія менскія і іншыя парафіі ў Беларусі, якія ён заклаў. Шмат каго ён пахрысціў, у тым ліку вядомых людзей з інтэлігенцыі, многіх вянчаў. Таксама ён падтрымаў пакліканне большасці святароў, якія сёння служаць, гэтак дзякуючы яму многія атрымалі пакліканне.

Ён нас гадаваў духоўна, быў нашым бацькам. Ён быў выбітны чалавек для Беларусі і беларускай культуры, бо служыў па-беларуску і развіваў рэлігійную беларускую мову. Айцец Ян — вельмі выбітная асоба для беларускай царкоўнай гісторыі».

svjazep.org

1378288648 ajms

1378288542 2013-09-02-779  1378288547 2013-09-02-775

1378288556 dsc08249 1378288559 2013-09-02-773

Каментары: