“Царква блізка моладзі”: у Менску адбылося незвычайнае спатканне

Аўтар: Адмін - . Апублікавана ў Навіны

22 верасня 2013 г. у грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску адбылося незвычайнае моладзевае спатканне. Нагодай для сустрэчы стаў дзень народзінаў айца-рэдэмптарыста Антона Нікалаева, які працуе ў гэтай парафіі. Па словах а. Антона, мэтай мерапрыемства было сабраць хрысціянскую моладзь, каб больш яе згуртаваць, а таксама запрасіць нецаркоўную моладзь, каб пазнаёміць з Царквой, з хрысціянскай моладзю.

Сяброў, як веруючых, так і няверуючых, якія вырашылі далучыцца да віншаванняў, у а. Антона аказалася вельмі шмат. А. Антон хацеў, каб моладзь мела магчымасць праявіць свае здольнасці. Ён вырашыў зрабіць канцэрт хрысціянскай музыкі, а таксама запрасіць сваіх знаёмых танцораў, з якімі яго аб’ядноўвае захапленне сучаснымі танцамі – брэйкдансам і поппінгам.

У выніку атрымалася сапраўднае свята моладзевых талентаў. Спачатку госці прынялі ўдзел у супольнай Літургіі, дзе падчас пропаведзі а. Антон распавёў пра тое, як зразумеў, што павінен быць лаўцом чалавечых душаў. Пасля малітвы адбыўся канцэрт хрысціянскай музыкі. Першым выступіў гурт ТНР, які выконваў як папулярныя хрысціянскія песні ў сваёй апрацоўцы, так і творы, аўтарам якіх з’яўляецца салістка гурта Маргарыта Дарожка. Потым са сваім сведчаннем да слухачоў звярнуўся Аляксандр Красоўскі, які таксама выканаў некалькі песен. Завяршыў канцэрт гурт Laudans, які прадставіў песні на вершы кс. Яна Твардоўскага, а таксама некалькі кампазіцый з новага рэпертуару.

Пасля невялікага перапынку, падчас якога можна было пазнаёміцца паміж сабой і падсілкавацца, пачалася танцавальная частка. Танчылі breakdance маладыя бібоі (танцоры брэйкдансу) Jollier, Арчы, Чафі і адзін з найлепшых бібояў СНД - bboy Open Space з наймацнейшай каманды Беларусі Hunters Crew (пад канец вечара завітаў яшчэ адзін удзельнік гэтай легендарнай каманды bboy Evil Mice, і яны разам узрадавалі нас цікавымі апавяданнямі пра падарожжы на спаборніцтвы па брэйкдансу (батлы) ў многія краіны свету). Таксама быў прадстаўлены танец popping, які танчылі маладыя танцоры Jazz і Kamikadze, а таксама 2 танцоры з імем Павал, якія ўжо не першы год займаюцца поппінгам. Разам з танцорамі выступіў хрысціянскі рэпер Alexio.

Завяршылася свята вогненным прадстаўленнем (фаер-шоу), якім павіншавала а. Антона яго знаёмая Яна.

Напрыканцы а. Антон сказаў: “Спадзяюся што гэта стала для нецаркоўнай моладзі сведчаннем, што Царква блізка з моладдзю, што можна цікава і крэатыўна адпачываць і праслаўляць Бога талентамі - музыкай і танцам, як Цар Давід”. Мы перакананыя, што так усё і атрымалася.

Ад імя ўсёй моладзі дзякуем а. Антону за гэтае свята і віншуем з Днём нараджэння! Дзякуем Вам, паважаны айцец Антон, за адважнае абвяшчэнне Евангелля, за прыклад таго, як дзякуючы свайму таленту можна прыводзіць людзей да Бога, за падтрымку ў развіцці хрысціянскай культуры. Жадаем Вам Божага благаславення на шляху Вашага паклікання, каб Вы і надалей заставаліся лаўцом чалавечых душаў для Валадарства Нябеснага!

Вераніка Лугіна

Каментары: